І вадзіцель-профі, і дыспетчар «фартовы»
У прафесію ратавальніка прыходзяць і застаюцца назаўсёды толькі сапраўдныя мужчыны: моцныя духам, рашучыя, гатовыя рызыкаваць сваім жыццём дзеля выратавання іншых. Менавіта з такой кагорты і старшы прапаршчык Сяргей Стафееў з райцэнтра – ветэран пажарнай службы, які аддаў прафесіі дваццаць год.
Сёння Сяргей Стафееў сцвярджае: калі б зноў прыйшлося стаць перад выбарам – прызванню не здрадзіў бы. Хаця ў прафесію прыйшоў, можна сказаць, выпадкова. «Пасля арміі працаваў вадзіцелем на адным з шумілінскіх прадпрыемстваў, пакуль сябар не прапанаваў пайсці вадзіцелем на пост у Обалі, – успамінае мужчына. – Падчас стажыроўкі ў Шуміліне зразумеў, што прафесія ратавальніка мне даспадобы. Хачу сказаць дзякуй вадзіцелю Міхаілу Раманенку, у якога стажыраваўся і з якім першы раз паехаў на пажар».
Потым былі чатыры гады службы вадзіцелем пажарнай машыны аварыйна-ратавальнага паста ў Обалі, перавод у аварыйна-ратавальную часць у Шуміліна. Сяргей Стафееў вадзіцелем адслужыў амаль 15 год. І са сваімі абавязкамі спраўляўся на сто працэнтаў. Памятае да дробязей пажар у Шуміліне. «Прыехалі на пажар жылога дома ў райцэнтры, – расказаў ратавальнік. – Полымя ахапіла дом. За байцом зайшоў у дом і я. Чамусьці павярнуў направа і ўбачыў, што ляжыць мужчына без прытомнасці. На руках вынес яго да медыкаў, якія аказалі першую медыцынскую дапамогу».
Помняцца і тарфяныя пажары ў 1999 і 2001 гадах. «Асабліва складанае становішча было ў 2001 годзе, – працягвае Сяргей Стафееў. – Гэта было сапраўды надзвычайнае становішча. Шумілінскія пажарныя літаральна адваёўвалі ў вогнішча сантыметр за сантыметрам тарфянікаў і не дазволілі агню перакінуцца на лясы».
С. Стафееў двойчы ўдзельнічаў у абласных спаборніцтвах сярод вадзіцеляў «Лепшы па прафесіі». У 2008 годзе заняў трэцяе месца, а праз два гады – стаў лепшым.
Апошнія пяць год Сяргей служыў дыспетчарам цэнтра аператыўнага кіравання РАНС. І гэта была зусім іншая служба. Між іншым, у райаддзеле Сяргея лічылі «фартовым» дыспетчарам, на змене якога часта не было выклікаў.
Прайшло амаль дзесяць год, як Сяргей Стафееў звольніўся з райаддзела, але сэрца яго засталося там, бо былых ратавальнікаў не бывае. Ён часта сам тэлефануе былым калегам, цікавіцца службай, ды і кіраўніцтва РАНС не забывае пра сваіх ветэранаў службы, запрашае на мерапрыемствы і заходзиць у госці. Такая ўвага дарагога каштуе.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.


