Размышления по поводу….

Закон Происшествия

Пра шалёныя грошы і збег акалічнасцей
Такія нататкі пісаць не люблю. І не таму, што не стае фактуры – хутчэй наадварот, кантынгент людзей, што трапляе сюды  на савет, расказвае ўсё, як на духу. Прычына ў іншым: не пераношу пустаслоўя,  не люблю, калі чалавек мянташыць языком, абяцае, а, выйшаўшы за парог установы, з палёгкай бяжыць у забягалаўку, каб “абмыць гэты працэс”.
Дзякуй богу,  на гэты раз “легенды”, па якіх трапіў чалавек на раённы савет, не вызначаліся вытанчанасцю. Звычайная будзёншчына. Як  у той “Брыльянтавай руцэ” – ішоў, паслізнуўся, упаў, пералом…А тут выпіў піва, ну, на горшы выпадак келіхі два гарэлкі, ішоў сабе, нікога не чапаў, а тут… Або прыехаў з заробкаў, а тут непарадак, ну, трохі паганяў родных, навёў дысцыпліну. Як вось з гэтым маладым татам, які выхоўвае, акрамя сваіх двух дзетак, і падчарку. Прыехаў з расійскага Падмаскоўя і ўзяўся за выхаванне падчаркі. А гаспадыня (яна ж – матуля) заступілася. Брудная лаянка, бойка… міліцыя.
– Навошта ж буяніць? Ну, выпіў, зняў стрэс, адпачні. Навошта ж кулакі і абраза?
Маўчыць.
– Што, раскадзіраваўся?
Маўчыць.  Жонка, якая піла з ім некалі разам, трымаецца. А ён сарваўся. Калі так, раяць члены савета, калі няма сілы волі, навошта ехаць з тых Хімак у Шуміліна, пераслаў грошы і працуй. Трэба ж паднімаць на ногі сваіх дзетак. А зарплата ў яго там больш за 14 мільёнаў рублёў. Усе грошы, па яго словах, аддаў жонцы.
Гэты хоць зарабляе прыстойна. Не лянуецца.  Ён майстар-плітачнік. А яшчэ вось малады чалавек (у яго ад пахмельнага сіндрома калоцяцца рукі) –  маляр-тынкоўшчык. Пайшоў на скупыя заробкі, хаця можа ўладкавацца ў ПМК-70 або ва УП ЖКГ, дзе  зарабляў бы ў два-тры разы больш. “Чаму не ідзеш?..” – пытаюцца. Стаіць моўчкі, пераступае з нагі на нагу. Далі 10 сутак за крадзеж веласіпеда.
– Хацеў яго прадаць? – пытаемся.
Аказваецца, хацеў. На гарэлку не хапала. А тут злавілі. Абяцае, калі знойдзе больш грашавітую работу, адарвецца ад “алканаўтаў” – на кра-дзяжы жадання наўрад ці будзе. Жыве з маці, у яго няма сям’і,  хаця пара б і завесці ўжо.  Як зрабіў ягоны старэйшы брат, які працуе на сырзаводзе. Паставіў сабе добры дом і жыве як чалавек. Чаму ж не браць прыклад са старэйшага брата?..
Яшчэ да аднаго з “кроўных братоў” (у гэты дзень не разглядалі на савеце ніводнай жанчыны – прагрэс!) прыехаў з Поўначы брат. А сам ён нядаўна вярнуўся з месцаў няволі. Дзве чаркі гарэлкі, піва, чужая жанчына, рэўнасць, званок у міліцыю. Такая “легенда”. А працаваць чалавек хоча. Пойдзе ў ПМК-70. Калі, вядома, зноў не пераважаць дзве чарачкі гарэлкі, піва, чужая жанчына…
Вось парог кабінета пераступае мужчына,  сівы, як голуб,  і спакойны, як  удаў. Пападаецца за праклятую чарку не першы раз. Не, ён зараз не валяўся, ён акучваў бульбу, паслізнуўся на дошчачках і ўпаў. Суседка бачыла, што разбіўся да крыві і выклікала  “хуткую дапамогу”. А фельчар узяла ды пазваніла ў міліцыю. Вось такі збег абставін! Вось дык дапамагла суседка!.. Мала таго, што аддаў штраф у 200 тысяч, дык і вочы яму ад сораму няма куды хаваць.
І гэты чалавек у хаўрусе, па ўсім відаць, выпадковы. Ён калі і п’е, то па святах і пры важкай нагодзе. Была, відаць, такая нагода выпіць напрыканцы працоўнага дня на адным з прадпрыемстваў Шуміліна, дзе працаваў энергетыкам. Звольнілі, але ён не разгубіўся, знайшоў сабе па спецыяльнасці работу ў Віцебску. Няхай не пад рукой, затое зарабляе 6 мільёнаў.
Вось такія разважанні. Шэсць чалавек прайшло праз пасяджэнне савета, шэсць лёсаў было разгледжана. Кожны з іх адчуў атмасферу непрымірымасці, з якой ставяцца да такога “кантынгента” на савеце. Зараз галоўнае перакаваць кожнаму з іх  свае словы ў канкрэтныя справы, узяцца, як кажуць, за розум. Пакуль не позна.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №57 ад 23.07.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *