Дарогі, пад’езды да могілак, асартымент аўталаўкі
З якімі пытаннямі на «прамую лінію» да старшыні райсавета звярнуліся грамадзяне 8 тэлефонных званкоў з просьбамі дапамагчы ў вырашэнні праблем паступіла 4 чэрвеня на «прамую лінію» да старшыні раённага Савета дэпутатаў Мікалая Будневіча. Адзін званок быў ад жыхаркі абласнога цэнтра, два — ад шумілінцаў, 5 — ад жыхароў населеных пунктаў раена.
Тычыліся пытанні камунальнай сферы, стану дарог, гандлёвага і транспартнага абслугоўвання.
Першай патэлефанавала сталая жыхарка Обалі і папрасіла дапамагчы з выдаленнем аварыйных дрэў на могілках старавераў у Шуміліне. Яна хоча паставіць агароджу і турбуецца, што дрэвы будуць перашкаджаць і несці небяспеку.
Паступіла просьба прагрэйдзіраваць разбітую дажджамі дарогу да могілак Вербялі.
Жыхарка Віцебска папрасіла старшыню райсавета пасадзейнічаць у вырашэнні трох пытанняў: абкос пад’езда да чыгуначнага прыпыначнага пункта ў Пушчы, рамонт пад’язной дарогі да могілак у Пушчы і выдаленне там аварыйных дрэў.
Таксама тры пытанні ў тэлефонным званку ўзняў жыхар вёскі Убоіна: хто будзе абкошваць тэрыторыю, прылеглую да яго ўчастка, калі знясуць пустуючы суседні дом і ці можна паставіць дадатковыя смеццевыя кантэйнеры бліжэй да яго дома (у вёсцы ўладкавана пляцоўка з двума кантэйнерамі, але ж у канцы населенага пункта). Па ўсіх пытаннях будзем разбірацца, вядома, з улікам заканадаўства, зазначыў Мікалай Аляксеевіч.
На падтапленне ўчастка паскардзілася жыхарка райцэнтра, якая жыве каля вакзала, і папрасіла дапамагчы вырашыць яе праблему. Яшчэ адна жыхарка Шуміліна папрасіла прагрэйдзіраваць вуліцу Ударную, інакш таксісты адмаўляюцца яе везці дадому.
Патэлефанавалі на «прамую лінію» жыхары вёскі Добрына і выказалі незадаволенасць асартыментам аўталаўкі спажыўтаварыства, якая пачала прыязджаць да іх пасля таго, як зачынілі мясцовы магазін.
Апошні званок быў ад жыхара Сіроціна. Мужчына не атрымаў адказу на запыт пра магчымасць зрабіць для маршруткі «Мінск-Гарадок» дадатковы прыпыначны пункт у Сіроціне. Будзем высвятляць, у чым справа, запэўніў старшыня раённага Савета дэпутатаў.
Мікалай Будневіч адзначыў, што па выніках «прамой лініі» складзены пратакол даручэнняў, у якім вызначаны адказныя службы і тэрміны рашэння зваротаў грамадзян.
Алена КАРПУШЭНКА.

