Культура жизни. Бинты, иголки и помидоры в… канализации

Общество

Смуроднае пытанне
“Вось паглядзіце, што мы выцягваем з каналізацыі, — абурэнне майстра участка “Водаканал” УП ЖКГ Г. К. Мароз не мела межаў. – Другі дзень не можам прабіць калектар па вуліцы 70 год БССР, выцягваем адтуль розны бруд”. І сапраўды, з каналізацыйнага калодзежа выцягнута  куча доўгіх скруткаў якогасьці рыззя, у якім угадваюцца бінты (калектар вядзе ад Шумілінскай ЦРБ). Здагадку ўмацоўваюць шматлікія іголкі ад шпрыцаў, якія тырчаць з бруднай груды. “Гэты калектар наш галаўны боль. Яго прыходзіцца чысціць часцей за ўсе. І пастаянна выцягваем бінты і іголкі, а то і цалкам шпрыцы трапляюцца, – гаворыць  Галіна Канстанцінаўна. – Гэта робяць асобныя нядобрасумленныя санітаркі ці медсёстры. Будзем звяртацца да кіраўніцтва ЦРБ, каб правялі інструктаж са сваімі работнікамі, што можна кідаць у каналізацыю”.
Але, прама скажам, жыхары Шуміліна таксама не адстаюць у засмечванні каналізацыі. Цяпер сезон нарыхтовак і многія жыхары райцэнтра не абцяжарваюцца клопатам, каб вынесці “узарваныя” слоікі на сметнік, а выкідваюць агуркі і памідоры ва ўнітаз. Па словах Г. К. Мароз нядаўна выцягнулі агуркоў на трохлітровы слоік у падвале дома №11 па вуліцы Кароткіна, днём раней у доме №71 па вуліцы Юбілейнай выцягнулі з калектара ў падвале вядро памідораў з усімі прыправамі. Чаго толькі не выцягваюць сантэхнікі “Водаканала” з каналізацыйных труб і калектараў – анучы, бульба і капуста, шкло і кераміка, пластыкавыя пакеты, нават металічныя бляшчанкі (?!) … – пералічваць  можна доўга.
Забітыя каналізацыйныя трубы – прамая сувязь з затопленымі падваламі ў шматкватэрных дамах. Але каналізацыйныя сцёкі заліваюць іх не самі па сабе. “У нас жыве адносна нямнога людзей, таму не такія моцныя патокі вады, каб змываць цвёрдыя адыходы”, – тлумачаць сантэхнікі. — Вось уявіце, увечары вылілі рэшткі супу ва ўнітаз, яны зваліліся ў калектар у падвале, за ноч зляжаліся і зліпліся. Цяпер яны затрымліваюць іншыя адыходы і праз некаторы час утвараецца затор. Пакуль нехта заўважыць, што каналізацыя забілася – у падвале поўна”. Хто вінаваты? Сапраўды, не работнікі УП ЖКГ забіваюць каналізацыю, а самі жыхары. Самі потым і скардзяцца на затопленыя падвалы. Скажаце, камунгас марудна рэагуе на скаргі, прыязджаюць позна. А як паспець: у той дзень  калі размаўлялі з сантэхнікамі “Водаканала”, ім трэба было акрамя калектара на вуліцы 70 год БССР яшчэ прачышчаць каналізацыю ў дзвюх падвалах.
Напішыце, калі ласка, просяць работнікі камунгасу, што нельга кідаць у каналізацыю ніякія цвёрдыя адыходы, маўляў, яны там перагніюць. Каналізацыя вызначана выключна для вадкасцяў і адыходаў чалавечага арганізму. Усё іншае забівае яе, і смуродныя сцёкі вырываюцца з труб.
Камунгас мае намер увесці эканамічнае пакаранне для жыхароў, расказала Г. К. Мароз. Будзем дадаваць у “жыроўкі” плату за ачыстку каналізацыі. Калі будзе зразумела, што стаяк забіўся па віне жыхароў –   плаціць будзе вінаваты, а калі вызначыць вінаватага нельга, то за ачыстку будуць плаціць уладальнікі ўсіх кватэр, што падключаны да дадзенага стаяка, калі забіўся калектар, плату разнясуць па ўсім доме, патлумачыла майстар.
Калі б усе жыхары ставіліся адказна да інжынерных сетак, захоўвалі правілы карыстання, калі б, нарэшце, былі гаспадарамі не толькі на сваіх метрах, а ў цэлым, напэўна было б менш праблем для ўсіх. А у работнікаў камунгасу была б магчымасць працаваць у планавым рэжыме – замяняць зношаныя водаправодныя і каналізацыйныя сеткі, менш было б скаргаў і нараканняў на ЖКГ. А пакуль яны вымушаны працаваць у аварыйным рэжыме: забілася – паехалі адпампоўваць, прарвалася – паехалі рамантаваць. Работы шмат, а эфекту ад яе няма.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №67 ад 27.08.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *