Криминал. Происшествия

Происшествия

Падушкі
У раённы аддзел унутраных спраў звярнулася жыхарка в. Прыазёрная. Справа ў тым, што з яе дома невядомыя злодзеі сарвалі навясны замок і ўкралі музычны цэнтр “Панасонік”, дзве коўдры і тры падушкі. Агульны ўрон, нанесены гаспадыні, складае 2,5 мільёна рублёў.
Бутля
У РАУС паступіла заява ад пенсіянера, які пражывае ў Мікалаёве. З яго гаспадарчай пабудовы вырвалі дзвярны прабой і ўкралі 20-літровую бутлю з віном дамашняга прыгатавання. Урон, нанесены гаспадару, ацэнены ў 250 тысяч рублёў.  Па гарачых слядах міліцыянеры знайшлі злачынцаў. Імі аказаліся жыхар Мікалаёва і жыхар Улы. У ходзе агляду жылля мужчын была знойдзена бутля з віном. Яна вернута гаспадару, а супраць мужчын ўзбуджана крымінальная справа.
Веласіпеды
І зноў пра веласіпед. З пляцоўкі аднаго шматкватэрнага дома яго ўкраў раней судзімы жыхар в. Каравайніца. Супраць мужчыны ўзбуджана крымінальная справа. А праз некалькі дзён у РАУС паступіла яшчэ адна заява: з пад’езда другой шматпавярхоўкі (таксама ў Шуміліне) зноў прапаў веласіпед. Гаспадары спадзяваліся на надзейнасць дамафонных дзвярэй. Але дарэмна.
Супрацоўнікі РАУС заклікаюць быць больш пільнымі і памятаць, што пляцоўка пад’езда – не месца для захоўвання веласіпедаў.
Тачка
Пацярпела пенсіянерка з райцэнтра. З двара яе дома  прапала аднаколавая будаўнічая тачка. Урон, нанесены гаспадыні, складае 500 тысяч рублёў. Узбуджана крымінальная справа.
Мабільнік
Жыхарка Светласельскага звярнулася ў міліцыю з той нагоды, што ў яе дачкі-другакласніцы ў школе прапаў мабільны тэлефон. Як высветлілася, дзяўчынка пакінула мабільнік у кішэні курткі, якая знаходзілася ў гардэробе.  А калі пачала апранацца, каб пайсці дадому, мабільніка ў кішэні ўжо не было. Узбуджана крымінальная справа.
Грошы
Пацярпеў жыхар г. Віцебска, які прыехаў на дачу ў в. Стрэлкі – у яго укралі грошы. Міліцыянеры ўстанавілі, што 500 тысяч рублёў з шуфлядкі шафы ўкраў непрацуючы жыхар в. Бондарава, з якім пацярпелы распіваў спіртныя напіткі. Узбуджана крымінальная справа.
Не ўступіў дарогу
На перакрыжаванні вуліц Юбілейная-Луначарскага адбылося дарожна-транспартнае здарэнне. Жыхар Віцебска, які кіраваў асабістым аўтамабілем “Шэўрале”, пры павароце налева не ўступіў дарогу вялікагрузнай машыне, якая ехала ў сустрэчным накірунку. Вадзіцелю фуры прыйшлося прымяніць экстранае тармажэнне, але ўсё роўна машыны сутыкнуліся. Добра, што хоць людзі не пацярпелі. На вадзіцеля “Шэўрале” складзены адміністрацыйны пратакол. Яму пагражае штраф да 20 базавых велічынь і пазбаўленне вадзіцельскіх правоў на два гады.
“Пад мухай”
Супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі прыпынілі ў Мікіцісе механізатара, які ехаў на МТЗ. Мужчына быў у стане алкагольнага ап’янення. Складзены адміністрацыйны пратакол. Механізатару пагражае штраф і пазбаўленне вадзіцельскіх правоў тэрмінам на два гады.
Па матэрыялах РАУС падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №43 ад 04.06.2013 г.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *