Итоги подворного обхода в Ковляковском сельсовете подвели с выездом на место

Актуалии Сельское хозяйство

Удзельнікі аб'езду на чале са старшынёй райвыканкама У. П. Куранным у Крывасельскай дзіцячы сад-пачатковай школе

Сельсавет  пакінуў  дваякае  ўражанне
Падвядзенне вынікаў падворнага абходу ў Каўлякоўскім сельсавеце было зроблена ў панядзелак, 3 верасня. Мерапрыемства праходзіла пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама У. П. Кураннога з удзелам актыву раёна.
Сам падворны абход праводзіўся яшчэ ў першых чыслах жніўня, але яго абмеркаванне аднеслі крыху далей, як спадзе прыпар уборачных работ. Затое быў час разгледзець і вырашыць запыты людзей.
Пленарнаму пасяджэнню папярэднічаў аб’езд сацыяльна-культурных аб’ектаў у вёсцы Полькавічы і аграгарадку Крывое Сяло – школ, дзіцячых садоў, фельчарска-акушэрскіх пунктаў, магазінаў. З вытворчых аб’ектаў наведалі ферму ў Крывым Сяле і тэрыторыю мехдвара.
У цэлым Каўлякоўскі сельсавет пакінуў дваякае ўражанне. Так, тут душа радуецца прыгажосці прыдзвінскага прыроднага ландшафту,  і жыхары сельсавета, па ўсім бачна, любяць сваю зямлю. На ўсіх аб’ектах, дзе мы былі, парадак, дагледжаныя тэрыторыі, кветкі, газоны. Разам з тым, пасля паездкі на Каўлякоўшчыну ў сэрцы пасялілася трывога: а хто будзе заўтра жыць у гэтым падораным богам краі? Ужо сёння ў Крывасельскай школе-садзе 21 дзіця, а заўтра?
Тым не менш і ў маленькіх вёсачках Крывасельскага сельсавета людзі жывуць такімі ж клопатамі, як і ў вялікім горадзе: ім хочацца мець добрую работу, прыстойную зарплату. Хочацца, каб жыллё было добраўпарадкаваным, дарогі – роўнымі, гандлёвае, медыцынскае і іншае забеспячэнне – поўным і даступным. Наогул, каб жыццё было годным.
Мясцовая ўлада ўсе гэтыя пытанні трымае на кантролі, дзе як не ў сельвыканкаме, перш за ўсё ведаюць, каму трэба абмалаціць участак, завезці дроў, пачыніць водаправод… І такія мерапрыемствы, як падворны абход, дзень работы з насельніцтвам, быццам лакмусавая паперка, выяўляюць усе плюсы і мінусы ў рабоце ўлады, мясцовай гаспадаркі. Праўда, з адной агаворкай, на якой пастаянна засяроджвае ўвагу і кіраўнік раёна: рух павінен быць двухбаковым – не толькі ўлада для чалавека, але і чалавек – для сябе, найперш, для сваіх дзяцей. А відэакадры, якія паглядзелі ўдзельнікі мерапрыемства перад пачаткам пленарнага пасяджэння, сведчылі, што некаторыя “работнікі” ўжо з раніцы азадачаны толькі тым, каб набраць у магазіне віна, ну, а потым ужо “качаць правы”.
У цэлым жа ў Каўлякоўскім сельсавеце сітуацыя кантралюемая, і старшыня сельвыканкама Т. А. Дзятлава, і кіраўнік ААТ “Прыдзвінскі” У. І. Дзятлаў заўсёды стараюцца ісці насустрач людзям. Аб гэтым гаварылі і самі жыхары сельсавета падчас падворнага абходу, і тое, што ўсяго тут быў зарэгістраваны 21 зварот, 15 з якіх на момант правядзення мерапрыемства былі ўжо выкананы, 6 застаюцца на кантролі.
Са справаздачамі па выкананню зваротаў насельніцтва, узнятых падчас правядзення падворных абходаў, старшыня райвыканкама заслухаў старшынь усіх сельвыканкамаў. Па-ранейшаму больш за ўсё праблем застаецца па Обальскаму і Светласельскаму сельсаветах, большасць з іх – камунальнага характару.
Усё магчымае па выкананні зваротаў людзей будзе зроблена, падкрэсліў У. П. Куранны, калі гэтыя звароты абгрунтаваныя.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №71 ад 07.09.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *