«Мне патрэбна фота, як на пашпарт»
Фота на дакументы і фота на пашпарт – не адно і тое ж! Расказваем, у чым розніца і што трэба ведаць перад тым, як прыйсці ў фотасалон?
Пашпарт, медыцынская даведка, пенсійнае пасведчанне, ваенны білет, віза і шэраг іншых дакументаў патрабуюць на іх абавязковай наяўнасці фатаграфіі ўладальніка. Але многія людзі памылкова лічаць, што фотакарткі для ўсіх гэтых дакументаў падыходзяць абсалютна любыя. Гэта не так! Давайце разбірацца.
Пачнём з галоўнага дакумента, які сведчыць асобу, – пашпарта. Для атрымання або замены беларускага пашпарта грамадзянін павінен зрабіць фатаграфіі памерам 4 см на 5 см у колькасці 4-х штук і перадаць іх з асноўным пакетам дакументаў супрацоўнікам групы па грамадзянстве і міграцыі (пашпартнага стала) РАУС. На выяве фатаграфуемы павінен быць без галаўнога ўбору. Не дапускаюцца наяўнасць на твары, шыі, прадметах адзення сімволікі, не зарэгістраванай ва ўстаноўленым парадку (акрамя ювелірных вырабаў і біжутэрыі), а таксама фотаздымак у форменнай вопратцы, у цёмных (сонцаахоўных) акулярах (акрамя інвалідаў з парушэннем зроку). Фатаграфіі павінны адпавядаць узросту чалавека на момант падачы дакументаў. Супрацоўнік адпаведнага органа мае права адмовіць у прыёме, калі вы прад’явіце фотаздымкі, на якіх вельмі падабаецеся сабе, але зробленыя больш за 6 месяцаў ці ўвогуле некалькі гадоў таму. Не дапускаюцца на папяровым носьбіце заломы, драпіны, зацёкі, парушэнне эмульсійнага пласта.
Грамадзянам Беларусі, якія пражываюць або працуюць у Расійскай Федэрацыі, трэба ведаць, што параметры ў фота на расійскі і беларускі пашпарт розныя. Калі патрэбна замена дакумента ў роднай краіне, то, прыйшоўшы ў фотаатэлье ў Расіі, для таго, каб зрабіць фота на беларускі пашпарт, трэба азнаёміць фатографа з нюансамі паслугі.
– Каб пазбегнуць непрыемных казусаў, не варта захапляцца фоташопам, прасіць пра гэта работніка фотасалона або самім апрацоўваць свае фота ў мабільных дадатках, – папярэджвае вядучы спецыяліст па рэгістры насельніцтва групы па грамадзянстве і міграцыі РАУС Любоў Данчанка. – З такімі здымкамі могуць узнікнуць праблемы за мяжой пры праходжанні пашпартнага кантролю. Уладальніка дакумента з неадпаведнай знешнасцю могуць не ўпусціць у іншую краіну.
Перад распячаткай фатаграфій дазваляецца толькі тэхнічная рэтуш і выдаленне часовых недасканаласцей скуры: пачырваненняў, драпін, вугроў.
Пры атрыманні біяметрычнага пашпарта або віду на жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь працэс фатаграфавання праходзіць на месцы. У нас у Шуміліне – у самім аддзяленні групы па грамадзянстве і міграцыі РАУС. Класічныя папяровыя фатаграфіі ў дадзеным выпадку не патрэбныя.
Фота на медыцынскую даведку, паляўнічы або рыбалоўны білет, пенсійнае пасведчанне, як правіла, ідуць памерам 3см на 4см. Іх колькасць у адным камплекце ў розных фотасалонах можа адрознівацца (вар’іруецца ад 6 да 8 штук). Аднак заўсёды лепш удакладніць канкрэтныя памеры і колькасць у структуры або ўстанове, дзе будуць выкарыстаны вашы фота. Напрыклад, пры працаўладкаванні ў органы ўнутраных спраў або ў аддзел па надзвычайных сітуацыях грамадзяніну спатрэбяцца фатаграфіі памерам 3,5 см на 4,5 см і 9 см на 12 см – у асабістую справу.
Што тычыцца параметраў фота на візу: яны адрозніваюцца паміж сабой у залежнасці ад краіны, у якую патрэбны дазвол. Так, для падачы дакументаў на атрыманне папулярнага «шэнгена» заяўнік павінен падаць у візавы цэнтр якасныя фатаграфіі памерам 3,5 см на 4,5 см, зробленыя на аднатонным светлым фоне не больш за 6 месяцаў таму. Чалавек на такім фотаздымку павінен быць адлюстраваны ў анфас з закрытым ротам, непрыкрытым валасамі тварам, без галаўнога ўбору. Калі вы носіце акуляры, то неабходна ўлічваць наступныя нюансы: шкло можа быць немудрагелістым, аправа не павінна зачыняць ні адной часткі вачэй, блікі павінны адсутнічаць.
Парады ад фатографаў: адзенне можа быць любой мадэлі (пажадана акрамя спартыўнай) і каляровай гамы (пажадана акрамя белай), валасы – акуратна ўкладзеныя (лепш мець пры сабе асабістую расчоску), дзяўчатам-жанчынам рэкамендуецца нанесці лёгкі макіяж, а не спадзявацца на фоташоп. Выраз твару павінен быць спакойным з прыемным позіркам, невялікай усмешкай.
Дар’я ЧАПУРНОВА

