Почти половина выпускников из школ Шумилинского района стали студентами

Актуалии Образование Общество

47,7% выпускнікоў раёна паступілі ў ВНУ
Напэўна, гонка за працэнтамі паступлення ў ВНУ падыходзіць да свайго завяршэння, бо для эканомікі краіны больш запатрабаваныя кваліфікаваныя кадры рабочых спецыяльнасцяў, выпускнікі сярэдніх спецыяльных устаноў. Тым не менш, гэты паказчык – яркае сведчанне ўзроўню падрыхтоўкі вучняў у школах, сведчанне ўзроўню работы педагогаў, ацэнка іхняй працы.
Таму спаборніцтва гэтае паміж сярэднімі школамі, мяркую, захаваецца хаця б на неафіцыйным узроўні. Дакладныя і больш падрабязныя звесткі пра паступленне выпускнікоў бягучага года будуць пазней, бо яшчэ працягваецца паступленне ў прафесійна-тэхнічныя і сярэднія спецыяльныя ўстановы, але папярэднія даныя аб паступленнях у вышэйшыя навучальныя ўстановы ўжо вядомыя.
Як паведамілі ў аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, сёлета самы высокі ў гісторыі раёна працэнт паступлення ў ВНУ – 47,7%. 72 выпускнікі са 151 сталі студэнтамі. Амаль палова, 32 чалавекі, паступілі ў розныя універсітэты, акадэміі, на факультэты тэхнічнага, тэхналагічнага, эканамічнага профілю. 22 выпускнікі выбралі для сябе прафесію педагога.
9 чалавек паступілі ў медыцынскія ВНУ, прычым 8 – па мэтавых накіраваннях, а значыць, ёсць гарантыя таго, што яны вернуцца працаваць у родны раён.
5 выпускнікоў сталі студэнтамі сельскагаспадарчых ВНУ, 4 – курсантамі Акадэміі МУС, 1 – паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў.
Лічбы, здаецца, высокія, але ёсць і пэўная заўвага да школ. Стандартны набор: эканаміст, педагог, юрыст, медык, раней яшчэ быў ветурач. Адчуваецца, што дзеці (дадам, і іх бацькі) не ведаюць пра новыя перспектыўныя прафесіі, не ведаюць пра запатрабаванасць спецыялістаў у эканоміцы раёна, выбіраюць, калі можна сказаць, са стандартнага прывычнага набору прафесій. Бадай, толькі праграміст дадаўся. Лічу, што таксама слаба ў накірунку прафесійнай арыентацыі працуюць арганізацыі і прадпрыемствы раёна, асабліва сельскагаспадарчыя.
Калі прааналізаваць паступленне выпускнікоў па школах, то лідарства захавала за сабой раённая гімназія – 90% яе выпускнікоў сталі студэнтамі (19 з 21), двое выпускнікоў паступілі ў каледжы. У Мікіціхінскай СШ паступілі ў ВНУ 66,7% (6 з 9), у Обальскай СШ – 59,1% (13 з 22). З 51 выпускніка Шумілінскай СШ №1 сталі студэнтамі 22 (43%), 40% — паказчык Навікоўскай СШ (2 з 5), па 37,5% у Кардонскай і Башнёўскай школах (тут паступілі па 3 выпускнікі з 8). Два студэнты – на рахунку Шумілінскай СШ №2 (з 8 выпускнікоў), па адным – у Лаўжанскай (з 9) і Слабадской (з 4) школах.
Вось такія лічбы, якія гавораць самі за сябе. Гэта не канчатковы вынік, бо ўстановы адукацыі адсочваюць працаўладкаванне кожнага свайго выпускніка. Яшчэ будуць падведзены вынікі паступлення ў каледжы і вучылішчы. Магчыма, камусьці прыйдзецца дапамагаць уладкоўвацца і на працу. Але без увагі з боку сваіх школ не застанецца ніводны выпускнік.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №65 ад 20.08.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *