«Золотые» горы на мусорной свалке

Актуалии Экология

Каб адыходы прыносілі даходы
Не сакрэт: чалавецтва патанае ў смецці. Толькі ў нашым раёне вакол населеных пунктаў дзесяткі гектараў заняты палігонамі па ўтылізацыі адыходаў, а прасцей кажучы, сметнікі ці звалкі. І яны ўвесь час пашыраюцца. Што ж рабіць? Дзе выйсце?
Цывілізаваны свет ужо прайшоў той шлях, на які мы толькі яшчэ ўступаем. У развітых краінах даўно ўжо смецце стала істотнай крыніцай даходаў. У нас ёсць магчымасць не паўтараць чужых памылак. Мы можам браць лепшы вопыт перапрацоўкі смецця, якое, дарэчы, працэнтаў на 80 і не смецце, а другасная сыравіна: папера, пластык, метал, гума, шкло. Прычым перапрацоўваць яго значна танней, чым вырабляць з пярвічнай прыроднай сыравіны.
Аднак праблему вырашаем марудна і бессістэмна. Па-першае, жадае лепшага работа з адыходамі і другаснай сыравінай ў арганізацыях, якія гэтым займаюцца (у нас у Шумілінскім раёне гэта УП ЖКГ і распажыўтаварыства (нарыхтоўкі). Па-другое, адказнасць, сумленне звычайнага чалавека: не прывучаны ён яшчэ да парадку. І нарэшце – няўзгодненыя намаганні грамадзян і ЖКГ.
На мінулым тыдні інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Шумілінскага раёна правяла рэйд на палігон цвёрдых бытавых адходаў (ЦБА) г. п. Шуміліна. Пакінем у баку тыя патрабаванні, што тычацца арганізацыі работы палігона – закрыты ўезд, шыльды, схемы маршрутаў, пляцоўкі для разгрузкі і іншае. Каля будачкі на ўездзе на палігон ЦБА быццам бы зроблена некалькі секцый, у якіх складзены пластыкавыя бутэлькі, металалом, папера, штабель драўняных адыходаў. Але гэта кропля ў моры смецця, якое разраўноўваецца і хаваецца пад лапатай бульдозера. Нават не заходзячы далёка, бачыш, што па ўсім палігоне раскіданы дзесяткі, калі не сотні тысяч пластыкавых бутэлек, якія ніхто не збірае, якія слой за слоем проста закопваюцца.
Разам з начальнікам інспекцыі Г. М. Кісялевічам і інспектарам І. Г. Блізнец, прадстаўніком УП ЖКГ А. Г. Шаршуном абыходзім тэрыторыю палігона. Увагу прыцягваюць акуратна запакаваныя мяхі з абрэзкамі плёнкі і полістырольнымі латкамі з лагатыпам “Вітконпрадукт”. Груды з 5-6 такіх мяхоў сустракаюцца ў некалькіх месцах (значыць, прывозяцца на палігон рэгулярна). Мяхоў такіх быць на палігоне не павінна: прадпрыемства абавязана здаваць адыходы пластыка у адпаведныя арганізацыі. Ну, а калі трапілі, дык чаму не забралі чыстыя ўпакаваныя адыходы і не складзіравалі ўжо тут, на палігоне?
Па ўсёй тэрыторыі раскіданыя гумавыя аўтамабільныя шыны (адыходы маюць 3-і клас небяспекі і наогул не могуць закопвацца). Іх трэба збіраць і здаваць на перапрацоўку.
Сустракаем горы шкляных бутэлек і бітага шкла. Гэта таксама каштоўная сыравіна, якую тут, па ўсім відаць, таксама закопваюць. Па ўсім палігоне раскіданы кардонныя каробкі, часам туга забітыя паперай і кардонам, зноў іх ніхто не падабраў і не складзіраваў. Дарэчы, на адной з такіх каробак подпіс маркёрам: “Алімп” (адна з крамаў райспажыўтаварыства).
Калі райспажыўтаварыства таксама нарыхтоўвае паперу і другасную сыравіну, дык чаму не арганізуе нарыхтоўку ад сваіх магазінаў?
Ну, і паўсюдна горы бутэлек – з-пад вады, піва, ліманаду і г.д. Вось пад’язджае смеццявоз, выгружае смецце, сабранае з кантэйнераў у жылым фондзе. І зноў дзесяткі, калі не сотні, пластыкавых бутэлек, якія яўна пойдуць пад бульдозер.
Зразумела, для УП ЖКГ збор другаснай сыравіны – лішні клопат. Але дзяржава не здымае з камунальнікаў гэтага. А пры правільнай арганізацыі работы з адыходамі яны могуць стаць крыніцай дадатковых даходаў.  Бо нават калі 1,5-літровая пластыкавая бутэлька важыць за 40 грамаў, можна сцвярджаць, што на палігоне закопваюцца дзесяткі тон пластыку. Дарэчы, тона яго каштуе  12 мільёнаў рублёў.
Г. М. Кісялевіч заўважыў: “УП ЖКГ неабходна сур’ёзна змяніць адносіны да работы з другаснай сыравінай і з адходамі. На палігоне ЦБА ў Обалі сітуацыя не лепшая, чым у Шуміліне. Па першае, каб эфектыўна працаваць з ПЭТ-бутэлькай, прадпрыемству трэба набыць прэс, які пры такой цане прэсаванага пластыку акупіцца хутка.
Не занепакоены зборам макулатуры і пластыкавых адходаў гандлёвыя прадпрыемствы. Райспажыўтаварыства не купляе макулатуру і пластык ад юрыдычных асоб, ды і ад грамадзян прымае не пастаянна. Трэба ламаць такую псіхалогію, асабліва ў Год беражлівасці…”
Па выніках рэйду, сказаў Генадзь Мікалаевіч, службовыя асобы прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. Дарэчы, штрафы за парушэнні ў рабоце з адыходамі высокія: ад 5 да 50 базавых велічынь для фізічных і да 500 БВ – для юрыдычных асоб. Але вызначальным фактарам ў рабоце з адыходамі і другаснай сыравінай павінна быць усё ж не пагроза штрафаў, а арганізаваная работа  і эканоміка.  Каб адыходы прыносілі даходы.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №30 ад 16.04.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *