В Шумилино прошло совместное заседание районного Совета депутатов и райисполкома по вопросам развития АПК и подготовки к весеннему севу

Актуалии Президент Сельское хозяйство

Пра “спячку” і  прытупленае пачуццё гаспадара
Зіма дарогу вясне саступае нехаця.   Аднак  марныя яе патугі: вясна ідзе, бег часу не спыніць. А пакуль перадаюцца  “ключы”, вяскоўцу важна  старанна і ўнікліва падрыхтавацца да сяўбы.   Трэба да драбніц прадумаць ход гэтай адказнай кампаніі, спланаваць так, каб у гэтым механізме не дапусціць сур’ёзных  збояў. Не менш напружанай была на пасяджэнні гаворка наогул пра эфектыўнасць у рабоце ўсяго АПК, пра выхад сельскай гаспадаркі на  самыя годныя вытворчыя параметры.
Па праўдзе кажучы, сумеснае пасяджэнне райсавета і райвыканкама, якое вяла старшыня раённага Савета дэпутатаў  І. М. Новікава,  было выклікана  “спячкай”, ледзь не адкрытай бяздзейнасцю  некаторых  кіраўнікоў, якія па абавязку службы павінны   клапаціцца пра дабрабыт селяніна, быць на зямлі гаспадарамі.  Але ў некаторых гэтае пачуццё гаспадара прытупілася.
Прадмову да чыннай гаворкі зрабіў старшыня райвыканкама У. П. Куранны. Прыемна, прызнаўся Уладзімір Пятровіч, што пасеялі 1,5 тысячы гектараў шматгадовых траў – значна больш, чым летась. Гэта добры задзел. Аднак злачынна сядзець., склаўшы рукі  і чакаць сапраўднага цяпла. Трэба  вывозіць на палі арганіку, нягледзячы на тое, што па снезе ўносіць яе навука не вельмі ўхваляе. А што рабіць?  Сёння згубім час, заўтра, падчас жніва, будзем убіраць вырашчанае ў пару дажджоў і непагадзі.
З дакладам пра стан спраў у АПК выступіў начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама В. В. Родзіч. Віктар Віктаравіч  адзначыў, што за 2012 год забяспечана станоўчая дынаміка па вытворчасці асноўных відаў  прадукцыі  жывёлагадоўлі, у галіне тэмп росту кошту валавой прадукцыі склаў 104,1%.
У ААТ “АграБаравінка” сярэдні надой на карову перавысіў за мінулы год 5 тысяч кілаграмаў малака. Праўда,  на фоне гэтага поспеху  ў КУСГП “Ульскі” ён не дасягнуў і 3 тысяч. Шмат недабралі грошай з-за нізкіх вагавых кандыцый быкоў на ААТ “Лаўжанскае”, больш як 700 мільёнаў рублёў недалічыліся ў касе з прычыны нізкіх надояў і  нізкай якасці малака ў «Шумілінскім райаграсэрвісе». Гэта не па-гаспадарску, не ў інтарэсах таго, каб павышаць дабрабыт рабочага чалавека. Як пацвярджэнне – нізкая заработная плата, што выклікае законнае абурэнне рабочых. А адкуль брацца высокай пры такім стаўленні да справы? Зарплату трэба зарабіць.
Важкім можна лічыць леташні намалот збожжа, хаця 40,2 тысячы тон – гэта не дасягненне, пра якое можна гаварыць у хвалебных тонах. Нават 30 ц/га у ААТ “Прыазёрны мір” – самы лепшы паказчык па раёне – таксама не мяжа. У раёне  можна  дамагчыся валавога намалоту і 70 тысяч, але для гэтага трэба   выйсці на новы ўзровень якасці ў тэхналогіі вырошчвання збожжавых.  І тут, бясспрэчна, самая ключавая роля адводзіцца агранамічнай службе, кампетэнтнасці спецыялістаў. Кадры рашаюць усё. Гэты тэзіс  не можа заставацца дэкларацыяй, ён павінен стаць  нормай у рабоце кожнага кіраўніка.  Тым не менш у райаграсэрвісе,  у іншых гаспадарках не дбаюць пра вучобу кадраў, а значыць, адстаюць ад імклівай плыні часу, ад навукі і перадавой практыкі. Такое недапушчальна, злачынна проста  жыць сёння старым багажом.
У кантэксце тэмы кадраў “выплыў”  ганебны для кіраўніцтва КУСГП “Сіроцінскі” выпадак, калі даяркі на адной з ферм злілі ў чан з якаснай прадукцыяй малако, у якім утрымліваліся антыбіётыкі. Дзе была ў гэты час ветслужба, заатэхнікі?   Хто пакрые страты? Даяркі? Ветурач?..
Пасля прагляду відэафільма аб складніках высокіх надояў  старшыню райвыканкама У. П. Кураннога абурылі факты  нізкіх, у межах 120 грамаў, прываг цялушак для ўзнаўлення статкаў у некаторых гаспадарках раёна, што з прыходам цяпла не раскупорваюцца фермы, практычна не выгульваецца жывёла. А што ж самі гаспадарнікі, няўжо без падказкі, без таго, каб не патрапаць адзін аднаму  нервы, не могуць абысціся?
Сур’ёзны папрок у гэтым плане быў адрасаваны  і ветслужбе раёна (галоўны ветурач  І. У. Галуза).  Карысным быў відэаролік  і ў плане  падказкі пры доглядзе малочных статкаў з тым, каб  не таптацца на месцы з важкасцю надояў. Тым больш, што дзяржава выдзяляе  немалыя сродкі на рэканструкцыю і мадэрнізацыю жывёлагадоўчых памяшканняў і чакае ад гаспадарнікаў плённай і дастойнай аддачы.
Сумны,   нікчэмны выгляд і звонку і знутры мае ферма Мазекі ААТ “АграБаравінка”. Гэта засведчыў відэаролік, пракаменціраваны кіраўніцтвам раёна. Бруд, бязладдзе, расплывістыя “сподкі” вадкай фракцыі гною, напаўпустыя кармушкі для жывёлы…
Наогул жа трэба адзначыць жорсткі, непрадузяты  характар размовы. Многія кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў, раённых службаў, абслугоўваючыхсельскую гаспадарку,  прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці, пазбаўлены прэмій за невыкананне параметраў сацыяльна-эканамічнага развіцця за 2012 год, прызнана нездавальняючай работа ў гэтым   накірунку за першы квартал 2013 года кіраўніцтва ААТ “АграБаравінка”, “Прыазёрны мір”,  “Прыдзвінскі”, КУСГП “Ульскі”, “Сіроцінскі”, “Мішневічы”, УП “Шумілінскі райаграсэрвіс”, указана на недастатковую работу дырэктарам ААТ “Лаўжанскае” і “Ляжні”.
На заканчэнні пасяджэння  быў прадэманстраваны відэаролік  пра селекцыйную  работу ў  галіне буйной рагатай жывёлы,  пра клопаты аб якасных параметрах атрымання ялавічыны англійскімі фермерамі.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №28 ад 09.04.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *