Другая нічыя
У нядзелю, 11 мая, у другім туры рэгіянальнага этапа чэмпіянату Беларусі па футболе сярод мужчынскіх каманд 2-й лігі ФК «Шуміліна» дома прымаў браслаўскі ФК«Дрывяціч».
Першы тайм прайшоў у роўнай пазіцыйнай барацьбе без вострых момантаў, нападаючыя каманд «сядзелі» на сухім пайку. Пачатак другога тайму стаў нібы працягам першага. Праўда, пад сярэдзіну «Дрывяціч» правёў вострую атаку і павёў у ліку. Пасля прапушчанага гола шумілінцы пайшлі ў атаку, але да сапраўды галявых момантаў справа не даходзіла. У адным з момантаў ініцыятыву на сябе ўзяў нападаючы Яўген Калеснікаў: добра прайшоў па флангу, абыграўшы некалькіх сапернікаў, увайшоў у штрафную, дзе яго і збілі. Пенальці ўпэўнена рэалізаваў Ігар Спатар.
«Шуміліна» – «Дрывяціч» –1:1. Гэта другая нічыя шумілінскай каманды ў сезоне. Другія сустрэчы ў групе завяршыліся так: «Шаркоўшчына» – «Дзвіна» (Бешанковічы) – 5:2, «Партызан» (Ушачы) – «Докшыцы» – 4:1. Наступную гульню ФК «Шуміліна» правядзе 18 мая дома супраць лёзненскай каманды.
Аляксандр ШЭДЗЬКО

