Интервью к Дню библиотек

Актуалии Культура Общество

«Бібліятэцы пустыя залы не пагражаюць»
Неяк так атрымліваецца, што, пераступіўшы парог бібліятэкі, ты раптам пачынаеш адчуваць сябе як дома. Не ведаю, як гэта магчыма, але ўсім бібліятэкам уласцівы нейкі асаблівы спакой, утульнасць, пастаянства. Гэта там, за акном, нясецца жыццё, усё мяняецца, рухаецца, не даючы апомніцца… А тут усё па-ранейшаму, усё – як у дзяцінстве.
Іна Леанідаўна Каралёва, дырэктар раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы, кажа: гэта таму, што людзі ў бібліятэкары часцей ідуць спакойныя, ураўнаважаныя, здатныя выслухаць чалавека, параіць нешта, адным словам, псіхолагі.
– Іна Леанідаўна, калі пас-прабаваць абагуліць, якая сёння самая вялікая праблема ў бібліятэк наогул і ў бібліятэкараў у прыватнасці?
– Канешне, гэта недахоп кніг. Нам вельмі шкада, калі чытач застаецца расчараваны, калі мы не можам задаволіць яго запатрабаванне, прапанаваць навінку. Вельмі спадзяюся, што хутка нам удасца папоўніць фонд, але пакуль на гэта не дужа стае грошай.
– Але ж цяпер бібліятэка – гэта не толькі кнігі. Вы аказваеце цэлы комплекс разнастайных паслуг, у тым ліку і платных.
– У бібліятэку чытач ідзе найперш за кнігай. Кніга – гэта галоўнае. Так, мы аказваем і паслугі, дарэчы, больш за 30 відаў і самых разнастайных. Найбольш папулярныя – ксеракапіраванне, ламініраванне, набор і друкаванне тэксту, складанне рэферата, платны абанемент і іншыя.
– Ці ёсць сёння адчуванне таго, што вашы чытачы перавялі сваё захапленне, чытанне, у новы фармат – электронны? Можа, сталі радзей наведваць бібліятэку.
– Не, дзякуй Богу, такога няма. Мы пастаянна аналізуем сітуацыю, трымаемся за кожнага чытача, вядзем адрасную работу. І гэта тычыцца не толькі выдачы кніг, а і ўсіх мерапрыемстваў, якіх у бібліятэцы ладзіцца багата. Ды і наогул, людзі, скажам, майго ўзросту і больш сталыя прывыклі трымаць у руках кнігу, таму, лічу, бібліятэцы не пагражаюць пустыя залы.
– На Вашу думку, які лёс у вясковых бібліятэк?
– Бібліятэка вельмі патрэбна вёсцы. Гэта часта адзіны востраў культурнага жыцця. Нават, калі мы праводзім аптымізацыю сеткі ўстаноў, то падыходзім да гэтага вельмі асцярожна і абдумана. Сёлета Грудзінаўская сельская бібліятэка рэарганізавана ў клуб-бібліятэку. На такі ход вымусіла пайсці тое, што ў зоне абслугоўвання засталося крыху больш за 200 чалавек. Ну, а наогул, я ўпэўнена, што бібліятэка ў вёсцы павінна быць абавязкова.
– На развітанне падзяліцеся, ці любіце чытаць самі, і што чытаеце зараз.
–  Адразу скажу, што любоўных раманаў не чытаю наогул. Дэтэктывы таксама не па душы. Люблю класіку: Дастаеўскага, Пастарнака, Талстога. Чытаю, перачытваю. Шмат чытаю літаратуры па псіхалогіі, якая дапамагае фарміраваць пазітыўнае мысленне, лягчэй ісці па жыцці.
Гутарыла Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №72 ад 13.09.2013 г.



1 комментарий по теме “Интервью к Дню библиотек

  1. Лічу,- бібліятэкар павінен чытаць багата рознай літаратуры, каб разбірацца і рабіць каментар. Катэгарычная заява дырэктара ЦБС: «Любоўных раманаў не чытаю наогул. Дэтэктывы таксама не па душы» — уразіла.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *