Такой путь к пониманию проблемы должен пройти каждый

Общество Экология

Як я стала “эканоміць” на пакетах
Прызнаюся шчыра: раней я без шкадавання выкідвала цэлафанавыя пакеты. Купіла цукерак, з’ела, а пакет – у сметнік. Тое самае і з “майкамі”: атаварваючыся ў магазіне, заўжды купляла новы пакет, не абцяжарваючы сябе клопатам  прыхапіць такі ж з дому.
Зараз занепакоена думаю: колькі цэлафанавых пакетаў можа спажыць за год адзін чалавек? А цэлая сям’я? Не лічыла, але ўпэўнена, што сотні. Можна меркаваць, што ў маштабах планеты  складваецца лічба, якая нясе пагрозу ўсяму чалавецтву. Але гэта сапраўды цяжка ўсвядоміць, так, як цяжка адмовіцца ад таго камфорту паўсядзённага жыцця, які гарантуе выкарыстанне поліэтыленавай упакоўкі.
Чытала, што за мяжой пакрысе адмаўляюцца ад “шкоднай” тары: у Англіі многія гіпермаркеты добраахвотна  знізілі яе долю на 25%, мяркуючы неўзабаве наогул адмовіцца. Многія дзяржавы выступаюць супраць палімернай упакоўкі ў цэлым, павышаюць падаткі на яе вытворчасць, забараняюць наогул, як у некаторых штатах Амерыкі. Вучоныя падлічылі, што сёння поліэтыленавыя пакеты складаюць каля 10% усяго ўтворанага людзьмі смецця. Атрымліваецца, эколагі ўсяго свету небеспадстаўна б’юць трывогу.
Не ведаю, як каму, але мне сапраўды неяк сорамна за сябе, за сваё “дзікунства”.
Я пачала з таго, што перастала выкідваць маленькія пакецікі і адпаведна – адпала неабходнасць купляць іх у спецыяльных рулонах па сто штук. Я  выдзеліла для гэтага паліцу і складваю туды ўсе тыя пакеты, якія яшчэ прыдатныя для выкарыстання. У іх я летам замарожваю грыбы-ягады, у іх пакую перакусы і ўсё тое, для чаго раней выкарыстоўвала асобна купленыя пакеты. Не, я іх не мыю, як і не мыю пакеты з-пад малака ці кефіру. Хаця гэта таксама варыянт, да якога, магчыма, хутка дарасце і мая самасвядомасць. Калі іду ў магазін, то ўжо не набіраю 15 пакетаў: па адным для кожнага сырка. І наогул, стараюся браць пакеты з дому. У маёй сумачцы, аказваецца, лёгка ўмяшчаюцца пакет-майка і пара-тройка маленькіх пакецікаў. Яшчэ стараюся не купляць у супермаркетах тавар у маленькіх пакеціках на замках, у якія звычайна пакуюць па пяць цукерак ці мармеладзін. Лепш узяць тое самае на вагу: некалькі гатункаў цукерак можна пакласці ў адзін пакет, прыхоплены з дому. Яшчэ трохі і пашыю торбу з лёну ці бавоўны, каб наогул адмовіцца ад “маек”. Дзве-тры такія торбы на сям’ю пазбавяць кухню ад гары непатрэбных пакетаў, якая, як бы ні стараўся, расце і расце. Муку, цукар, соль  і ўсё астатняе, што магчыма, выбіраю менавіта ў папяровай упакоўцы. Дарэчы, шмат дзе за мяжой менавіта папера – галоўны матэрыял для ўпакоўкі. Зусім не сорамна адмовіцца ад чарговага пакеціка, купляючы, скажам, піражок. Прадавец, здаецца, абавязаны завянуць яго ў паперку. Некаторым па сілах адмовіцца ад пакетаў для смецця, але гэта кропля ў моры. Няхай бы вучоныя прыдумалі што-небудзь узамен, не такое шкоднае для прыроды.
“Хімія” парушае натуральнае праходжанне паветра і вады ў глебе, што вядзе да скарачэнне лясоў, садзейнічае выкідванню парніковых газаў, штогод забівае каля 100 тысяч марскіх жыхароў, якія заблытваюцца ў ім ці праглынаюць, прымаючы за ежу. У Нармандыі на бераг выкінула мёртвага кіта, у кішэчніку якога знайшлі 800 кілаграмаў пластыкавых адыходаў. Калі ёсць жаданне, то ў інтэрнэце можна і не такое прачытаць.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №32 ад 23.04.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *