Люди и судьбы. 60 лет вместе — Мария м Альберт Прыгуны

Людзі і лёсы

“А ўсё пачыналася з кракавяка”
Марыя Антонаўна і Альберт Пятровіч Прыгуны жывуць разам 60-ты год.  Яны ў  Надзежыне старажылы. Як звілі тут сваё сямейнае гняздо амаль 60 год назад, так і сёння тут цёпла і ўтульна.
Згадзіцеся, сёння нямнога сямейных пар, якім Бог дараваў такое шчасце – пражыць разам больш за паўстагоддзя ў міры і згодзе. Гэта не толькі заслуга ўсявышняга, лічаць трое дзяцей Прыгуноў  – Алена, Анатоль і Леанід, узаемаадносіны ў сям’і залежаць ад гаспадара і гаспадыні, іх характараў і паводзінаў.  “Характары ў нашых бацькоў залатыя, – лічаць дзеці. – А золата – гэта сімвал багацця. І нашы мама і тата багатыя на дабрыню, шчырасць, спагаду. Навучылі гэтаму і нас, і мы вельмі ўдзячныя  ім. А яшчэ нашы бацькі  багатыя на трох унукаў і двух праўнукаў”.
Марыя Антонаўна і Альберт Пятровіч толькі ўсміхаюцца, слухаючы такія словы. Па ўсім відаць, ім прыемна чуць такія словы з вуснаў дзяцей. “А ўвогуле за столькі гадоў сямейнага жыцця перажылі шмат, –  кажа гаспадар. – Жыццё прайшло ў працы. Прызнацца, з-за работы і сварыцца не было калі. Я 45 гадоў адпрацаваў механізатарам у калгасе. На ворыве, бывала, працавалі і ў дзве змены…”.
А дома быў надзейны тыл – жонка і дзеці. Цяжка было, калі нарадзіліся двайняты – Лена і Лёня. Але разам справіліся з усімі цяжкасцямі. Перажылі і жончыну хваробу, і жыццёвыя нягоды. Не абышлося без дапамогі добрых людзей. Наймалі для двайнят няньку – мясцовая пенсіянерка  дапамагала некаторы час маладой маці.  Але ўсе гэтыя цяжкасці сёння здаюцца такімі дробязнымі. Сёння ёсць галоўнае – добрыя дзеці, дружная сям’я.
“А ўсё пачыналася з кракавяка, – усміхаецца Марыя Антонаўна. – Я тады жыла з бацькамі ў Гусінцах, а Альберт – у Надзежыне. А на вечарынку моладзь з блізляжачых вёсак збіралася ў Андрэеве. Мы многа разоў з сяброўкамі хадзілі туды, вядома, ведалі ўсіх хлопцаў свайго ўзросту. Але ж на танец самі іх ніколі не запрашалі, гэта ж сорам быў які – самой падысці да хлопца. Але ж маё сэрцайка закалацілася, калі Альберт нечакана прапанаваў: “Дазвольце вас запрасіць на танец”. З гэтага ўсё і пачалося. Былі рамантычныя спатканні. Кружылася галава ад шчасця і кахання. А потым было вяселле. З гэтай нагоды мае бацькі прадалі  адну карову, зарэзалі парася. Суседка прынесла вялікую міску мёду – разлілі па сподачках і паставілі на святочны стол. Так што вяселле ў нас было мядовае”.
Праз шэсцьдзясят гадоў сумеснага жыцця Прыгуны так і не вывелі агульную формулу сямейнага дабрабыту. “Напэўна, у кожнай сям’і рэцэпт сямейнага шчасця свой, уласны, – разважае гаспадар. – Але ж для ўсіх застаюцца агульныя прынцыпы: цярпенне, уменне дараваць і зразумець. Я нядаўна ад дзяцей дазнаўся, што тыя, хто пражыў шэсцьдзясят гадоў, спраўляюць брыльянтавае вяселле. І падумаў: якая правільная назва! Брыльянт – каштоўны камень, да таго ж, ён надзвычай моцны і надзейны. Як і наш саюз з жонкай. Мы самыя шчаслівыя людзі”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №69 ад 02.09.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *