Люди, события, судьбы – история одной фотографии

Людзі і лёсы

Засталася ва ўспамінах…
Са смугі далёкіх гадоў глядзіць са здымка маладая дзяўчына з засяроджаным тварам. Сумна мне, што яе даўно няма сярод нас. Націснуў фатограф на кнопку, “выскачыла птушачка” і — спыніла імгненне. Сучасныя дзяўчаткі, каму паказвала гэты зжаўцелы здымак, захоплена гаварылі: ”Гэта ж трэба — туфлі і цяпер такія ў модзе! І сукенка — такую і цяпер носяць. Калі б не зацёртае старое фота і не вытанчанае багетнае крэсла — можна падумаць, што здымак з 21-га стагоддзя…”
На фота — мая дваюрадная бабуля, родная сястра майго дзеда Нікана Нікіфаравіча Надзея Храмцова. Нарадзілася яна ў вёсцы Ветахі, што была да вайны ў межах сённяшняга Сіроцінскага сельсавета. Яна была апошняй у сям’і Храмцовых. Стаіўшы дыханне, я слухала ўспаміны дзеда Нікана аб пошуках лепшага жыцця…
Сям’я дзеда, наслухаўшыся баек бывалых людзей, у 1927 годзе адпраўляецца ў Сібір. Там шмат вольнай і ўрадлівай зямлі, магчыма, не такія і жорсткія законы. З імі едзе ў свет як у капейку і малодшая дзедава сястра Надзейка.
Але перасяленцаў у Сібіры ніхто не чакаў. Тым не менш у Новасібірску Надзя пазнаёмілася з кітайскім прад-прымальнікам, які возіць тавары з Сібіры ў Кітай і наадварот. Ён закахаўся ў беларускую сялянку, ажаніўся і звёз яе ў “паднябесную”, у горад Шанхай.
Не прыжылася ў Сібіры сям’я дзеда Нікана. Здаецца, і адвялі хату, і далі кавалак зямлі, але і тут загаварылі пра калгасы. Словам, ад чаго ўцякаў, да таго і вярнуўся. А тут пісала з Беларусі слёзныя лісты аб тым, што цяжка ім без мужчыны, дзедава маці са сваёй старэйшай дачкой.  Вырашыў дзед вяртацца:  ад калгаса не адратуешся, затое — на радзіме. І ў 1928 годзе сям’я вяртаецца ў вёску Ветахі. Але без Надзеі…
Доўга не было ад яе вестак з Кітая. Ужо не было прабабулі, яе сястра выйшла замуж і выехала, сям’я дзеда пераехала ў вёску Сіманаўка Заронаўскага сельсавета: там жылі родныя бабулі…
Нарэшце Надзя азвалася, узялася дасылаць пасылкі з рознымі кітайскімі забаўкамі. А тут — вайна. Перад эвакуацыяй увесь скарб, што нельга было вынесці, закапалі. У яму паклалі і альбом з фатаграфіямі, які быў загорнуты ў цырату. Падчас бамбёжкі яма была ўзрыта, альбом выкінула, здымкі перамяшаліся з зямлёй. Некаторыя захаваліся. Адзін з іх і вось гэты — адзіны з выявай дарагой мне бабулі Надзеі Нікіфараўны Храмцовай. Вядома, ужо, напэўна, не Храмцовай: замужам за кітайцам, яна не магла заставацца на сваім прозвішчы…
Помню яшчэ: сярод кітайскіх цацак былі ў нас пасля вайны жоўтае казляня з косці і нейкае дзіўнае медзведзяня з каменю. Гуляць з імі мне не дазвалялі, я магла іх толькі патрымаць у руках.
На жаль, вайна абарвала нашу перапіску. У пасляваенны час сям’я не атрымала ніводнай вестачкі ад Надзі.  Яна засталася жыць у нашых цёплых успамінах. І кожны раз, як трапляецца на вочы гэты здымак, я згадваю яе, беларускую кітаяначку з вёсачкі Ветахі, што была некалі на Сіроціншчыне…
Аліна БАСТАВА,  г. Гарадок.

опубликовано в №75 от 28.09.2010.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *