А не пошли бы вы … в баню. Как наш корреспондент решил попариться

Здоровье Мир увлечений Общество

Лазня ў Светласельскім: пара добрая!

З даўніх часоў для нашых продкаў лазня была не проста месцам для мыцця, яна давала адпачынак целу, здымала душэўную зморанасць.  Не дарэмна ж пра лазню народ прыдумаў столькі прымавак: памыўся, як нанова нарадзіўся; косці распарыць – усё цела паправіць; лазня хваробы з цела гоніць.

І сёння аўтарытэт лазні высокі, каштоўныя якасці пары па-ранейшаму прыцягваюць да сябе многа людзей. У тым ліку і ў нашым раёне. Напрыклад, грамадскую лазню ў аграгарадку Светласельскі ў мінулым годзе наведалі 3025 разоў, расказаў дырэктар УП ЖКГ Аляксей Шпакаў. У лазню можна дабрацца як пешшу, так і на веласіпедах, аўтамабілях, і нават на гарадскім аўтобусе – амаль чатыры гады таму рэйсы па пятніцах і суботах зрабілі да лазні – у 13.05 адпраўленне ад аўтавакзала з Шуміліна, у 16.30 рэйс назад. На мыццё – дзве гадзіны. Здаецца, дастаткова.

У мінулую пятніцу карэспандэнт раённай газеты наведала грамадскую лазню. Ветліва сустрэла касір Вольга Асташонак, расказала, што тут жа, на месцы, можна купіць венікі (яны, як і білет, каштуюць 5 рублёў), мыла, шампуні, гелі для душа, мачалкі, а ў міні-буфеце – напіткі, сокі, ліманады, вафлі, крэкеры. Па яе падліках розных напіткаў (асабліва разыходзіцца квас і мінералка) за два лазневыя дні выпіваюць больш за дваццаць літраў.

Вольга Іосіфаўна правяла экскурсію па лазні. Тут прасторная раздзявалка з 18 новымі шафамі. У мыечным аддзяленні праведзены рамонт, пакладзена новая плітка, усталяваны шырокія лаўкі. Тут жа размешчаны дзве душавыя. Парылка абабіта вагонкай, ёсць ніжняя, сярэдняя і верхнія ляжанкі для аматараў пары розных тэмператур. Побач знаходзіцца печка-каменка. А прапальваюць лазню, адзначым, толькі дрывамі – карысна для здароўя і экалагічна чыста.

Пасля лазні (на “мыечны сеанс” адводзяцца дзве гадзіны) можна перавесці дух у пакоі для адпачынку – тут усталяваны лаўкі з шырокім сталом. На мінулым тыдні за пятніцу-суботу лазню наведала амаль 60 чалавек. Мужчын было крыху больш, чым жанчын. Самы сталы наведвальнік лазні размяняў дзявяты дзясятак гадоў, а самаму маленькаму, які мыўся разам з бацькам, не было і годзіка.

Наведвальнікі пакідаюць запісы ў кнізе заўваг і прапаноў, і ўсе яны станоўчыя. Чытаем: ”Дзякуй за чысціню і абслугоўванне лазні, выдатную пару і ваду”, “Удзячны за цёплы прыём, выдатнае абслугоўванне, за стварэнне эстэтычнай утульнасці ў пакоі адпачынку”.

Каля тэрыторыі лазні парадак – абкошана, растуць туі, зроблена клумба, усталяваны лавачкі, на якіх можна адпачыць.

Лазня УП ЖКГ працуе на пятніцах (жаночы дзень) і суботах (мужчынскі дзень) з 13.30 да 21.00. Хаця некаторыя з жанчын жартуюць, што гэта гендарная няроўнасць – ім бы таксама хацелася, не спяшаючыся, мыцца ў суботу. Хіба ёсць сэнс памыцца ў пятніцу, каб потым у суботу займацца дамашняй уборкай!?

Слова – наведвальнікам лазні

Юрый Карасёў: Хаджу ў лазню ў Светласельскі пастаянна, ужо гадоў дваццаць будзе. Люблю парыцца, загадзя набываю венікі, асабліва даспадобы дубовыя. Лазня – гэта свята душы, добрая пара, цёплыя зносіны. У лазні расслабляешся, адчуваеш сябе быццам нарадзіўся нанова.

Алена Бабовіч: Жыву ў Обалі, а езджу ў лазню ў аграгарадок Светласельскі. За намі ў Обаль праз тыдзень прыходзіць аўтобус УП ЖКГ і бясплатна прывозіць у лазню і назад. Нас, абальчан, звычайна збіраецца да дзесяці чалавек. Лазня падабаецца – цёплая, з добрай парай. Лазня – гэта чысціня цела і духа, камфорт, умацаванне імунітэту, загартоўка арганізму.

Святлана Васільева: Хаджу ў лазню рэгулярна, як і большасць яе наведвальнікаў, каб папарыцца. Пара дапамагае ад хранічнай зморанасці, камп’ютарнага напружання. У лазні цудоўная пара, там працуюць адказныя людзі, дзякуй ім за сумленную работу.

Парады тым, хто любіць парыцца:

Не варта наведваць лазню нашча або адразу пасля прыёму вялікай колькасці ежы, пасля ўжывання алкаголю.

Не трэба знаходзіцца ў парылцы з мокрай галавой, каб не перагрэцца – на галаву трэба надзяваць сухую шарсцяную шапку.

Пачынаць парыцца трэба з ніжняй паліцы лежачы, што дазваляе раўнамерна прагрэць усё цела.

 Трэба адпачываць паміж заходамі ў парылку па 10-15 хвілін, пры гэтым рэкамендуецца піць ваду ці чай.

Сталым людзям, каму за 70, наведваць парылку трэба з асцярожнасцю.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *