К профессиональному празднику

Актуалии Общество

Прыёмшчыца заказаў
У прыёмшчыцы заказаў райбыткамбіната тэлефон не сціхае. Нехта з жыхароў Шуміліна заказвае прычоску да вяселля.
–  Так, на суботу ёсць месца, –  гартаючы журнал запісаў,  тлумачыла Вольга Ягораўна Пальвінская. – Давайце ўдакладнім час, у які будзе зручна рабіць прычоску.
Неўзабаве зноў зазвінеў тэлефон, людзі цікавіліся, якія паслугі аказвае швейнае атэлье ў Шуміліне. І вось так за дзень да паўсотні званкоў, а мо і больш. І Вольга Ягораўна заўсёды тактоўна растлумачыць, падкажа, параіць.
“Увогуле да нас звяртаецца многа людзей, –  адзначае жанчына. – Можа таму, што і  на прычоскі, і на іншыя паслугі ў нас цэны ніжэйшыя, чым, скажам, у Віцебску. Ну, а што да нас ідуць людзі – дык гэта заслуга ўсяго калектыву. Мая задача – запісаць, разлічыць чалавека. Ну, а абслугоўваюць кліентаў  прафесіяналы сваёй справы”.
І нашу размову ўвесь час перапынялі кліенты. Было дзесяць гадзін раніцы, але наведвальнікаў у КБА было дастаткова. Прыехалі і вяскоўцы: каму сфатаграфавацца трэба было, каму пастрыгчыся. Жыццё ёсць жыццё – запатрабаваныя і рытуальныя паслугі. Але ўсе, хто звяртаецца ў райбыткамбінат, праходзяць “праз рукі прыёмшчыцы заказаў”. Гэта яна падсумоўвае грошы, выручаныя ад рознага роду заказаў, і стараецца выканаць даведзены план.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Ствараюць камфорт людзям
На балансе УП ЖКГ знаходзіцца 20 дзеючых кацельняў. Агульная магутнасць – 100 Гкал/гадзіна.
Працягласць цеплавых сетак – 84,7 км, водаправодных сетак – 233,8 км, каналізацыйных сетак – 49,4 км.
На балансе прадпрыемства 64 артэзіянскія свідравіны, 48 водаправодных вежаў, 616 водаправодных калонак.
Колькасць людзей, што карыстаюцца вадой, якую пастаўляе камунгас, — больш чым 17 тысяч чалавек (звыш 80% насельніцтва раёна).
На абслугоўванні прадпрыемства 253,37 тысячы квадратных метраў агульнай плошчы жыллёвага фонду, з іх у сельскай мясцовасці – 74,6 тысячы квадратных метраў.
На балансе УП ЖКГ 28 палігонаў цвёрдых бытавых адыходаў. Збіраецца  і вывозіцца смецце больш чым ад 17,5 тысячы чалавек раёна.
Каб заўжды было цёпла ў дамах
Убачыць у якасці аператара кацельні жанчыну было незвычайна. Але карэнная абальчанка Інэса Аляксандраўна Барцэвіч працуе ў мясцовай кацельні ЖКГ ужо дзесяць гадоў.
«Працавала загадчыцай ў дзіцячым саду на торфапрадпрыемстве, але сад закрылі, а для выбару месца работы ў Обалі спіс невялікі. А ў кацельню ЖКГ якраз набіралі аператараў. Закончыла курсы, практыку прайшла. Было складана, бо вельмі была далёкая ад тэхнікі, але ж справілася. Кацельня газавая, таму шмат прыбораў, датчыкаў – за ўсім трэба сачыць. У кацельні ўсталявалі і кацёл на шчапе – летам ён спраўляецца, а вось зімой ў маразы трэба падключаць газавы. Работа вельмі адказная, бо разумееш, што ад цябе залежыць жыццё цэлага пасёлка, цяпло ў дамах», – расказала Інэса Аляксандраўна.
Таксама ў кацельні, толькі ў аграгарадку Слабада, працуе машыністам-качагарам Леанід Мікалаевіч Кавалёў. Працуе ўжо больш за трыццаць гадоў. У 1982 годзе пачынаў у саўгаснай кацельні, а ў 1999 годзе яе перадалі ў камунгас. Работа нялёгкая, шмат ручной працы: дровы трэба распілаваць, пакалоць, закінуць у кацёл (а іх у кацельні два, а ў маразы дык і ўсе тры). Кожнае палена праходзіць праз рукі качагара некалькі разоў. А за год кацельня спальвае 3,6-4 тысячы м3 дроў.
«Леанід Мікалаевіч у нас самы вопытны работнік, старшы змены. Можа адрамантаваць практычна любую дэталь ці вузел. Надзейны. Сёлета яго  ўзнагародзілі Ганаровай граматай райвыканкама»,– хваліць свайго работніка майстар аддзялення “Сіроцінскае” З. Ф. Сопат.
З ім лёгка працаваць
Практычна ўсё свядомае жыццё Р. М. Тхорава звязана з лесам. 26 год адпрацаваў у лясгасе, двойчы ўдзельнічаў у чэмпіянатах свету сярод лесарубаў: у 1993 годзе ў Швейцарыі, а ў 1994 годзе ў Румыніі ўзяў прыз “За віртуознасць”.
У 2004 годзе стаяў ля вытокаў стварэння ў камунгасе новага ўчастка лесанарыхтовак. Пачынаў працаваць майстрам, з лета мінулага года – начальнік. «Задача нашага ўчастка – нарыхтаваць дровы і шчапу для кацельняў, – расказвае Рыгор Мацвеевіч. – У зімовы перыяд на суткі неабходна каля 200 кубаметраў дроў і пад 200 кубоў шчапы”. Ён падкрэс-лівае, што за час існавання ўчастка  ні разу кацельні не стаялі з-за адсутнасці дроў. З Рыгорам Мацвеевічам лёгка працуецца, у яго падначаленні 13 чалавек. Начальнік участка дасканала ведае ўсе тонкасці работы, заўсёды можа дапамагчы і падказаць. “На нашым участку ўсе працуюць старанна, – адзначае Р. М. Тхораў. – Касцяк – брыгадзір Сяргей Лапавухаў, вальшчыкі Аляксандр Саўчанка і Яўген Матора”.
Любіць тэхніку
Трактарыст транспартнага ўчастка УП ЖКГ  І. М. Коцікаў з канца мінулага года працуе на новым шчэпаздрабляльніку. Калі ў камунгас паступіла новая тэхніка, пытанняў не ўзнікла, каму яе даверыць. Іван Міхайлавіч хутка асвоіў новы комплекс і сёння можа выдаць за дзень да трохсот кубоў шчапы.
І. М. Коцікаў заўсёды знаходзіць з тэхнікай агульную мову. “Тэхніку трэба любіць і даглядаць, – сцвярджае мужчына, – і тады яна будзе спраўна служыць чалавеку”.
Майстры па дрэву
Каля дзесяці год працуюць сталярамі ў камунгасе Аляксандр Юдаў і Сяргей Цуранаў. Даспадобы ім работа з дрэвам, дарэчы, захапіліся дрэваапрацоўкай яны ў дзяцінстве. Сёння ў камунгасе Аляксандра і Сяргея называюць сапраўднымі майстрамі па дрэву.
Зразумела, што асноўная работа ў камунгасаўскіх майстроў – выраб дзвярэй і акон. Хаця, як самі прызнаюцца, больш падабаецца работа, дзе могуць праявіць свае творчыя здольнасці. “Апошнім часам людзі пачалі звяртацца для нас, каб вырабілі садовую мэблю, — расказваюць хлопцы. – Такія заказы і прадпрыемству выгадныя – дадатковы заробак, і нам па душы – можна праявіць сябе”.
Не маглі А. Юдаў і С. Цуранаў не адзначыць і яшчэ адзін момант. Апошнія гады шмат робяць па добраўпарадкаванню Шуміліна. Альтанка на беразе шумілінскага возера, многія малыя архітэктурныя формы ў гарадскім парку – справа іх рук і фантазіі.
Па адукацыі эколаг
Начальнік падраздзялення “Лаўжанскае” С. Л. Блізнец адзначае граматнасць і прафесіяналізм  слесара аварыйна-аднаўленчых работ  ачышчальных збудаванняў падраздзялення “Лаўжанскае” Н. Л. Кірыдон. Наталля Леанідаўна па адукацыі тэхнік-эколаг. Апошнія сем год працуе на ачышчальных збудаваннях.
У сярэднім за суткі праз ачышчальныя збудаванні праходзіць каля 200 кубаметраў каналізацыйных сцёкаў, чыстая вада цячэ ў раку Баброўка. “Радуе, што апошнія тры-чатыры гады мы змаглі дабіцца стопрацэнтнай ачысткі сцёкаў, – адзначае Н. Л. Кірыдон. – І такі вынік па ўсіх 12 паказчыках, сярод якіх, напрыклад, ёсць такія, як утрыманне нафтапрадуктаў, хларыдаў, жалеза і інш.”
Наталля Леанідаўна адзначае, што такіх вынікаў дасягнулі дзякуючы таму, што ў 2008 годзе зрабілі рэканструкцыю ачышчальных збудаванняў, уве-дзена новая тэхналогія ачысткі.
За чысціню
Да добрага хутка прывыкаеш. Вось калі навокал засмечана, брудна – бачна ўсім, а калі чысціня – дык і не заўважаецца. Чысціню ў нашых дамах, на вуліцах таксама ствараюць работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Жанна Генадзьеўна Стук працуе рабочай па комплекснай уборцы. У сферы яе дзейнасці пяць шматпавярховых дамоў, 18 пад’ездаў, тэрыторыя каля дамоў. “Вельмі крыўдна, калі нашу работу не цэняць – кідаюць смецце, акуркі, бутэлькі пустыя. Ёсць пад’езды, дзе прыбярэш і чысціня захоўваецца, жыхары самі падтрымліваюць парадак. А  ёсць, што з раніцы прыбярэш, а ўвечары пад’езд ужо не пазнаць…”.
А работа прыбіральшчыцы нялёгкая: трэба на пяты паверх падняцца ў кожным пад’ездзе, падмесці яго, вымыць. Да таго, тэрыторыю ля пад’езда прыбраць, тратуары. Кожны сезон нясе свае цяжкасці, заўважае Жанна Генадзьеўна, зімой снег чысціць нялёгка, вясной наносіцца шмат пяску і бруду, летам за тэрыторыяй даглядаць, увосень лісце штодзень трэба грэбці. А яшчэ агульныя работы: зімой галалёд з тратуараў збіваць, вясной бардзюры і дрэвы па ўсім Шуміліне бяліць, кветкі садзіць і даглядаць…
Надрукавана ў №23 ад 22.03.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *