Криминал. Происшествия

Актуалии Происшествия

Па гарачых слядах
Жыхар райцэнтра  звярнуўся ў міліцыю з той нагоды, што ў яго з дома ўкралі  некалькі камплектаў пасцельнай бялізны, абутак, мабільны тэлефон  і прадукты харчавання. Па гарачых слядах злачынцу знайшлі. У чужым доме “пагаспадарыў” раней судзімы жыхар Шуміліна. Злачынца затрыманы, месца знаходжання ўкрадзеных рэчаў высвятляецца.
Снарад
На полі паміж вёскамі Мікіціха і Цаўі знайшлі снарад часоў Вялікай Айчыннай вайны. З Віцебска прыехала брыгада размініравання. Снарад абясшкоджаны і знішчаны.
Без акон, без дзвярэй
Жыхар Віцебска, які ў чарговы раз прыехаў на дачу ў Шавекі, проста аслупянеў: у доме не было ўваходных дзвярэй. Злодзеі паквапіліся не толькі на ўваходныя металічныя дзверы, але і на міжпакаёвыя драўляныя – знялі ўсе чацвёра. А заадно – і пяць аконных блокаў. Так што дача атрымалася без акон, без дзвярэй у прамым сэнсе гэтых слоў.
Дакументы і грошы
У доме жыхара райцэнтра пабывалі злодзеі. Гаспадар расказаў супрацоўнікам міліцыі, што прапалі дакументы – пашпарт і вадзіцельскае пасведчанне, тры мільёны рублёў і два мабільныя тэлефоны. Супрацоўнікі крымінальнага вышуку знайшлі злодзея, ім аказаўся непрацуючы раней судзімы  жыхар Полацка, месца знаходжання якога ўстанаўліваецца.
Знайшлі злачынцаў
Супрацоўнікі РАУС устанавілі месца знаходжання двух злачынцаў, якія былі ў вышуку. Абодва мужчыны, жыхары Улы, прыцягнуты да адказнасці за крадзяжы.
На мотакультыватары
На вуліцы Безымяннай у Шуміліне работнікі дзяржаўтаінспекцыі прыпынілі мясцовага жыхара, які ў стане алкагольнага ап’янення ехаў на мотакультыватары “Фермер”. Гэты ж мужчына і раней прыцягваўся да адказнасці за кіраванне транспартам у нецвярозым стане. На гэты раз супраць аматара п’янай язды Шумілінскім  аддзелам Следчага камітэта ўзбуджана крымінальная справа.
Як высветлілася, мотакультыватар парушальніку перадаў жыхар а.-г. Башні. І, як патлумачыў міліцыянерам, не заўважыў, што той быў нецвярозы. Тым не менш жыхару а.-г. Башні  пагражае штраф і пазбаўленне вадзіцельскіх правоў тэрмінам на тры гады.
Хуткасць
Жыхар Расійскай Федэрацыі, які ехаў на аўтамабілі “Форд”, перавысіў дапушчальную хуткасць руху на 22 кіламетры ў гадзіну і не выканаў патрабаванне супрацоўнікаў ДАІ спыніцца. На вадзіцеля складзены два адміністрацыйныя пратаколы, яму пагражае штраф  1,2 мільёна рублёў.
Нецвярозы
Жыхара Мікіціхі на аўтамабілі “Опель-Астра” спынілі супрацоўнікі ДАІ ў Верхнядзвінскім раёне. Як высветлілася, вадзіцель быў нецвярозы. Ён выкліканы на адміністрацыйную камісію ДАІ РАУС.
Па матэрыялах РАУС падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *