«Приятно, что нас тут ждали», – первыми впечатлениями поделились молодые специалисты из ОАО «АгроБоровинка» Шумилинского района

Молодёжь Сельское хозяйство

«Прыемна,  што  нас  тут  чакалі»

 Многа эмоцый і ўражанняў, лёгкае хваляванне за будучую работу і ўладкаванне быту – вось што адчуваюць маладыя спецыялісты, якія пасля заканчэння ВНУ ці каледжаў прыбываюць на сваё першае працоўнае месца.

Прыступілі да работы вясной у ААТ «АграБаравінка» аграном Аляксандр Каралько, заатэхнікі Дар’я Імбрасайтэ і Вікторыя Самарына. «Прыемна, што нас тут чакалі – рамонт у кватэры зрабілі, – кажа Вікторыя Самарына. – Хваляванняў практычна не было, бо ў гаспадарцы разам з Дар’яй праходзілі пераддыпломную практыку. Абедзве віцебскія, вучыліся ў розных школах, а пазнаёміліся і пасябравалі ў каледжы, бо трапілі ў адну групу.

«АграБаравінку» выбралі на апошнім курсе, бо транспартныя зносіны з абласным цэнтрам тут ідэальныя – з Язвіна ці Шуміліна можна даехаць у любы дзень».

Дзяўчаты жывуць у Башнях у двухпакаёвай кватэры, пасяліліся у адным пакоі – так весялей. У кватэры ёсць ложкі, канапа, стол, шафа, газавая пліта,

халадзільнік. У ваннай усталяваны бойлер, так што мыцца можна ў любы час. Гатуюць дзяўчаты па чарзе, кажуць, што ўмеюць і суп зварыць, і кашу.

Вікторыя Самарына як заатэхнік адказвае за кантроль дойкі, раздачу кармоў і іх якасць, умовы ўтрымання жывёлы і прафілактыку хвароб. Дар’я працуе

заатэхнікам-селекцыянерам, і яе фронт работы – узнаўленне статку, асемяненне, захаванне маладняку.

Моладзі ў рабоце дапамагаюць спецыялісты райсельгасхарчу, райплемстанцыі. Непасрэдным настаўнікам і дарадцам з’яўляецца дырэктар сельсгаспрадпрыемства Яўген Мурашка.

За сваю першую зарплату і пад’ёмныя Вікторыя купіла сабе абновы, а Дар’я грошы не траціла – збірае, каб вывучыцца на курсах ваджэння і атрымаць вадзіцельскае пасведчанне, а ў далейшым і аўтамабіль купіць.

Аляксандр Каралько закончыў Аршанскі дзяржаўны аграрны каледж, зараз на вагавой узважвае кармавыя рэйсы, вядзе дакументацыю. У самы бліжэйшы час яго чакае першая ў жыцці ўборачная, крыху пазней –арганізацыя сяўбы азімых і ўздым зябліва. Хлопцу прадаставілі асобны мэбляваны пакой у кватэры са зручнасцямі (у двух іншых пакоях жывуць спецыялісты сельскай гаспадаркі).

Сняданак і вячэру гатуе сам, а абед, як і механізатарам, яму дастаўляюць на рабочае месца, і Аляксандр гэтым задаволены.

На далёкую перспектыву моладзь не загадвае. Аляксандр з задавальненнем

пойдзе служыць у армію, калі не дадуць адтэрміноўку. Вікторыя і Дар’я мараць атрымаць вышэйшую адукацыю. Гэта можна зрабіць завочна, кажуць яны, працаваць і вучыцца адначасова, каб зарабляць уласныя грошы, а не сядзець у бацькоў на шыі. Ды і працоўныя рукі «АграБаравінцы» вельмі патрэбныя.

Ларыса ЗАЙЦАВА.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *