Умовы не горш, як у горадзе
«Ці ж вы тут будзеце ў маім доме жыць? Ці вам гэта трэба?», – калісьці гаварыла сваёй дачцэ Раісе, унукам і праўнукам ветэран працы ААТ «АграБаравінка» з Башнёў Таіса Міхайлаўна Буйнова. Яна пайшла з жыцця ў 90-гадовым узросце дзевяць гадоў таму. Родныя бацькоўскі дом не пакінулі і не прадалі…
Рэканструкцыяй дома пачалі займацца гадоў шэсць таму, расказала Раіса Юркова, дачка Таісы Буйновай Паступова справа стала сямейнай. Прыязджалі з Віцебска дачка Раісы Мікалаеўны Вольга з мужам Віталем і дзецьмі-школьнікамі, з Мінска – сын Дзмітрый з дарослым сынам Уладзіславам. Першае, з чаго пачалі – памянялі вокны на пластыкавыя, каб не прадзімалі вятры. Потым узяліся за ўнутраныя работы: разабралі рускую печку і склалі грубку-пліту, абабілі сцены, каб былі роўнымі, паклеілі шпалеры, уцяплілі падлогу і паклалі лінолеум.
«Дзеці працавалі дружна, але ўсё ж ідэя рэканструкцыі дома належыць зяцю Віталю, – кажа Раіса Мікалаеўна, якая пераехала з Наваполацка ў Башні і жыве тут пастаянна. – Віталь сам башнёўскі і вельмі любіць вёску. Яго слова было важкім, калі вырашылі рабіць да бацькоўскага дома прыбудову. Зрабілі з блокаў. У прыбудове размясцілі душавую кабіну, воданагравальнік, туалет. Адным словам, умовы не горш, як у горадзе».
Пасля прыступілі да знешняга аздаблення. Тут ішло марудна, бо на будматэрыялы трэба было назапасіць нямала грошай. Напрыклад, каб купіць металапрофіль на дах, спатрэбілася больш за тры тысячы рублёў. Прыкладна столькі пайшло, каб разлічыцца з брыгадай, якая займалася ўкладкай.
Калі зялёны металапрофіль упрыгожыў дах, узяліся за сцены. Выбралі бэжавае адценне – цёплае, прыгожае. І вось ужо, паглядзіце, стары дом на вуліцы Лугавой у аграгарадку Башні зажыў новым жыццём. На падворку выкапалі калодзеж, пасадзілі туі, мноства кветак, якім летам гаспадыня Раіса Мікалаеўна нарадавацца не можа. Да яе прыязджаюць дачка Вольга і сын Дзмітрый з сем’ямі.
Не толькі каб пасмажыць шашлыкі, пасядзець у зробленай сваімі рукамі альтанцы ці пагушкацца на арэлях, але і папрацаваць. На агародзе ўстаноўлены парнікі, сям’я саджае і даглядае бульбу. А яшчэ сямейства Юрковых праводзіць у дом электраацяпленне. Маюць планы рэканструяваць старую лазню, пабудаваць гараж, паставіць прыгожую агароджу вакол дома, акультурыць тэрыторыю са двара.
«Работы ў вёсцы для працавітых рук заўсёды знойдзецца, – робіць сваю выснову Раіса Мікалаеўна. – Дзеці і ўнукі мне вельмі дапамагаюць. Дапамагаю ім, чым магу, і я: частую смачнымі абедамі, забяспечваю іх дамашнімі яйкамі. Вясной буду саджаць яшчэ больш кветак каля дома, люблю, калі прыгожа пад вокнамі».
