Взрослые проблемы детского кафе

Актуалии Общество Экономика

Ці тая арыентацыя, або ці патрэбна КЛЯКСа на рэпутацыі?
Нечаканы рэзананс на сайце раёнкі атрымаў матэрыял “Справаздачы па болевых кропках жыцця”, дзе сярод іншага гаварылася і пра абслугоўванне ў кафэ “Клякса”. Прыводзіліся словы кіраўніка раёна У. П. Кураннога пра тое, што варта перагледзець работу кафэ, адыйсці ад продажу ў ім спіртнога. Мы вырашылі правесці сваё незалежнае расследаванне і высветліць, ці сапраўды дзіцячае кафэ ў парку дае столькі падстаў для крытыкі.
Адразу хочацца адматаць год і аднавіць у памяці нараканні якраз на тое, што дзіцячага кафэ ў горадзе няма, а сёння на сайце Случайный піша: “Такая “Клякса” гораду не патрэбна”. У чым справа? Ці то запатрабаванні выраслі, ці то сапраўды ёсць да чаго прычапіцца.
Першае, на што мы звярнулі ўвагу, дык гэта на тое, што “Клякса” нідзе не абазначана, як дзіцячае кафэ. На шыльдзе заяўлена – міні-кафэ. Нічога ў афармленні залы не гаворыць пра тое, што тут нацэлены выключна на абслугоўванне маленькіх наведвальнікаў. Тут не прапануюць паслугі па правядзенні дзіцячых святаў, меню таксама цяжка западозрыць у “дзіцячасці”, вялікі плазменны экран мульцікаў не паказвае. Калі гэта самае звычайнае кафэ, якое не прэтэндуе на канкрэтную аўдыторыю, то ўсе прэтэнзіі да яго рэзка губляюць сваю актуальнасць. Ці ўсё ж прэтэндуе?
Звычайны працоўны дзень. На гадзінніку 16.45. Разам з дзіцём накіроўваемся ў гэта самае кафэ. Яго дзверы прыветна расчынены, унутры – чыста і пуста, пузатыя прэтэнцыёзныя канапы адпачываюць у чаканні кліентаў. Але кліентаў пакуль няма. Тэлевізар трансліруе вядомы канал, глядзець які дзецям не пажадана. Малы “заказвае” сок і чупа-чупс, а я тым часам вывучаю прад-’яўлены асартымент. Шакаладкі, вафлі, сокі, чыпсы, цукеркі, фрукты, нават фінікі ёсць. Ёсць пірожныя і марожанае, толькі ежы няма. Безумоўна, калі за ежу не браць смажанкі, піццы і хот-догі. Есці ўсё гэта, канешне, можна, але толькі не дзецям. А мы ўзялі за мэту ацаніць сітуацыю менавіта з пункта гледжання прыдатнасці кафэ для дзіцячага карыстання.
– Чым у вас можна павячэраць? – пытаюся ў прадаўца.
– Нічым, – адказвае прадавец. – Мы нічога не гатуем: умоў для гэтага няма.
І сапраўды, за прылаўкам – не развярнуцца: вітрына, халадзільнікі, а паміж імі – вузенькі праход, у якім і стройнай кабеце будзе цеснавата. Хачу заказаць кубачак натуральнай кавы – зноў адмова, і зноў па той жа прычыне. За спіной у прадаўца стаіць мікрахвалёўка, побач – піраміда з пластыкавых сталовых прыбораў. Чайнік, для якога няма іншага месца, размясціўся прама на мікрахвалевай печы. Ясна, што кофе-машына для “Кляксы” – недазваляльная раскоша: яе проста няма куды ставіць. Наогул, абмежаванасць прасторы цягне за сабой доўгі хвост праблем і нязручнасцяў. Посуд у кафэ – толькі аднаразовы, бо няма ўмоў для яго мыцця. З пастаўшчыкамі напрамую складана дамаўляцца, бо няма склада, а жменьку цукерак у Шуміліна ніхто не павязе. Тут не могуць нават зварыць пельмені ці прыгатаваць якую-небудзь просценькую салату – няма месца. Можа, і не дужа ўдалай аказалася ідэя абсталяваць кафэ такімі брутальнымі канапамі. Невялікія столікі з крэсламі дазволілі б больш рацыянальна арганізаваць прастору.
Пакуль мы з Анжэлай (працуе ў “Кляксе” з дня яе аднаўлення) размаўлялі, адна дзяўчына паспела з’есці смажанку, а малады бацька з дачкой выпіць соку. Падышлі яшчэ дзве жанчыны, заказалі малочны кактэйль, пірожныя і, здаецца, па смажанцы. На пытанне, ці падабаецца кафэ, адказалі адназначна, што кафэ добрае, што ходзяць сюды часта, што гэта, бадай, адзінае месца ў горадзе, дзе можна вось так пасля працы адпачыць з сяброўкай, з’есці пірожнае, паразмаўляць.
Больш за ўсё чытачы раёнкі наракалі на тое, што ў дзіцячым кафэ прадаецца спіртное. На гэта прадавец яшчэ раз заўважыла, што “Клякса” – не дзіцячае кафэ, а моцныя напіткі прадаюцца толькі пасля 21.00. Але шчыра прызналася, што ўвесь гэты час “кафэ трымалася выключна на спіртным”. Добрыя абароты былі толькі ў першы месяц работы. У дзень адкрыцця, да прыкладу, “Клякса” выручыла 9 мільёнаў, чаго больш ніколі не паўтаралася. За мінулы месяц тавараабарот быў у межах 25-ці мільёнаў. Ёсць спадзяванне на тое, што летам жыццё ў кафэ ажыве. Але зноў жа, толькі пры ўмове, што тут пакінуць алкаголь, лічыць прадавец, на “дзіцячым” асартыменце не пратрымацца.
Асноўная маса наведвальнікаў – моладзь, а не дзеці. Час пік – пасля 21 гадзіны, не трэба тлумачыць чаму. Школьнікі забягаюць на перапынку ці з прадлёнкі, але на тавараабароце гэта адбіваецца слаба. Цікавы факт: кафэ супрацоўнічае са сталовай СШ №1. Тут прадаюцца іхнія булачкі, катлеты у цесце, піцы, і дзеці часта купляюць усё гэта менавіта ў “Кляксе”, а не ў школьным буфеце, нягледзячы на гандлёвую надбаўку. Бацькі час ад часу адзначаюць тут дні нараджэння дзяцей, прыносяць флэшкі з мульцікамі, заказваюць тарты (іх прывозяць з Віцебска, як і самыя папулярныя пірожныя).
Якія просяцца высновы? Па ўсіх прыкметах “Клякса” – не дзіцячае кафэ, пра што яскрава сведчыць наша расследаванне. Гэта самы звычайны аб’ект грамадскага харчавання, які б добра “ўпісаўся”, скажам, у антураж якога-небудзь вакзала, дзе вялікі паток людзей і ні ў каго не ўзнікаюць прэтэнзіі на высокі клас абслугоўвання. У такім яго выглядзе кафэ варта вынесці з цэнтра горада, выказваліся на сайце, хай аматары выпіць робяць гэта падалей ад школы і парка.
Але сама назва кафэ, яго знаходжанне ў парку, дзе заўжды поўна дзяцей, былая яго добрая рэпутацыя – усё адсылае нас да ўспрыняцця “Кляксы” менавіта як дзіцячага кафэ. Нашы чытачы бачаць кафэ без спіртнога, з багатым асартыментам салодкага. Калі дакладна трансліраваць іх пажаданні: “Хочацца бачыць марожанае са свежымі фруктамі, разнастайнае жэле, дэсерты ў крэманках. Можна ўвесці латарэю для дзяцей, посуд набыць (хоць і аднаразовы) з выявамі казачных герояў. Неабходна ствараць для нашых дзяцей казку”;  “Замест вагончыка можна было паставіць прыстойны павільён”; “Райпо дакладна не зможа разгарнуцца, тут прыватнік патрэбны”.
Думаецца, што райспажыўтаварыству ёсць сэнс пачуць сваіх жа кліентаў. Зрабіць нешта такое, каб кафэ заіграла ўсімі фарбамі вясёлкі, каб, стаўшы па-сапраўднаму дзіцячым (безалкагольным), яно прыносіла сур’ёзны прыбытак. Неяк не хочацца верыць у тое, што мы здатныя плаціць толькі за “дарослыя” напіткі. Мы любім сваіх дзяцей, унукаў. Мы з задавальненнем арандуем кафэ на вечар, каб адзначыць там дзіцячы дзень нараджэння, а калі сярод паслуг будуць прадугледжаны паслугі аніматара, клоуна; калі афармленне кафэ будзе арыентавана на дзіцячую аўдыторыю, калі меню дазволіць рабіць выбар, то, упэўнена, з жадаючых выстраіцца чарга, людзі будуць прыязджаць з усяго раёна, а мо і з горада. Але на аўтарытэт спачатку трэба папрацаваць. І тыя, хто жадаюць выпіць, пакрыўджанымі не застануцца: ёсць “Блюз”, “Фартуна”, “Метан”, “Караван” і іншыя месцы для дарослых.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №32 ад 23.04.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *