ПЕРАЙМЕНАВАЦЬ КАВУ Ў КАКАВУ!

Культура Образование Общество

ПЕРАЙМЕНАВАЦЬ  КАВУ Ў КАКАВУ!
або Пра тое, ці патрэбна нам родная мова?
НЕ МЫ ТАКІЯ,
ЖЫЦЦЁ ТАКОЕ
Артыкуляцыйны апарат бела-
руса прыродай прыстасаваны для таго, каб гэты самы беларус размаўляў на беларускай мове. Гэта элементарны закон – нічога фантастычнага. Нам раз і назаўсёды варта было б зразумець: мы не ўмеем гаварыць на рускай мове, не можам і ніколі не зможам. Мы думаем па-беларуску, толькі рускімі словамі, мы сказы будуем па-беларуску, фармулюем думку. І не заўважаем гэтага, упэўненыя ў чыстаце і бездакорнасці сваёй рускай. А вымаўленне? Рускія даволі лёгка вызначаюць беларуса, як бы ён там ні стараўся выказвацца на чысцейшай  мове Пушкіна і Талстога.
Гэта смешна, калі чалавек даволі ўпэўнена “дзекае” і “цекае” ў паўсядзённым жыцці, а трапіўшы “ў свет”, пачынае тужыцца і гвалтаваць сябе “рускім акцэнтам”. Хаця, не, смешнага тут мала. Так мы прыніжаем сябе, кожны дзень, між іншым, настойліва і скрупулёзна.
Наш выпадак – клінічны. І нельга не пагадзіцца з тымі, хто ў апраўданне кажа: “Не мы такія, жыццё такое”. Так, чалавек будзе размаўляць менавіта на той мове, на якой размаўляла з ім у маленстве маці, на якой спявала яму калыханкі. А ў нас цэлае пакаленне (ужо і не адно) вырасла на нейкім гібрыдзе – вось і абвінаваціць няма каго.
МАШТАБЫ
ТРАГЕДЫІ
Вырашыўшы ўсё ж вызначыць
маштабы трагедыі, мы правялі невялікае даследаванне. Мы прапанавалі выпадковым людзям перакласці на рускую мову наступныя словы: патэльня, дыван, абрус, разынка, аматар, ануча, засмучаны, чырвоны, злучнік, зязюля, кава, казуля, клопат, ныркі, алей,  сняданак, высвятляць, арэлі, страхар, выбух, канапа, сукенка, панчохі. Трапіліся нам людзі ад 9 да 60 год, вяскоўцы і гараджане, нейкія іншыя сацыяльныя статусы мы не высвятлялі. Усяго ў эксперыменце паўдзельнічала 50 чалавек.
Здаецца, што прапанаваныя словы, можа, хіба за выключэннем “разынкі” ці “страхара” (не так часта ўжываецца ў паўсядзённасці), не павінны  выклікаць збянтэжанасці ў чалавека, у пашпарце якога пазначана – “беларус”. Дзе ж там! Без лішніх каментарыяў прапануем да вашай увагі тую безліч варыянтаў рускіх “адпаведнікаў” нашым беларускім словам.
Патэльня (сковорода)— пастель, подоконник, котельная;
дыван (ковёр) — диван, кровать, покрывало;
абрус (скатерть) — фартук, занавеска, брусок, полотенце, арбуз, портянка;
разынка (изюм) — резинка, кухня;
аматар (любитель) — слушатель, инициатор,  поклонник, фанат, деятель;
ануча (тряпка, портянка) — полотенце, носок;
засмучаны (огорчённый, расстроенный) — измученный, грустный, замученный,  смущённый, грустный,  угнетённый, печальный, застенчивый;
злучнік (союз) — предлог,  дефис, плюс, соединение, числитель, соединитель;
зязюля (кукушка) — дятел;
кава (кофе) — какао;
казуля (косуля)— казуля, коза, козочка, козёл;
клопат (забота) — работа, беспокойство, уход;
ныркі (почки) — норки;
сняданак (завтрак) — крыльцо, еда, обед;
высвятляць (выяснять) — узнавать, высветить,  расспрашивать, установить , описывать, освещать, выбеливать;
арэлі (качели) — тяпка;
выбух (взрыв) — выстрел, стук;
канапа (диван) — кровать, покрывало;
сукенка (платье) — занавеска, сорочка, одежда, кофточка, косынка, кофта, блузка, платок;
панчохі (чулки) — носки, туфли, панталоны, тапки, сапоги, обувь.
У сувязі з гэтым успамінаецца аповед аднаго знаёмага расіяніна, які даволі доўгі час пражыў у Беларусі. Неяк знаёмыя ўзяліся яго тэставаць, маўляў, ці ведаеш беларускую мову так, як ведаем яе  мы. І ён паспяхова перакладаў прапанаваныя імі словы.  Спатыкнуўся ж на слове “кавалак”, якое пераклаў, як “кузнечик”. А на рогат у адказ – патлумачыў: “кузнец” – гэта “каваль”, значыць, “кавалак” – гэта “маленькі кузнец” – выходзіць, “кузнечик”.
Такой жа логікай, па ўсім відаць, кіраваліся і тыя, хто арэлі абазваў тяпкай (ад слова араць, верагодна), а клопат – работой. Адназначным хітом стала кава, якую ў какао перайменавалі аж 10 чалавек. Тое ж і з казуляй, якую прынялі за казу, і, што самае крыўднае для казулі, нават, за казла. Сем чалавек палічылі, што засмучаны – гэта смущённый (падманула, бачна, сугучнасць слоў).  Тая ж сітуацыя і ў варыянтах: абрус – брусок, разынка – резинка, ныркі – норкі (!) і іншых.
Можна меркаваць, што з такім жа поспехам мы можам перакладаць з польскай ці ўкраінскай моў. Па сугучнасці, па асацыяцыях. Хто можа паспрачацца з тым, што сняданак – гэта нейкая там еда, сукенка – одежда, а панчохі усё ж маюць пэўнае дачыненне да  ног! І аматар у нейкай ступені – деятель, і абрус можа зніякавець да портянки.
І яшчэ, стала зразумела, што людзі старэйшага пакалення мову ведаюць, ведаюць, што страхар – гэта кровельщик, а разынка – изюм (што тычыцца разынкі, то некаторыя лічаць, што гэта ні што іншае, як кухня. Думаецца, пад уплывам дзейнасці Народнага клуба аматараў беларускай нацыянальнай кухні “Разынка” Дома рамёстваў у нашым раёне). А вось тыя, каму ад 9-ці да 25-ці мовы не ведаюць зусім! Некаторыя змаглі перакласці толькі тры – пяць слоў з прапанаванага спісу, ды і тое з памылкамі.
Вывучэнне беларускай мовы ў школе скарацілася да абразлівага мінімуму. Мамы расказваюць, што родную мову вывучаюць са сваімі малымі гэтак жа, як і замежную: словы завучваюць на памяць. Нейкі лексічны запас у дзяцей адсутнічае начыста. Бывае, расказваюць, і такое, калі настаўнік беларускую мову выкладае на рускай. Шмат чаго бывае.
А СУДДЗІ ХТО?
Але прыходзіцца сутыкацца і з,
ну,  зусім дзіўнымі выпадкамі, якія цяжка паддаюцца тлумачэнню. Многія з нашых чытачоў ведаюць, хто такі Янка Крук і чым ён займаецца. Апошнім часам яго даследаванні набылі шырокую папулярнасць, яго кнігі не залежваюцца на паліцах кнігарняў: многім хочацца правесці традыцыйныя абрады (хрэсьбіны, вяселле, пахаванне) згодна са спрадвечна беларускімі традыцыямі. Праўда, цяпер у гэтым мы бачым больш экзотыку, чым традыцыі. У сааўтарстве з ім працуе і Аксана Катовіч. Яны сапраўды багата робяць для адраджэння беларускай культуры. Але зноў жа, апошнія іх кнігі выйшлі на рускай мове, лекцыі чытаюць яны таксама па-руску. Большую бязглуздзіцу ўявіць сабе немагчыма. І калі даследчыца заяўляе, што на беларускай мове іхнія кнігі перастануць купляць, то хочацца спытаць, а навошта тады ўсё гэта, каму патрэбны вашы даследаванні, экспедыцыі і ўсё астатняе, калі прэзентаваць усё гэта вы збіраецеся няхай і на дзяржаўнай, але ж не на роднай мове. Яны з лёгкасцю ставяць у віну людзям тое, што і абрады сёння забытыя, і традыцыі не вытрымліваюцца. І жэнімся мы няправільна; і да першай шлюбнай ночы не можам датрываць з тым, чым трэба было б датрываць; і калі ў апошні шлях праводзім чалавека, памылак робім шмат. Адсюль – і хваробы, і разводы, і дзеці-інваліды. Мы шмат у чым “вінаватыя”,  а суддзі хто, хочацца спытаць.  Гаварыць пра беларускасць  на рускай мове прыкладна тое ж самае, што галадаючаму даводзіць пра вартасць тых ці іншых калорый.
Неяк не хочацца думаць пра тое, што, пагнаўшыся за тыражом, калектыў рэдакцыі “Герой працы” пяройдзе на рускую мову, як зрабілі гэта многія раённыя газеты. Варта заўважыць, што  тыражу такі ход не дабаўляе, а калі ёсць магчымасць у кожнага асобна ўзятага журналіста берагчы, папулярызаваць беларускае слова, то ён проста абавязаны гэта рабіць. А выпадкі, калі носьбітам роднай мовы пачынаюць навешваць ярлыкі, тыпу: ты што – з БНФ, проста абражаюць.  А Багдановіч, а Караткевіч – яны для вас хто? А мо і не чулі пра такіх?
Нікога не хочацца крыўдзіць. Мы сапраўды сёння можам выбіраць, якой мовы быць прыхільнікам. Але на справе выходзіць, што ні той, ні другой мовы мы, па-сутнасці, не ведаем. Ні на той, ні на другой бездакорна размаўляць не можам. Вось у чым праблема.
КОЖНЫ ВЫБІРАЕ
ДЛЯ СЯБЕ
Канешне, ніхто з нас не здолее
трымаць адказ за цэлы народ, але кожнаму па сілах адказваць за сябе. Помніцца, як ва ўніверсітэце, на нашым “беларускамоўным” шостым паверсе (там у ВДУ імя П. М. Машэрава месціцца філфак) загаварыць па-руску з выкладчыкам было, лічы, абразай для апошняга. Гэта магло, зрэшты, паставіць пад сумненне факт беспраблемнай здачы ў яго экзамену ці заліку. Праўда, вы-кладчыкі – таксама людзі. І многіх з іх мы раз ад разу лавілі “на рускай” у краме ці сталоўцы – у звычайным паўсядзённым жыцці. У той жа час сустракаліся і па-сапраўднаму ідэйныя, тыя, хто ні пры якіх абставінах не здраджвалі сабе і беларускаму слову. І адзін з такіх – Юрый Бабіч – выкладаў у нас культуру мовы. Ён настойліва, з нейкай, быццам,  асабістай зацікаўленасцю вучыў нас гаварыць і думаць па-беларуску. Даводзіў саму недарэчнасць і ненатуральнасць адваротнага. Ён запомніўся. І тое, чаму ён вучыў, запомнілася. Такім людзям  лёгка, такім не сорамна за сябе, ім няма патрэбы крывіць душой, прыстасоўвацца. Яны шчаслівыя. Усе, хто гаворыць на роднай мове, даўжэй жывуць, у іх меней праблем са здароўем, фізічным і псіхічным, ім лягчэй дабіцца гармоніі, ладу ў душы. Засумнявацца ў гэтым,  у адсутнасці гэтых сакральных паралеляў цяжка.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.



4 комментария по теме “ПЕРАЙМЕНАВАЦЬ КАВУ Ў КАКАВУ!

  1. Проблема в тому, що Білорусь не двомовна, а одномовна. Двомовна країна це коли люди знають і вільно розмовляють двома мовами. Російськомовним, які борються за двомовність, залишилось небагато, вивчити білоруську. А люди, які розмовляють білоруською завжди знають російську на рівні борців за двомовність. А чи знають російськомовні борці на тому ж рівні білоруську?
    Ніколи не вчив білоруську, але розумію без проблем, за винятком деяких слів, чого б побажав би борцям за двомовність чи тримовність.
    Ідея двомоності це не знання на вибір однієї з мов, а це власне знання на однаковому рівні двох мов.

  2. Адна ці дзьве гадзіны на мову і літаратуру ў тыдзень — гэта, канечне-ж, ганьба, але нельга ўсё перавальваць на плечы школы і настаўнікаў. Каб не даводзілася вучыць беларускую мову з дзіцем не раўнуючы, як замежную, трэба, каб у яго з самага маленства быў вялізны чамадан з беларускімі і рускімі кніжкамі ўперамешку. Ну і гадзінка на тое, каб пачытаць яму перад сном пару казак. Вось тады ўсё будзе, як мае быць! Кажу гэта, зыходзячы з уласнага дзіцячага доследу.
    Па-другое, калі вы ўжо ведаеце мову і дбаеце пра яе, то размаўляйце на ёй чорт вас вазьмі, нават калі вы будзеце адзіным беларускамоўнымі ў тралейбусе ці краме. Вельмі рэдкія такія сітуацыі, калі чалавек не разумее вас і не здольны звязна адказаць па-руску: тут ужо давядзецца вам выказаць гуманнасць і павагу да яго чалавечай годнасці і перайсці на зразумелую яму мову. Але, паўтараю, гэткія выпадкі — вялікая рэдкасць. Магу засведчыць, што пачутая знянацку беларуская гаворка ўзнімае навакольным настрой і расцвітае на іх тварах усмешкамі, а таксама выклікае нясмелыя спробы сказаць вам па-беларуску хацяб два слова. Так што прынцып «гавары на той мове, на якой размаўляе бальшыня, ці на якой да вас звярнуліся асабіста» варта выкінуць у сметніцу!» Вашая культурнасць і ўважлівасць да бліжняга не зменшыцца праз гэта ні на каліва!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *