Заседание райисполкома прошло в Шумилино 25 апреля

Актуалии Президент

Былі б багатыя, эканомілі б?
У мінулую пятніцу адбылося пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта, якое правёў кіраўнік раёна У. П. Куранны.
Першыя два пытанні, вынесеныя на парадак дня – “Аб практыцы разгляду гаспадарчым судом Віцебскай вобласці спраў з удзелам арганізацый і суб’ектаў гаспадарання Шумілінскага раёна і выкананні судовых пастаноў” і “Аб ходзе рэалізацыі Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 3 “Эканомія і беражлівасць – галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы”, – цесна ўзаемазвязаны. І ў першым, і ў другім выпадку размова ішла пра ашчаднае стаўленне да матэрыяльных каштоўнасцей, пра тое, што кожную капейку трэба лічыць і берагчы. Але вось парадокс: чым бядней арганізацыя, тым бяздумней, здараецца, там вядуць справы. Якраз, як у майго знаёмага, які пра эканомію адказвае наступным чынам: “Калі б быў багаты, эканоміў бы, а так што эканоміць?..” Атрымліваецца замкнёнае кола.
Менавіта пра гэта гаварыла суддзя гаспадарчага суда Віцебскай вобласці В. А. Гаціла. Лейтматывам яе выступлення была думка: навошта даводзіць справу да суда, навошта плаціць дадатковыя судовыя расходы, калі можна дамовіцца без суда? Вольга Андрэеўна парэкамендавала не зацягваць вырашэнне праблемы, актыўней выкарыстоўваць прымірыцельную працэдуру. Але гэта не робіцца, таму, як праінфармавала суддзя, на 12 красавіка 2013 года ў гаспадарчым судзе на выкананні знаходзілася 138 выканаўчых вытворчасцяў у адносінах да даўжнікоў, зарэгістраваных і размешчаных на тэрыторыі Шумілінскага раёна. Агульная сума запазычанасцяў складае звыш 8 мільярдаў рублёў.
Суддзя падкрэсліла, што ў большасці сваёй прадпрыемствы адцягваюць разлікі па даўгах, спасылаючыся, што няма грошай, Але калі справа даходзіць да суда, знаходзіцца не толькі сам доўг, але і пеня, і дзяржпошліна. Як характэрны, яна прывяла прыклад з “Шумілінскім лясгасам”, які не згаджаўся плаціць 27,8 мільёна доўгу мінскаму прыватнаму прадпрыемству “Сэрвісгарантплюс” (іск быў пададзены ў сувязі з невыкананнем дагавораў пастаўкі). Але суд прызнаў іск правамоцным, і лясгас, акрамя асноўнага доўгу, заплаціў яшчэ 5,5 мільёна рублёў дзяржпошліны і амаль 4  мільёны пені.
Вось такая эканоміка, падсумавала суддзя гаспадарчага суда, вось такое выкананне Дырэктывы № 3 “Эканоміка і беражлівасць – галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы”.
Наогул, размова  па гэтым пытанні была вельмі напружанай. Старшыня райвыканкама падкрэсліў, што практыка назапашвання даўгоў  нічым добрым не закончыцца, як у выпадку з “Шумілінскім льнозаводам”, у адносінах да якога сёння разглядаецца справа аб банкруцтве.
Такое вядзенне спраў асобнымі гаспадарнікамі сталі падставай да прад’яўлення ім шматлікіх прэтэнзій і па выкананні Дырэктывы №3 “Эканомія і беражлівасць – галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы”.
Аналіз сітуацыі зрабіў намеснік старшыні райвыканкама А. П. Быкаў. Алег Пятровіч адзначыў, што важнейшым вынікам 2012 года і першага квартала бягучага года сталі рост аб’ёмаў вытворчасці прамысловай прадукцыі, экспарту, інвестыцый у асноўны капітал, стварэнне новых рабочых месцаў, павелічэнне колькасці занятага насельніцтва. Выкананне мэтавага паказчыка па энергазберажэнні ў цэлым па раёне склала мінус 5,6% у 2012 годзе і мінус 2,1% у мінулым перыядзе бягучага года. Павялічылася выкарыстанне мясцовых відаў паліва, доля якіх у паліўным балансе раёна ў 2012 годзе склала 29,4%, у студзені-сакавіку – 37,8%.
А. П. Быкаў адзначыў работу Обальскага керамічнага завода па мадэрнізацыі вытворчасці, па павелічэнні экспарту прадукцыі, імкненне прадпрыемства не проста выстаяць, але і рухацца наперад.
Гэта імкненне абальчан заўважана і на абласным узроўні, аб чым паведаміў намеснік начальніка Віцебскага абласнога ўпраўлення па нагляду за рацыянальным выкарыстоўваннем паліўна-энергетычных рэсурсаў В. І. Ваігулянец, які прыняў удзел у рабоце пасяджэння.
Разам з тым на тым жа “Шумілінскім льнозаводзе” не выкананы мерапрыемствы раённай праграмы энергазберажэння, ніякіх мер на прымаецца па мадэрнізацыі вытворчасці. А. П. Быкаў падкрэсліў, што гэтыя акалічнасці прывялі да таго, што за 2012 год на прадпрыемстве затраты на 1 рубель вырабленай прадукцыі выраслі  тут на 10,8%, матэрыялаёмістасці – на 19,7%, энергаёмістасці – на 17,8%.
У праекце рашэння райвыканкама па гэтаму пытанню работа ААТ “Шумілінскі льнозавод” прызнана нездавальняючай. Такую ж адзнаку атрымала і УП ЖКГ за невыкананне мерапрыемстваў па рэалізацыі асноўных накірункаў энергазберажэння.
На пасяджэнні райвыканкама было разгледжана таксама выкананне распараджэння старшыні райвыканкама ад 30 сакавіка 2012 года “Аб мерах па забеспячэнні кампенсацыі абавязанымі асобамі расходаў па ўтрыманні дзяцей”.
Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама С. В. Валекава, якая выступіла з інфармацыяй, расказала, што на 1 красавіка бягучага года ў Шумілінскім раёне пражывае 112 чалавек, абавязаных кампенсаваць расходы на ўтрыманне дзяцей. Але цалкам кампенсуюць расходы на дзяцей толькі 28 чалавек, астатнім “не дазваляюць” нізкая прафесійная кваліфікацыя і, як следства, невялікія заробкі, а таксама шматлікія прагулы і нежаданне наогул працаваць.
Патрабаванне старшыні райвыканкама У. П. Кураннога да кіраўнікоў арганізацый, дзе працуюць абавязаныя, да работнікаў міліцыі былі катэгарычнымі: прымусіць працаваць! Кіраўнік раёна ўзяў гэтае пытанне пад асабісты кантроль, абавязаў кожны панядзелак дакладваць, як ідзе выкананне вышэй названага распараджэння.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №34 ад 30.04.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *