Криминал. Происшествия

Актуалии Происшествия

Пакатаўся
У раённы аддзел унутраных спраў звярнуўся жыхар Добрына – з яго гаража ўгналі аўтамабіль. Аператыўна-следчай групай было ўстаноўлена, што гэта зрабіў а першай гадзіне ночы мясцовы непаўналетні жыхар. Хлопец патлумачыў міліцыянерам, што машыну красці не хацеў. Проста хацеў пакатацца. Тым не менш супраць хлопца ўзбуджана крымінальная справа, ён затрыманы і знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання.
Пагроза
Пракуратурай раёна супраць жыхара Сянно ўзбуджана крымінальная справа, бо напярэдадні ён пагражаў забойствам двум жыхарам Шуміліна. Мужчына спыніў свой аўтамабіль на аўтастаянцы ля шматпавярхоўкі, стаў размахваць перад шумілінцамі нажом. За што і апынуўся ў міліцыі.
Прагулы
З пракуратуры раёна ў РАУС  паступілі матэрыялы праверкі ў адносінах жыхаркі в. Каравайніца, якая была абавязана выплачваць грошы на карысць дзіцячага дома, дзе выхоўваецца яе сын. Але жанчына ігнаравала рашэнне суда. Ёй дапамаглі працаўладкавацца, але за прагулы, вядома, грошы ніхто не плаціў. Вось і накапілася запазычанасць больш як 500 тысяч рублёў. Узбуджана крымінальная справа.
Рэха
Работнікі прадпрыемства меліярацыйных сістэм другі раз за верасень знайшлі на полі снарад часоў Вялікай Айчыннай вайны. На гэты раз ля вёскі Філіпенкі. Група размініравання, што прыехала з Віцебска, снарад абясшкодзіла.
Сена
А адзінаццатай гадзіне ночы ў Язвіне загарэўся навес з сенам. Вяскоўцы не разгубіліся, пачалі сваімі сіламі тушыць пажар і не далі агню моцна разгарэцца. Выратавальнікі дапамаглі патушыць агонь.
Не размінуліся
Жыхар вёскі Слабада, які ехаў на ўласнай легкавушцы па вясковай дарозе, не справіўся з кіраваннем і выехаў на паласу сустрэчнага руху. А па ёй у гэты час ехаў на легкавым аўтамабілі жыхар Шуміліна. Машыны сутыкнуліся, пашкоджаны. На вадзіцеля са Слабады складзены адміністрацыйны пратакол.
Слуп
Невядома чаму механізатару “Баравінкі” апоўначы ўздумалася ехаць на трактары па вясковай дарозе. Нецвярозы мужчына збіў электрычную апору, пашкодзіў агароджу і ўцёк з месца ДТЗ. На механізатара складзены тры адміністрацыйныя пратаколы – за дарожна-транспартнае здарэнне, за кіраванне ў п’яным выглядзе і за тое, што пакінуў месца ДТЗ.
У кювеце
Пенсіянер з Лявонава, які нядаўна купіў легкавы аўтамабіль, вяртаўся з Улы дадому. Але ў Мікалаёве не справіўся з кіраваннем і з’ехаў у кювет. Пацярпелых няма, машына пашкоджана. На вяскоўца складзены адміністрацыйны пратакол.
Агароджа
Легкавушкай у Мікалаёве збілі некалькі пралётаў агароджы. Сляды гэтай жа машыны знойдзены на аўтадарозе Віцебск-Полацк, адкуль вадзіцель на хуткасці з’ехаў на поле. Уладальнік машыны, які парушыў Правілы дарожнага руху, вышукваецца.
Па матэрыялах РАУС  падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №79 ад 12.10.2010 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *