Актуальное интервью с начальником районной энергоинспекции Е. Лебедевым

Актуалии Экономика

“У нас штрафы – не самамэта”
У верасні прыйшоў холад. Вядома, не такі, як зімой, аднак многіх гэты прыступ пахаладання падштурхнуў усур’ёз падумаць пра падрыхтоўку да зімы. Маем на ўвазе перагледзець ацяпляльныя катлы, качагаркі, кацельні з тым, каб пазбегнуць аварый. Як-ніяк, а цэлыя паўгода доўжыцца  ацяпляльны сезон.
Аб тым, як ідзе падрыхтоўка да сустрэчы з зімовымі халадамі, наша гутарка з начальнікам раённай энергаінспекцыі філіяла “Энерганагляд” Я. М. Лебедзевым.
– Яўген Мікалаевіч, наколькі вядома, выйшлі новыя правілы падрыхтоўкі і правядзення асенне-зімовага перыяду. Ці змяніліся патрабаванні да тых, хто спажывае цеплавую энергію?
– Патрабаванні заўсёды былі сур’ёзныя і прынцыповыя. Інакш быць не можа. І наогул справа не толькі ў правілах – у адносінах спецыялістаў, якія ў адказе за цеплавую гаспадарку на прадпрыемстве, у арганізацыі. Хаця правілы і рэгулююць спіс дакументаў для пашпарта гатоўнасці, парадак іх падачы. У гэты асенне-зімовы перыяд (АЗП) мы поўнасцю патрабуем падрыхтоўку і падачу дакументаў па новых правілах.
– Чаму так рана пачынаюць працаваць камісіі па падрыхтоўцы кацельняў і цепласістэм да АЗП?
– Згодна з правіламі, усе падрыхтоўчыя работы да зімы павінны быць закончаны да 20 верасня, а да 1 кастрычніка трэба дамагчыся стопрацэнтнай гатоўнасці.  Гэта пры тым, што ацяпляльны  сезон стартуе 15 кастрычніка. Уся прычына ў тым, што для школ і садкоў, для бальніц цяпло можа спатрэбіцца і раней.
– Пацягнула першымі асеннімі халадамі. Ці многа клопатаў у камунальнай службы, у энергетыкаў па падрыхтоўцы да зімы?
– Клопатаў яшчэ хапае. Сіламі УП ЖКГ сёлета трэба па плану выканаць немалыя аб’ёмы па замене старых труб на прэдізаляваныя. І ў Обалі, і ў Мікіцісе. Калі ў Обалі работы ідуць да завяршэння, то з ў Мікіцісе яны яшчэ і не пачыналіся.  Добра, што наша камунальная служба атрымала ліцэнзію на такі від работ, аднак пажадана весці ўсе гэтыя работы да прыходу халадоў.
– Яўген Мікалаевіч,  а як ідзе падрыхтоўка да прыёму цяпла ў арганізацыях раёна?
– У цэлым графікі падрыхтоўкі арганізацыі вытрымліваюць. Але не ўсе. Напрыклад, райспажыўтаварыства кожны год з гэтым умудраецца зацягнуць. Мы разумеем, што клопатаў у энергетыка райпо шмат, аднак такую справу, як падрыхтоўка да зімы, не трэба рабіць у аўральным парадку. А ў цэлым, паўтараю, усё ідзе па плану. Асобная гаворка пра кацельню ў Обалі. Пасёлак ацяпляецца ад адной кацельні, і доўгі час непакоіў той факт, што  сілкавалася яна ад ОКЗ, бо ведаем, што завод перажываў не самы “залаты” свой час. Вырашана падвесці да кацельні рэзервовую лінію. Зробіць гэта раён электрасетак да пачатку зімы.
– Відаць, нямала пытанняў у  інспекцыі па падключэнню на фермах раёна душавых установак…
– Пытанні ёсць, і істотныя. Важна не дапусціць трагедый, гібелі людзей.   Зараз у гэтай справе пануе анархія. А мы прапануем зрабіць адзін праект на ўсе гаспадаркі раёна з тым, каб пазбегнуць бяды. Ды і перш чым абсталяваць душавую ўстаноўку, трэба адвесці на ферме   пакой, які ацяпляецца. Не магу ўявіць, каб чалавек у 20-градусны мароз у халодным пакоі распранаўся і прымаў душ. На ферме ў Светласельскім зрабілі душавыя кабіны і ў першую ж зіму  сістэму размарозілі. Сёння ніводная кабіна на ферме да падачы гарачай вады не дапушчана.
– Скажыце, чаго нам не хапае, каб не дапусціць надзвычайных здарэнняў з падачай цяпла ў асенне-зімовы перыяд або наогул падчас эксплуатацыі электраўстановак?
– Буйных здарэнняў мы пазбеглі, а вось аварыі здараюцца. Спрабуючы зэканоміць грошы,  многія кіраўнікі не праводзяць працэдуру допуску  ў эксплуатацыю ўстановак, як гэта патрабуецца, нягледзячы на пагрозу жыццю і здароўю людзей. Такая сітуацыя і прывяла ў 2013 годзе да няшчаснага выпадку ў нашым раёне. За розныя парушэнні патрабаванняў мы накладаем штраф. Праўда, у нас штрафы – не самамэта, мы хочам дапамагчы арганізацыі, прадпрыемству  не дапусціць бяды. І гэта лічым у сваёй рабоце самым галоўным.
Інтэрв’ю правёў Мікалай БАРЫСАЎ.
Надрукавана ў №71 ад 10.09.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *