Председатель райисполкома провёл приём граждан и «прямую линию»

Актуалии Президент

Пра ваду ў Обалі і цемру на вуліцы Прамысловай
У мінулую суботу, 24 лістапада, старшыня раённага выканаўчага камітэта У. П. Куранны правёў прыём грамадзян па асабістых пытаннях і “прамую тэлефонную лінію”. Са сваімі пытаннямі і праблемамі да кіраўніка раёна звярнулася ў гэты дзень 15 чалавек.
Чаго хочацца нашым землякам у гэтыя пахмурныя восеньскія дні? Нічога звышнатуральнага. Найперш, каб у доме было цёпла і ўтульна, каб з крана цякла халодная і гарачая вада. Без гэтага як жа?
А калі ў кватэрах абальчан на чацвёртых і пятых паверхах да позняй ночы няма ніякай вады, тады пра ўтульнасць няма сэнсу гаварыць. Таму людзі, хоць і ведаюць, што ў пасёлку будуецца новая свідравіна, турбуюць раённыя ўлады (ад імя жыхароў Обалі званіла Л. М. Лук’янава).
Так, работы па будаўніцтву свідравіны ідуць не так хутка, як хацелася б, пагадзіўся старшыня райвыканкама, тым не менш ён запэўніў, што ў снежні свідравіна будзе ўведзена ў строй, і Новы год абальчане сустрэнуць без праблем.
А вось для таго, каб зняць скаргі людзей па вулічнаму асвятленню, а дакладней па яго адсутнасці,  вялікіх затрат не трэба  (А. Г. Лапатнёва з райцэнтра паскардзілася, што на вуліцы 1-й Прамысловай цемра, не гараць ліхтары).
У. П. Куранны даў распараджэнне УП ЖКГ неадкладна зняць пытанні па вулічнаму асвятленню, а таксама па якасці пітной вады (на “прамую лінію” звярнуліся С. І. Масько з райцэнтра і Я. А. Шабліна з Обалі), па забеспячэнні гарачай вадой кватэр 20, 23, 26 дома № 27 па вуліцы Юбілейнай (на прыём з гэтай праблемай прыйшла Л. М. Мароз).
Спецыялістам ДРБУ-204 даручана неадкладна паправіць з’езд ад тратуара па вуліцы Луначарскага да дома  В. І. Шнявінай (ад якой паступіла скарга).
(Дарэчы, даручэнне было выканана на наступны дзень – рэд.)
Яшчэ адна праблема – падтапленне дамоў і падвалаў. Яна непакоіць жыхарак райцэнтра Н. С. Талкачову з вуліцы Юбілейнай, Р. А. Вараб’ёву з вуліцы Дубасарскага, а таксама Т. М. Сцяпанаву з аграгарадка Слабада .
Па Шуміліну канчаткова вырашыць праблему можна толькі з дапамогай ліўневай каналізацыі, зазначыў У. П. Куранны. Уладзімір Пятровіч паведаміў, што ёсць дамоўленасць са старшынёй абласнога выканаўчага камітэта А. М. Косінцам  па будаўніцтву ліўневай каналізацыі ў Шуміліне, што сваё садзеянне абяцаў і старшыня абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Р. В. Вінакураў.
Безумоўна, гэта справа не аднаго месяца і нават не аднаго года, і на яе вырашэнне, зразумела, спатрэбяцца мільярды рублёў. Тым не менш раённая ўлада не намерана адступаць ад гэтых планаў. Старшыня райвыканкама паведаміў, што ўжо заказана праектная дакументацыя, у будучым годзе пачнецца будаўніцтва першай чаргі ліўневай каналізацыі.
Тэрміновае распараджэнне кіраўнік раёна даў  в. а. старшыні праўлення райспажыўтаварыства Л. С.  Доктаравай:  без прамаруджання ўключыць ацяпленне цэнтральнага ўнівермага  (патэлефанавала Т. В. Журава з райцэнтра). Нельга эканоміць на здароўі людзей, падкрэсліў Уладзімір Пятровіч.
Г. М. Галімава выкарыстала “прамую лінію”, каб ад імя жыхароў вуліцы Светлай вёскі Пабеда падзякаваць старшыні райвыканкама за рашэнне пытання газіфікацыі вёскі, за магчымасць у хуткім часе атрымаць паслугі інтэрнэту.
Але падзякі, як правіла, людзі выказваюць рэдка. Яно і зразумела: прыстойныя ўмовы жыцця павінны быць нормай.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №94 ад 27.11.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *