15 марта, в День Конституции Республики Беларусь, в школах Шумилинского района прошло вручение паспортов

Актуалии Молодёжь Общество

«Мы – грамадзяне Беларусі»
Актавая зала СШ № 1 г. п. Шуміліна перад святочнымі ўрачыстасцямі была настоена, вобразна кажучы, на хваляванні і стоеным пачуцці радасці ад падзеі. Падзея сапраўды была вартай таго, каб пра яе сказаць нямала цёплых, кранальных слоў – Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў, які выступіў перад аўдыторыяй, нагадаў юнакам і дзяўчаткам: у гэты памятны дзень важна ведаць і помніць пра тое, што ў кожнага з нас, дарослых (а ўсе, хто сёння атрымліваў пашпарт грамадзяніна Беларусі – людзі ўжо дарослыя), ёсць правы і абавязкі, замацаваныя Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Кожны з нас мае права на бясплатную адукацыю, медыцыну, мае права на працу і першае сваё працоўнае месца. І не павінна быць ні ў каго трывогі за тое, што дзяржава парушыць нашы правы. Разам з тым кожны дарослы чалавек не павінен забываць пра свае абавязкі. Перад бацькамі, перад роднай зямлёй, радзімай, перад нашай дзяржавай.
Для ўручэння першых дакументаў грамадзян Беларусі юнакам і дзяўчатам школ “куста” СШ № 1 на авансцэну актавай залы, акрамя А. М. Зайцава, узнімаюцца начальнік аддзела адукацыі райвыканкама П. У. Спірыдонаў і старшы інспектар групы па грамадзянству і міграцыі РАУС А. І. Пракоф’ева. Яны ўручаюць пашпарты і памятныя кнігі “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь”.
Добра, што ў гэты святочны дзень гучала беларуская песня, дэманстраваліся відэаролікі, якія адсылалі аўдыторыю ў экскурс па Беларусі, запамінальнай была песня-агітка, арганізаваная РК ГА БРСМ. Вельмі добра, што акрамя настаўнікаў і саміх віноўнікаў ўрачыстасцяў, акрамя груп “падтрымкі”, на свята ўручэння пашпартоў прыйшлі і бацькі. Як важна хвалявацца, перажываць і шчыра, па-бацькоўску, радавацца разам са сваімі, такімі дарослымі ўжо дзецьмі?!

15 сакавіка ў зале Обальскай школы, упрыгожанай дзяржаўнай сімволікай, было асабліва ўрачыста. Менавіта ў Дзень Канстытуцыі 25 хлопцам і дзяўчатам былі ўручаны пашпарты грамадзян Рэспублікі Беларусь.
На ўрачыстым мерапрыемстве прысутнічалі намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў, начальнік РАУС В. В. Мядзвецкі, начальнік аддзела адукацыі П. У. Спірыдонаў, старшы інспектар групы па грамадзянству і міграцыі РАУС А. І. Пракоф’ева.
Слова трымаў А. М. Зайцаў. Анатоль Мікалаевіч звярнуўся да обальскіх старшакласнікаў – да тых, каму будаваць гарады, працаваць на прадпрыемствах, паляпшаць наша жыццё.
Затым было выступленне В. В. Мядзвецкага. Вадзім Вадзімавіч растлумачыў, чаму зараз пашпарт выдаецца з 14 гадоў, засяродзіў ўвагу прысутных на тым, што пашпарт – гэта адзіны дакумент, які нельга пакідаць у залог, бо за такое парушэнне прадугледжана адказнасць, папрасіў беражліва адносіцца да пашпарта.
У гэты ж дзень у Обальскай СШ адбылося яшчэ адно мерапрыемства. Таксама важнае і ўрачыстае – уручэнне членскіх білетаў БРСМ . В. а. першага сакратара райкама ГА БРСМ А. Хмарын ўручыў членскія білеты 15 вучням Обальскай школы.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №22 ад 19.03.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *