В Витебске прошёл концерт кабаре-бенд “Серебряная свадьба”. Фоторепортаж

Культура

“Серебряная свадьба” ў маім сэрцы
Я не ведаю, дзе я была раней і чым займалася, пра што я думала і як збіралася жыць… але кабарэ-бэнд “Серебряная свадьба” – гэта маё адкрыццё 2012. Але вядома, што лепш позна, чым ніколі. Хаця.. чаму позна? Тыя перажыванні і эмоцыі, якія для некага справы ўжо даўно мінулых дзён, для мяне – толькі наперадзе. А значыць, усё выдатна, лепш і быць не можа.
Я, бадай, і не ўспомню, каму ў апошні раз ўдалося паўплываць на маю свядомасць і падсвядомасць так жа моцна, як зрабіла гэта Святлана Бень. Бенька. Для тых, каму, як і мне паўгода таму, гэтае імя нічога не гаворыць, скажу, што яна наша зямлячка з Віцебска. Па прафесіі – рэжысёр лялечнага тэатра, з 2005 года – вакалістка, лідар, ідэйны натхняльнік кабарэ-бэнд “Серебряная свадьба”. Яна піша вершы і музыку, нараджэае ідэі, стварае касцюмы і дэкарацыі.
На прасторах інтэрнэта пра калектыў, яго творчы шлях, перамогі і здзяйсненні можна знайсці багата інфармацыі, калі хочацца. Таму не стану пераказваць усё, што чытала пра Беньку і яе кабарэ. Скажу толькі, што гэта вартае таго, каб прама зараз адкласці ў бок газету, забыцца пра суп на пліце і тэрмінова знайсці, ну, хаця б іхніх “Пілотаў” і паслухаць (дарэчы, маё знаёмства з творчасцю “Серебряной свадьбы” пачалося менавіта з гэтай работы).
У іх біяграфіі напісана: “Серебряная свадьба” – гэта міжнародная суполка музыкантаў, якіх аб’ядноўвае здаровы лад думак, выдатны апетыт і трапяткая любоў да Францыі. Яны прыроджаныя валацужнікі і падарожнікі, якія выконваюць музыку, што пранізана пагранічным жыццялюбствам. Аматары наладзіць прыцягальнае хуліганства ў кампаніі банджа, баяна, кантрабаса, барабанаў і скрыпкі”.
На жаль, я дужа прыблізна разбіраюся ў музычных жанрах і накірунках, інструментамі не валодаю, спяваю толькі калі пераканаюся, што спеваў маіх ніхто не пачуе (дзякуй вясковаму дзяцінству, якому невядомыя былі такія паняцці, як “музычная школа”, ці “мастацкая студыя”), таму не буду і спрабаваць неяк абазначыць, абазваць тое, што робяць па-сапраўднаму таленавітыя людзі, бо мае наіўныя выказванні сур’ёзна рызыкуюць трапіць пад абстрэл грозных крытыкаў. Паколькі сама я ні на што абсталютна не здатная – такая вось бяздарнасць, то дужа жыва ўспрымаю ўсё народжанае з Божым умяшаннем. Пераканана, што ўспрымаць мастацтва варта выключна на ўзроўні цела. Яно ніколі не падмане. Дык вось, на “Серебряную свадьбу”  цела рэагуе, як сода на воцат. І я далёка не адзінокая ў сваіх адчуваннях.
16 сакавіка “Серебряная свадьба” разам з extreme band PLUM BUM далі канцэрт у Віцебску. Прашу прабачэння ў PLUM BUMа, абяцаю прыгледзецца да іхняй творчасці, але ішла я менавіта на “Серебряную свадьбу” і не засталася падманутая ў самых смелых спадзяваннях. Тое, што рабілася на сцэне на працягу двух з паловай гадзін, можна параўнаць толькі… ні з чым гэта нельга параўнаць. Гэты выбух па эмацыянальнасці, напружанасці, рытму дзеяння сугучны хіба толькі са стыхіяй, якая бушавала ў гэтыя дні ў краніне. Дзякуючы чаму, дарэчы, артыстам прышлося дабірацца да Віцебска на перакладных. Але яны даехалі, і ўсім стала горача.
Яны гарэзнічалі на сцэне, дурэлі, пераапраналіся, качаліся па падлозе, пілі ром з горла. Яны заўжды дазваляюць сабе ўсё, на што хацелася б асмеліцца і многім іншым, якія не могуць сабе дазволіць такой раскошы, бо зажатыя, бо знаходзяцца ў палоне стэрэатыпаў, скаваныя ланцугамі нейкіх нормаў, якія нідзе і не запісаныя, але калі раптам нехта іх парушае, то яму абавязкова скажуць: “ай-яяй” і выпіхнуць са строю.
“Сябе нельга шкадаваць, над сабой можна толькі смяяцца”, — кажа Бенька. І яна абсалютна не баіцца быць смешнай, быць асаблівай, быць у паласатых калготках і чырвоных панталонах, што гулліва выглядваюць з-пад сукенкі, калі яна, паваліўшыся на сцэну, дрыгае нагамі. Вы таксама зможаце гэтак жа, жыццё адно, марнаваць яго на тое, каб “трымаць твар” не мае сэнсу, будзьце вольнымі, будзьце дзецьмі. Толькі дзеці здатныя ўступаць ва ўзаеміны з Космасам, чэрпаць адтуль інфармацыю і жыць у суладдзі з сабой, Прыродай і Сусветам. Людзі становяцца дарослымі і свядома пазбаўляюць сябе гэтага шчасця, такога абсалютнага камфорту. Бенька – дзіцё, дарослая дзяўчынка, здаецца, яна шчаслівая. Ва ўсялякім разе, ёй абавязкова вернуцца ўсе нашыя эмоцыі, усмешкі, важныя рашэнні і вывады, зробленыя пад уплывам яе песняў.
Песні “Серебряной свадьбы”, як… хацела сказаць – як наркотык, не, не наркотык, іх песні – гэта выдатны антыдэпрэсант, стымул да жыцця, нагода перагледзець свае перакананні, супакоіцца і пачаць жыць “нармальна”. Яны ўсім сваім выглядам паказваюць: мы такія ж, як ты, будь з намі, будзь шчаслівым.
Кожны іх нумар – гэта сапраўднае дзейства, падзея, прадуманая ад пачатку да канца. Але складваецца ўражанне, быццам усё, што робяць артысты, – скрозь імправізацыя. Настолькі ўсё непадробна і па-сапраўднаму. Вось можна расслабіцца, усвядоміўшы, што жыццё – вечнае (Пищевая цепочка); тут родныя Пушкіна адгаворваюць яго ісці на Чорную рэчку: застрэляць жа (Чёрная речка); побач усе радасці жыцця атрымлівае жанчына, якая нарэшце дачакалася старасці (Старая падла). Артысты выбіраюць самыя нечаканыя нагоды для таго, каб выказацца. А мы, паглынальнікі іх тварэнняў, заўжды ў хвалюючым чаканні, бо здагадацца, чым яшчэ яны здзівяць наша ўяўленне – немагчыма.
У гэты раз “Серебряная свадьба” прэзентавала Віцебску альбом “Волшебный фонарь”. Дужа хочацца спадзявацца, што наступнага спаткання з артыстамі не прыйдзецца чакаць доўга.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
P.S.  Я, в силу отпущенного мне дарования, пропищала как комар. (Фаина Раневская).



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *