Как в Добее выращивают поросят

Главное Новости Общество Сельское хозяйство


Ад шасці кілаграмаў да цэнтнера

На вытворчым участку Дабея ЗАТ «Віцебскаграпрадукт» парасяты праходзяць шлях ад першых дзён да здачы. За гэтым працэсам стаяць аўтаматызаванае кармленне, ветэрынарны нагляд і праца аператараў.


Першыя парасяты (каля дзесяці тысяч галоў) паступілі на вытворчы ўчастак Дабея ў верасні мінулага года, расказаў начальнік участка Віктар Гужвін. Прывозяць іх з матачнікаў з Дражна Лепельскага раёна і Нарцызава Талачынскага раёна. Вага кожнага на старце – шэсць-восем кілаграмаў. За паўгода жывёла дарастае да 120-125 кілаграмаў.
На ўчастку знаходзяцца два хлявы для дарошчвання, дзе парасяты знаходзяцца 80 дзён, і чатыры – для адкорму. Сартуецца жывёла не па пародах (тут гадуюцца свінні дацкай селекцыі «дзюрок», «ландрас», «йоркшыр»), а па ўкормленасці – каб мацнейшыя не адганялі слабых і ўсе маглі пад’есці ўволю і набраць вагу. Ручная праца мінімізавана – корм на ўчастку падаецца аўтаматычна і бесперабойна. Не заязджаючы на тэрыторыю, аўтамабілі выгружаюць корм у бункер для пэўнага хлява. Жывёлу кормяць чатырма відамі камбікорму ў залежнасці ад узросту, чыстая вада даступная пастаянна.

Аднак аўтаматыка не замяняе чалавека. На вытворчасці занятыя 15 аператараў. Іх работа патрабуе ўважлівасці: у вялікай групе важна своечасова заўважыць, калі нейкая жывёла адстае ў росце або ёй патрэбна дадатковая ўвага. Не менш важная і штодзённая гігіена – клеткі неабходна падтрымліваць у належным стане, каб у хлявах было чыста і бяспечна. «Асаблівыя патрабаванні прад’яўляюцца да саміх работнікаў, санітарна-эпідэмічныя ўмовы ў нас на вышыні. Каб трапіць на вытворчасць, аператары праходзяць праз душ, – каменціруе Віктар Гужвін. – Гэта частка сістэмы біялагічнай бяспекі, якая дапамагае абараніць жывёлу ад заносу інфекцый. Адзенне мыецца і праходзіць дэзынфекцыю кожны дзень – на прадпрыемстве ёсць тры пральныя машыны і столькі ж сушылак. Работнікам таксама забаронена трымаць свіней дома і хадзіць у лес. Выкананне гэтых патрабаванняў правярае ветэрынарная станцыя».

Значную ўвагу тут надаюць і ўтылізацыі адходаў. Гной адводзіцца ў каналізацыю, а затым паступае ў сховішча для арганікі.

Калі парасяты дасягаюць патрэбнай вагі, іх рыхтуюць да здачы. Апошнюю партыю свіней з участка адправілі на ТАА «Мясакамбінат Славянскі» ў канцы чэрвеня – пачатку ліпеня. Наступную плануецца здаць у канцы снежня. Паміж гэтымі этапамі праходзіць новы цыкл: жывёла расце, а аператары сочаць за яе развіццём і ўмовамі ўтрымання, падтрымліваюць парадак і кантралююць ход вырошчвання, каб праз шэсць месяцаў жывёла набрала вагу больш за цэнтнер.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *