Приёмная семья Ревченко растёт с каждым годом

Общество Семья

У Рэўчанкаў цяпер шасцёра дзяцей
Гавораць, што ў вялікім доме павінна жыць вялікая сям’я. Можа, яно і так. Але сям’я Рэўчанкаў з Обалі  – Антаніна Уладзіміраўна і Сяргей Станіслававіч – чэсна прызнаюцца, што калі будавалі катэдж, у якім зараз жывуць, тады не думалі, што вось будуць мець такую вялікую сям’ю.
Тады была толькі дачушка Каця. І, можна сказаць, у якойсьці меры яна натхніла сваіх бацькоў на адказны і пачэсны ўчынак – узяць дзіця з прытулку.
“Мама, хачу браціка ці сястрычку, ва ўсіх ёсць, а ў мяне няма”, – ледзь не кожны дзень даймала дзяўчынка. Але бог не даваў дзіцятка, і тады Рэўчанкі звярнуліся ў Дом дзіцяці ў Віцебску. На той час дакументы для ўсынаўлення былі гатовы толькі ў паўтарагадовай Насцечкі. Яе і забралі з сабой новыя бацькі. “Ну, такая прыгожанькая  дзяўчынка, такая ласкавая, – кажа гаспадыня Антаніна Уладзіміраўна. – Мне здавалася, што яна на самой справе наша дачка. Яе палюбіла ўся наша радня. Зараз Насця ўжо дарослая. Ёй 18, яна вучыцца ў каледжы сувязі. Прыязджае дадому ледзь не кожныя выхадныя. Гаворыць, што не можа без мамы і таты, без братоў і сясцёр.
Праз год, як удачарылі Насцю, Антаніна Уладзіміраўна даведалася, што цяжарная. Гэта было так нечакана, бы ўзнагарода за тое, што прытулілі чужое дзіця. Так у сям’і і з’явіўся Дзіма.
Зараз Дзмітрый ходзіць у дзявяты клас. Лічыць сябе даволі дарослым. І дроў наносіць, і карову пакорміць, дапамагае бацькам прыглядваць за малодшымі –  у мінулым годзе ў яго з’явіліся дзве сястрычкі і брацік. Каця Старавойтава вучыцца ў шостым класе. Каця Окунева – васьмікласніца. А яе брацік Ілья ходзіць у першы клас.
Так што ў Рэўчанкаў цяпер шасцёра дзяцей. Антаніна Уладзіміраўна, якая раней працавала на Обальскім керамічным заводзе, пайшла на льготную пенсію. Увесь свой час яна аддае сям’і. У яе свой прынцып выхавання: “Калі бралі дзяцей, спытала ў іх, ці згодныя яны на традыцыі, якія існуюць у нашай сям’і: не красці, не ілгаць, слухацца дарослых. Усе згадзіліся. І пакуль не парушалі дадзенага слова”.
Рэўчанкі мараць, каб усе іхнія дзеці выраслі дастойнымі людзьмі, шчырымі і добрымі. А пакуль дзеці вучацца ўсяму гэтаму. Вучацца будаваць узаемаадносіны ў сям’і, адзін з адным, ствараць прыгажосць сваімі рукамі (маюць уласны праект клумбаў ля дома), прыносіць адзін аднаму радасць. І Рэўчанкі задаволены, што ў іхнім вялікім доме жыве такая вялікая дружная сям’я.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №34 ад 30.04.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *