Надежда Спиридонова – один из лучших педагогов Шумилинского района

Людзі і лёсы Образование

Н. М. Спиридонова

Жанчына. Анатомія шчасця
Бадай, ці не кожны з нас на нейкім этапе свайго жыцця прыкідвае, як усё б магло быць, калі б тады, у маладосці, прыйшлося выбраць іншы шлях, ступіць на іншую сцяжыну. Не сесці ў той самы трамвай, ці не паехаць вучыцца за сотні кіламетраў ад дома, выпадкова апынуцца побач зусім не з гэтым, а з абсалютна іншым хлопцам. Не з тым, які цяпер твой законны муж, якога ты любіш частаваць смачным, побач з якім хораша проста сядзець на канапе, падабраўшы пад сябе ногі, бо так — спакойна і ўтульна. А той іншы, чужы і незнаёмы, якім бы ён быў? Магчыма, і прынцам. Толькі ці было б побач з ім вось так жа спакойна і ўтульна на канапе? Ці атрымаліся б такія прыгожыя і разумныя дзеці?..
Жанчына, маці, жонка, педагог – у кожнай з гэтых іпастасяў Надзеі Спірыдонавай удалося і ўдаецца праяўляцца максімальна. Шчыра і аддана. Здаецца, яна проста не робіць нічога, што б не прыносіла асалоды і радасці, творчага і чалавечага задавальнення.
Сёння Надзея Міхайлаўна мае ўсё для таго, каб быць шчаслівым чалавекам. І галоўнае, што яна гэта ўсведамляе, што яна хоча і можа быць такой. Шчаслівай, апантанай справай, захопленай сваімі дзецьмі.
Так, менавіта захопленай.  Надзея Міхайлаўна расказвае пра сваіх дзяцей з такім бляскам у вачах, з такой пяшчотай, быццам яны з мужам толькі ўчора прывезлі іх з роддома і яшчэ не паспелі спаўна нарадавацца шчасцю. “Яны ў нас такія прыгожыя”, — кажа маці двух дарослых, даволі самастойных дзяцей. Старэйшы Антон вывучыўся і працуе, хутка пойдзе служыць. Малодшая Нінэль яшчэ вучыцца на педагога, як і маці з бацькам.
Пра што б ні расказвала жанчына, яна, як і любая маці, абавязкова ўзгадае сваіх дзяцей, абавязкова прыпомніць сітуацыю, выпадак, калі мена-віта яны былі ў галоўных ролях. І разумееш: яна іх вельмі любіць. Дарослыя яны, пупавіна даўно перарэзана, самастойнасці і сур’ёзнасці не аднімеш, але ж — дзеці. Родныя, дарагія, самыя блізкія сэрцу людзі.
У гэтай сям’і ніколі не шкадавалі часу на дзяцей. Што такое мець бацькоў-педагогаў, ведаюць толькі іх дзеці (добра, калі адзін, а тут жа – абодва). Але Спірыдонавым неяк удавалася сумяшчаць няпростую педагагічную долю з паўнацэнным выхаваннем сваіх уласных дзяцей. Надзея Міхайлаўна і сёння дакладна памятае, якія гурткі і ў якім узросце наведвалі яе сын і дачка, з якімі словамі сын пайшоў у музычную школу і што сказаў, калі скончыў яе. Для маці не бывае дробязяў. Канешне, і гэта не дзіўна, дзеці выраслі натурамі творчымі, яны лёгка захапляюцца нечым новым, не баяцца эксперыментаў, не губляюцца перад цяжкасцямі.
Надзеі Міхайлаўне, як і ўсім жанчынам, уласцівая эмацыянальнасць, больш вострае ўспрыманне рэальнасці, пачуццёвае. Муж наадварот — спакойны і разважлівы. Менавіта ён па жыцці сцішваў магчымыя хваляванні, не даваў разгарэцца канфлікту, не дапускаў непаразуменняў. Гэты тандэм, ідэальны баланс супрацьлегласцяў дазваляў і зараз дазваляе захоўваць спакой і стабільнасць у сям’і.
Жаночае шчасце яшчэ і ў тым, каб пражыўшы з чалавекам, што называецца, усё жыццё, выхаваўшы разам дзяцей, быць яму цікавай, неабходнай. Ну, каб і ён, вядома, не пераставаў радаваць, здзіўляць сюрпрызамі, рамантычнымі момантамі. І такое, сцвярджаюць бывалыя, здараецца не часта.
Толькі любімая жанчына можа выглядаць так, як Надзея Спірыдонава. Яна заўжды прыбраная, дагледжаная. Што з лёгкасцю пераймаюць і яе вучаніцы. Дзяўчаты разам з ведамі і ўменнямі спасцігаюць сакрэты жаноцкасці, прывабнасці, вучацца быць прыгожымі, быць жанчынамі.
Прадмет, які выкладае настаўніца, надзвычай удзячны. Не, далёка не кожны можа ўсвядоміць важнасць працоўнага навучання для будучага жыцця ў параўнанні, скажам, з матэматыкай, гісторыяй ці літаратурай. Але ніводная жанчына яшчэ не паскардзілася на тое, што ўмее, да прыкладу, гатаваць ці шыць. Гэта вельмі важна, высакародна нават. Жаночае застанецца, гэта сапраўдныя каштоўнасці, вечныя, прабачце за пафас. Пройдуць гады, а сваю настаўніцу, якая некалі навучыла, як спячы пірог ці сшыць спадніцу, можна не сумнявацца, добрым словам успомняць яе ўдзячныя вучаніцы. Можа, у гэтым і заключаецца самы галоўны вынік працы педагога? Сказаць, што Н. М. Спірыдонава захоплена працай, — нічога не сказаць. Творчыя праекты, навуковыя канферэнцыі, алімпіяды – высокі вынік заўжды ёсць, бо на яго і працуюць. Настаўніца не крывіць душой, а чэсна кажа, што за той ці іншы праект са сваімі дзяўчатамі бярэцца толькі ў выпадку, калі ёсць шанс стаць лепшымі, перамагчы. Толькі тады гэта цікава, калі разумееш, што здатны рабіць адкрыццё, сказаць нешта новае па праблеме. І прызнанне важна, толькі не кожны можа ў гэтым прызнацца (прабачце за каламбур). Спірыдонава надзвычай актыўная, мае безліч стасункаў, творчых і навуковых сувязяў у вобласці і рэспубліцы. Пастаянна падтрымлівае сябе ў тонусе як педагог, навуковы кіраўнік. Яе работа высока ацэнена не толькі на раённым і абласным, але і на рэспубліканскім узроўнях.
Яна вялікі майстар, сапраўдны творца. Калі бачыш яе работы (няважна, скура, тканіна ці нават пластыкавая бутэлька паслужыла матэрыялам для шэдэўра), у галаве толькі дзве думкі: няўжо такое можна зрабіць сваімі рукамі, і, калі ж яна ўсё паспявае, выкладаючы ў трох школах, займаючыся навуковай дзейнасцю, і будучы выдатнай гаспадыняй у сваім уласным доме? Люблю, кажа, займацца творчасцю ноччу, калі ўсе спяць і ніхто не перашкаджае. “Падабаецца рабіць нешта складанае, удзельнічаць у сур’ёзных конкурсах, тады я і днём і ноччу гатова працаваць. А вось двойчы рабіць адно і тое ж мне нецікава, не магу сябе прымусіць паўтарацца”, — расказвае настаўніца.
Сама Надзея Міхайлаўна з Каўказа. Там і пачынала працаваць у швейным вучылішчы. Потым вырашыла паехаць вучыцца ў Віцебск. У будаўнічым атрадзе пазнаёмілася з будучым мужам, працаваць паехалі на яго радзіму. Так апынулася ў Шуміліне.
Усур’ёз зацікавілася беларускімі звычаямі і традыцыямі, яе вабіць усё, што звязана з нацыянальным побытам, адмысловымі рамёствамі. Вось ручнік, прыгожы, самабытны – кожны крыжык на сваім месцы, кожны нясе пэўную інфармацыю, нешта абазначае. Памылішся – і ўся логіка будзе парушана. Вось сімвалы Зямлі, Вясны, Сонца і Багацця. Гэта вельмі цікава, па-сапраўднаму захапляе жанчыну. Ды і наогул, здаецца, што ёй цікава ўсё, чаго яна яшчэ не паспела паспрабаваць, у чым не разабралася да тонкасцяў.
Такая прага да жыцця, да творчасці ніколі не дазволіць спыніцца, стаміцца, трапіць у палон дэпрэсіі. Каханне, дзеці, любімая праца – вось анатомія жаночага шчасця.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №42 ад 29.05.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *