Доска почёта Шумилинского района. Грейдерист Иван Стрельцов

Общество Экономика

Да глыбіні душы дарожнік

Далёка не кожнае прадпрыемства Шуміліншчыны можа пахваліцца работнікам, які быў тройчы на раённай Дошцы гонару. У ДРБУ № 204 такі ёсць – машыніст аўтагрэйдара Іван СТРАЛЬЦОЎ. А ў мінулым годзе яго праца была адзначана ўзнагароджаннем нагрудным знакам Міністэрства транспарту і камунікацый «Ганаровы дарожнік Беларусі» другой ступені.

Калегі кажуць, што Іван Стральцоў да глыбіні душы дарожнік. Спраўляецца працаваць на трох адзінках тэхнікі: аўтагрэйдары, «Амкадоры» і дарожным катку. Пры гэтым застаецца верным сваёй прафесіі – працуе ў дарожнай службе 33 гады. А вось трапіў, можна сказаць, выпадкова. Родам з Шуміліна, ён вывучыўся на трактарыста-машыніста і некалькі месяцаў да тэрміновай ваеннай службы рупіўся ў сельгасхіміі на трактары. А пасля таго, як вярнуўся з арміі, сваяк, які працаваў у ДРБУ-204, прапанаваў: «Іван, давай да нас! Калектыў дружны, работа і заробак добрыя». Паслухаўся, прыйшоў, уліўся ў вялікі калектыў дарожнікаў, дзе на той момант працавала каля 120 чалавек. Працаваў на Т-150 з грэйдарам, потым на МТЗ з касілкай. Калі прапанавалі паехаць на курсы ў Мінск, дзе вучаць на машыніста аўтагрэйдара, з задавальненнем згадзіўся.

Стаяць на месцы – гэта не ў яго характары. Трэба рухацца наперад, удасканальвацца, асвойваць новыя віды тэхнікі. І Іван Стральцоў асвоіў, з 2006 года – аўтагрэйдарыст. У цёплы перыяд займаецца грэйдзіраваннем дарог, зімой прачышчае дарогі і гэтым самым забяспечвае бесперабойны рух аўтатранспарту. Ён ніколі не скардзіцца на нялётнае надвор’е, занятасць, ненармаваную работу і без выхадных. Бываюць дні, калі прыходзіцца працаваць у першай палове дня на асноўнай тэхніцы, а пад вечар перасаджвацца на «Амкадор», бо з кар’ера ў Пятніцкіх трэба прывезці пясок ці, скажам, дарожнікам тэрмінова даставіць шчэбень. І калі асфальтуюць дарогу, то Іван Стральцоў таксама нападхваце: разраўнівае катком асфальтабетонную сумесь. Адным словам, незаменны работнік, якога цэняць і паважаюць.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *