Прыгожая элегантная ружа – упрыгажэнне любога падворка. Ала Эдуардаўна Вароначкіна з аграгарадка Кардон даглядае цэлы разарый – больш за сорак кустоў розных гатункаў. Гаспадыня зараз знаходзіцца на заслужаным адпачынку і кажа, што можа дазволіць сабе такую раскошу.
«Вырошчваю ружы ўсё дарослае жыццё! Трыццаць гадоў адпрацавала поварам у мясцовай школе, бывала, часу на дамашнія справы не хапала, але на ружы заўсёды знаходзіла, – усміхаецца Ала Вароначкіна. – Не адпачну, не дасплю, але ружы прывяду ў парадак. Гэта ж такая прыгажосць! Бывала, змаруся вельмі ці настрой маю дрэнны, дык пайду да кветак – і яны даюць радасць!».
З кожным годам на падворку Алы Эдуардаўны становіцца больш ружаў. Дораць сябры і родныя (унук на дзень нараджэння прывёз некалькі – высадзіла ў палісаднік), купляе сама (набыла адзін з сартоў падчас “Славянскага базару” ў Віцебску, вырошчвае з чаранкоў). Ружы ў гаспадыні усюды – у палісадніку, на агародзе, каля сцежкі да хаты і нават каля прыдарожнай канавы. Многія з іх за лета цвітуць па два разы.
Але самі па сабе кветкі не растуць, патрэбны спецыяльны догляд. Толькі той, хто вырошчвае ружы, разумее, колькі сіл, энергіі і грошай трэба ўкладваць у захапленне. Мы папрасілі Алу Эдуардаўну падзяліцца галоўнымі сакрэтамі пасадкі і догляду. «Для пасадкі трэба выбіраць сонечныя ўчасткі, а ў ямку пакласці крыху перагною, – раіць гаспадыня.– Месца прышчэпкі трэба заглыбіць у зямлю на 3-4 сантыменты. Для фарміравання куста трэба рэгулярна абразаць пашкоджаныя галінкі. Ружы любяць рэгулярны паліў, але сёлетнім летам гэта не прыходзіцца рабіць – дажджы ідуць пастаянна. Часта ў пачатку лета на ружах з’яўляецца тля, таму трэба апрацаваць спецыяльным інсектыцыдам. Ну, і не варта забываць пра падкормкі – толькі пасля іх ружы аддзячаць багатым пышным цвіценнем. Вясной падкормліваю азотнымі ўгнаеннямі. Два разы летам – калійнымі. На зіму ружы пажадана ўкрыць яловымі лапкамі або спанбондам – каб не вымерзлі. Ну, а самае галоўнае – кветкі трэба даглядаць з любоўю».
На падворку Алы Вароначкінай растуць “фларыбунды”, “чайна-гібрыдныя” ружы, “куставыя”, “пляцістыя”, “спрэй”, “півоняпадобныя”. Калі некаму ў Кардоне патрэбны кветкі, вяскоўцы бягуць да Алы Эдуардаўны, ведаюць пра яе разарый.
У гаспадыні ў палісадніку яшчэ і лілеі растуць, і многія іншыя кветкі. Яны прыносяць радасць і задавальненне, паднімаюць настрой, упэўнена гаспадыня. А чым больш шчаслівых людзей – тым лепш.
Ларыса ЗАЙЦАВА.

