Сохранится ли книга в будущем?

Духоўнае

Ці можна цешыць сябе надзеямі?..
Што ў нас у Беларусі шмат чытаюць і мы выпускаем больш кніг у разліку на чалавека, чым у Расіі, не сумняваюся. Толькі што з гэтага вынікае? Няўжо тое, што мы самыя лепшыя, так сказаць, самыя-самыя?.. Не. І вось чаму. У Расіі адна дзяржаўная мова, на ёй пераважна і ідзе выданне кніжак. У нас дзяржаўныя мовы дзве, і на кожнай выдаецца літаратура. Праўда, дапускаецца перакос, і  істотны, у бок выдання рускамоўных твораў. І беларускі кніжны рынак запаўняюць не толькі свае выданні, а і расійскія. Так што чытачу з рускім “чцівам” у нас вельмі прывольна. Літаратура ж беларускамоўная ў Расію не ідзе. Так што мы апярэджваем усходніх суседзяў не толькі па колькасці кніг, але  і па насычанасці.
Кніг  друкарні выпускаюць  шмат і розных. З’яўляецца і класіка (маем на ўвазе пісьменнікаў, творы якіх даказалі сваю “жывучасць”), аднак яна мала чытаецца. Чаму? Што, у школе агоркла? І Купала з Коласам, і Багдановіч з Чорным? Усё больш рука беларуса сярэдняга ўзросту цягнецца за дэтэктывам, і далёка не заўсёды беларускага аўтара.  Бяруць раманы на ноч, кніжкі пра “светлае і чыстае” каханне,  а па сутнасці лёгкія кніжачкі, напісаныя нецікавай і беднай мовай. Такія кніжкі не люблю. І не таму, што ідэя невыразная і слабая, што яна не дае ні на ёту карысці ні сэрцу, ні розуму. Не чытаю, бо пісьменнік з лексікай васьмікласніка мяне проста не паважае як чытача, як чалавека.
Што мы больш ахвотна чытаем,  лепш скажуць у бібліятэках ці ў кнігарнях. Хаця я далёкі ад думкі, што якраз тыя, хто наведвае бібліятэку, і ёсць самыя чытаючыя людзі. Сам я, напрыклад, узнімаюся на другі паверх цэнтральнай бібліятэкі, у чытальную залу, толькі тады, калі мне трэба пагартаць  газеты ці часопісы, якія я не выпісваю, або ўзяць з сабою тое,  чаго няма ў хатняй бібліятэцы. Важна, каб чалавек цягнуўся да кнігі, каб школа, бацькі прышчапілі трывалую патрэбу чытаць. І, напэўна, самае галоўнае –  што чытаць і як. Як – гэта калі чалавек чытае ўзахлёб, “глытае” кнігі, а ў галаве нічога не застаецца, або калі кніга пакідае прыемнае ўражанне, калі хочацца вярнуцца да кніжкі яшчэ раз. Мне асабіста імпануе, калі  чытаюць свядома, унікліва, сочачы за моваю пісьменніка. Мажліва, вядуць свой “кандуіт”, куды заносяцца самыя трапныя выразы. Гэта ўзбагачае лексіку, саму мову чалавека, робіць яго больш разважлівым і памяркоўным.
Што чытаюць – не менш важна. Усё залежыць ад густу, ад таго, што дала дзіцяці школа, тая ж бібліятэка, што чыталі ў сям’і. Калі быў дыктат ( у самым добрым сэнсе гэтага слова) класікі,  густоўнай сучаснай літаратуры,   гэта адкладзецца ў свядомасці, чытацкі густ застанецца, у чалавека стане нормай жыцця чытаць дыхтоўную літаратуру, а не макулатуру.
А ўвогуле ці можам мы цешыць сябе надзеямі, што чытач перародзіцца, што вернецца ён да дыхтоўнай кнігі? Не ведаю, а так хочацца, каб яно сталася. Не сёння, дык заўтра. Хаця  шпарка набірае хаду так званая  электронная кніга, даўно ўвайшло ў звычку чытанне твораў (і скарочана, на ўзроўні анатацый) у славутым інтэрнэце. Хаду часу не спыніць, галоўнае тут, каб не збіўся наш чытач на безгустоўшчыну.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №72 ад 13.09.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *