Праздник главной професии – День учителя

Людзі і лёсы Общество

Настаўніцтва не мае межаў

Председатель райисполкома В. А. Подлещук и ветеран-педагог М. А. Зайцева

Сапраўднае настаўніцтва – катэгорыя, што не ведае ні ўзроставых, ні часавых межаў. Некалі ўзяўшы на сябе
абавязкі дырэктара школы, Марыя Антонаўна Зайцава ўжо даўно заслужыла законны адпачынак, але і сёння жыве праблемамі і радасцямі роднай, Слабадской школы (тым больш, што сядзіба яе размешчана непадалёк, і былая настаўніца можа ўвачавідкі назіраць за школьным жыццём). Як асабістае ўспрымаецца ёй усё, што дзеецца там: прыйшлі маладыя настаўнікі, нехта ажаніўся, пра іншага выпускніка напісалі ў газеце – усё востра перажываецца, прапускаецца праз сэрца.
Не цяжка ўявіць пачуцці настаўніцы, калі разгарнулася будаўніцтва школы, распачатае ў далёкую пару яе дырэктарства. Закіпела жыццё на будаўнічай пляцоўцы, і Марыя Антонаўна зажыла надзеяй, што яе мара нарэшце спраўдзіцца – мара пра вялікую сучасную школу для слабадчан, мара, якой пагражала ніколі не стаць явай.
На фота разам Марыя Антонаўна і Вальдэмар Антонавіч Падляшчук у дзень адкрыцця новай школы. Разам радуюцца гэтаму, віншуюць адзін аднаго з такой важнай для жыцця вёскі ды і ўсяго раёна падзеяй. Кіраўнік раёна дзякуе настаўніцы за адданасць справе, жадае здароўя і маладосці. А яна, сапраўды, маладая і прыгожая, поўная сіл і жадання жыць, ствараць прыгажосць вакол сябе і радавацца кожнаму дню бясцэннага жыцця.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.

“Ёсць поспех усяго калектыву”
Пасля першых хвілін размовы з дырэктарам Мікіціхінскай СШ Вольгай Мікалаеўнай Асташонак разумееш, што для яе галоўнае – школа. Яна з лёгкасцю можа знайсці агульную мову з любым чалавекам, умее выслухаць і зразумець.
Вольга Мікалаеўна яшчэ калі вучылася ў школе, цвёрда вырашыла, што будзе настаўнікам пачатковых класаў. Закончыла Віцебскі педагагічны інстытут. Па размеркаванні Вольгу Мікалаеўну і яе мужа Аляксандра Яўгенавіча, настаўніка фізкультуры, накіравалі на работу ў Сіроцінскую школу. Маладой настаўніцы пачатковых класаў адразу ўдалося ўлюбіць у сябе дзяцей, якія адчулі яе цеплыню і шчырасць. “Хочацца сказаць вялікі дзякуй тагачаснаму дырэктару Сіроцінскай СШ У. П. Курыловічу і завучу Н. І. Цюлько за прафесійную падтрымку і чалавечыя адносіны да нашай маладой настаўніцкай пары, – дзеліцца В. М. Асташонак, – гэта нам вельмі дапамагло ў станаўленні”.
Пасля таго, як у Мікіцісе адкрылася новая школа, сям’я пераехала ў Мікіціху. Ініцыятыўнасць, невычэрпная энергія, справядлівасць і душэўная цеплыня вельмі  імпанавалі і дзецям, і бацькам, і калегам. Гэтыя  якасці сталі прафесійным крэда настаўніцы Асташонак. Дарэчы, многія з вучняў Мікі-ціхінскай школы абралі настаўніцкую сцежку: у роднай школе працуюць трое яе былых вучняў, а ўсяго 41 выпускнік атрымаў настаўніцкую прафесію.
У 1999 годзе В. М. Асташонак становіцца завучам па выхаваўчай рабоце, а тры гады назад – дырэктарам. Яна і сёння ўпэўнена, што калі б не было падтрымкі на рабоце ўсяго калектыву, а дома – мужа і сыноў, то з дырэктарствам наўрад ці справілася б. Вольга Мікалаеўна ніколі не называе працуючых у Мікіціхінскай СШ сваімі падначаленымі, а толькі калегамі, якія робяць агульную справу.
“Не бывае поспехаў аднаго дырэктара школы, а ёсць поспех усяго калектыву, – адзначае дырэктар. – Мне пашчасціла, што ў мяне такі калектыў, што адной з маіх папярэдніц была Галіна Ва-сільеўна Асташонак, якая нацэльвала калектыў на самыя высокія вынікі”. І яны не прымусілі сябе чакаць: летась больш чым 66% выпускнікоў Мікіціхінскай школы паступілі ў ВНУ, а сёлета – 71%.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.

“Не строгі, але патрабавальны”
Згадзіцеся, і маладому спецыялісту прыемна адчуваць павагу і ўвагу да сваёй персоны. Напэўна, такія пачуцці адчуў нядаўна малады настаўнік гісторыі Шумілінскай сярэдняй школы №1 Сяргей Яўгенавіч Сахончык, калі даведаўся, што па рэкамендацыі аддзела адукацыі пра яго  збіраюцца напісаць у раённай газеце.
Ці можна літаральна за пару год зарабіць сабе імідж, заваяваць аўтарытэт? Канешне. Толькі атрымаецца гэта пры ўмове сур’ёзных адносін да прафесіі, пастаяннай і мэтанакіраванай работы над сабой. Трэці год Сяргей Сахончык выкладае ў школе гісторыю і грамадазнаўства. На першым годзе не пабаяўся ўзяцца разам з вучаніцай за напісанне навуковай работы, і работа атрымалася нядрэннай. Летась разам з вучнямі-дзевяцікласнікамі “вытрымаў” першы экзамен па гісторыі Беларусі.
“Спакойны, сур’ёзны, надзейны, — кажа пра маладога настаўніка дырэктар школы Міхаіл Захаравіч Сямёнаў. — І што самае галоўнае, вельмі зацікаўлены прадметам. Дзеці гэта адчуваюць.”
Імпануе адміністрацыі школы і стыль яго работы. Малады настаўнік выкладае гісторыю пераважна ў старшакласнікаў. Без канфліктаў, усё на даверы і ўзаемаразуменні. “Не строгі, але ж патрабавальныі”, — так сам сябе характарызуе Сяргей.
Расчараванняў у рабоце не было, прызнаецца С. Сахончык. Хаця, не, калі пасля заканчэння гістфака ВДУ два гады працаваў у Віцебску ў цэнтры пазашкольнай работы, калі-нікалі ўзнікалі сумненні наконт абранай прафесіі. Хацелася “жывой” і канкрэтнай работы. Добра, што неўзабаве з’явілася магчымасць памяняць і месца работы, і нават месца жыхарства: пераехалі з жонкай на яе радзіму.
З прыездам у Шуміліна (а сам ён з Сянно) усё змянілася да лепшага. Цяпер яму цікава рыхтавацца і весці ўрокі, дыскутаваць са старшакласнікамі. Падабаецца быць класным кіраўніком. Да ўсяго, настаўнік з ахвотай узяўся сёлета весці гурток Юных інспектараў дарожнага руху, а ў дадатак — футбольны гурток у ЦВР. Адным словам, маладому гісторыку настаўніцтва па душы. Ён атрым-лівае асалоду ад таго, што ўрэшце трапіў у сваю стыхію.
Алена КАРПУШЭНКА.

Опубликовано в №76 от 1.10.2010.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *