У прадчуванні смачнага выніку
Яблычны «бум» забяспечыў «ВЕЖУ» работай на год наперад
У невялікім, але маляўнічым Шуміліне, дзе традыцыі і сучаснасць гарманічна пераплятаюцца, штогод праходзіць падзея, якая можа падацца простай, але нясе ў сабе цяпло чалавечай працы і прадчуванне смачнага выніку. А для некаторых – гэта яшчэ і спосаб зарабіць грошы. Гаворка ідзе пра штогадовы збор яблык заводам «Вежа», дзейнасць і прадукцыя якога становіцца ўсё больш папулярнай як у нас у краіне, так і за мяжой.
ТАА «ВЕЖА» з пачатку жніўня да 17 кастрычніка збірала ўраджай ад насельніцтва і арганізацый для вырабу сваёй будучай прадукцыі. Усяго нарыхтавана 2 тысячы тон яблыкаў. 85% ад усёй колькасці на прадпрыемства прывезлі прыватныя асобы нашага і іншых раёнаў. Нягледзячы на складаны па зборы яблыкаў сезон, неабходная колькасць сыравіны ёсць. Створаны рэзерв гарантуе бесперабойную работу вытворчасці да старту наступнай нарыхтоўкі.
Актыўны ўдзел работнікаў кампаніі дапамог кампенсаваць складанасці сезона і закрыць планавую патрэбу. Яблыкі здавалі дырэктар Святлана Мікалайчык і намеснік дырэктара Таццяна Мончык, лагіст Паліна Лазар і бухгалтар Дзмітрый Казаравец, інжынеры, грузчыкі, падсобныя рабочыя. Кожны работнік унёс асабісты ўклад і здаў ад 200 да 500 кг яблыкаў на роднае прадпрыемства, атрымаўшы за гэта грашовае ўзнагароджанне ў памеры ад 60 да 150 рублёў.
«Сітуацыя, калі мясцовы жыхар уносіць свой уклад у вытворчы працэс, з’яўляецца яркім прыкладам сінергіі паміж жыхарамі раёна і прамысловасцю. Магчыма, менавіта такія ініцыятывы становяцца каталізатарам для развіцця лакальных вытворчасцей і ўмацавання эканамічнай сувязі паміж насельніцтвам раёна і прадпрыемствамі», – заўважыла дырэктар ТАА «ВЕЖА» Святлана Мікалайчык.
Папулярнымі гатункамі садавіны ў гэты сезон былі класічныя «антонаўка»,
«белы наліў», «ананас», «штрыфель». Традыцыйная «антонаўка», на думку тэхнолагаў, найбольш падыходзіць для вырабу натуральных напояў. Яна мае характэрны кісла-салодкі смак, а прадукцыя з яе атрымліваецца свежай і насычанай.
Цікавы факт: трапляючы на «ВЕЖА», яблычкі становяцца яшчэ і маладзільнымі. Гэта, вядома, жарт! Але, як кажуць, у любым жарце ёсць доля… У перапынках паміж нарыхтоўкамі, у адзін будні дзень, вежаўцы арганізавалі і паўдзельнічалі самі ў штогадовым прафсаюзным конкурсе прадпрыемства «Маладзільны яблычак‑2025». Сутнасць конкурсу заключалася ў тым, што супрацоўнікі самі гатуюць розныя стравы, асноўным
інгрэдыентам якіх з’яўляецца яблык, а потым усе разам за чаяваннем вызначаюць пераможцу на смак. Сёлета ўвазе калег канкурсанты прадставілі шарлоткі, пірагі, ватрушкі і нават каравай. Пераможцамі сталі кладаўшчык Алена Траянава, інжынер па якасці Наталля Скараход, спецыяліст па кадрах Марына Шыраева.
Дар’я ЧАПУРНОВА.

