
Малады педагог: маршрут да майстэрства
Творчая гасцёўня для маладых педагогаў “Малады педагог: маршрут да майстэрства” прайшла ў аддзеле па адукацыі райвыканкама.

У сістэме адукацыі раёна сёння працуюць 24 маладыя спецыялісты. Падтрымка моладзі, дапамога ў адаптацыі, стварэнне ўмоў для прафесійнага росту і замацаванне кадраў у школах – адны з важных напрамкаў работы аддзела па адукацыі. Менавіта гэтым мэтам была прысвечана творчая гасцёўня «Малады педагог: маршрут да майстэрства».
Маладыя педагогі дзяліліся сваімі першымі знаходкамі і прыёмамі, якія паспелі набыць і паказаць у рабоце з дзецьмі, разглядалі нестандартныя педагагічныя сітуацыі. Настаўніца СШ №1 г. п. Шуміліна Лада Матышава расказала, як набывала аўтарытэт сярод вучняў, якія практычна аднаго ўзросту з ёй. А малады педагог Шумілінскага дзіцячага сада №2 Ангеліна Пецюкевіч падзялілася, як працаваць з маленькімі дзеткамі, каб ёй паверылі і палюбілі. Асобна абмеркавалі, як эфектыўна і цікава праводзіць урокі, будаваць супрацоўніцтва з калегамі, правільна паводзіць сябе з бацькамі.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснік начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Ірына Саўчанка і галоўны спецыяліст аддзела Вольга Дарафеева. Арганізатарам гасцёўні выступіў вучэбна-метадычны кабінет.
Сустрэча атрымалася шчырай і карыснай. Дала магчымасць адчуць маладым спецыялістам, што яны не застаюцца адны, побач ёсць калегі, якія гатовы дапамагчы, падказаць і падтрымаць.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
