И «мёртвый» провод может убить

Безопасность

«МЁРТВЫ» ПРОВАД АКАЗАЎСЯ ПАД ТОКАМ
Ёсць адна аксіёма электрабяспекі: любы провад, любы прыбор заведама лічыцца пад напружаннем! Больш таго, нават “мёртвага” проваду трэба апасацца, нават калі да вас яго краналі два дзясяткі чалавек. Магчыма, у гэты самы момант, калі вы яго ўзялі ў рукі, нехта за некалькі сотняў метраў ад вас уключыў рубільнік!
Смяртэльна небяспечна залазіць на апоры высакавольтных ліній, гуляць пад паветранымі лініямі і рабіць паблізу іх стаянкі, разводзіць кастры, разбіваць ізалятары на апорах, накідваць на правады дрот і іншыя прадметы, залазіць на дахі дамоў і збудаванняў, дзе паблізу прахо-дзяць электрычныя правады, заходзіць у электрашчытавыя і іншыя электратэхнічныя памяшканні, карыстацца няспраўнымі электрапрыборамі, выкарыстоўваць падазроныя пераноскі і іншае.
Вельмі небяспечна дакранацца да абарваных вісячых або ляжачых на зямлі правадоў, нават набліжацца да іх. Электратраўмы можна атрымаць і за некалькі метраў ад проваду. Зямля як праваднік электрычнага току становіцца працягам абарванага проваду. Электраток можа пагражаць чалавеку і на адлегласці каля 8 метраў.
Пры паражэнні токам да 380 вольт чалавек у выніку сутаргавага скарачэння мышцаў моцна сціскае прадмет, які знаходзіцца пад напружаннем, і самастойна вызваліцца не можа. Хутка чалавек страчвае прытомнасць і, працягваючы заставацца пад напружаннем, гіне. Таму, у першую чаргу, для ратавання пацярпелага неабходна разамкнуць электрычны ланцуг, часткай якога ён стаў.
Не трэба спрабаваць адцягнуць чалавека ад крыніцы тока! Гэта прывядзе толькі да таго, што замест аднаго траўміраванага электраўдарам з’явяцца двое і больш.
Самае простае рашэнне – разамкнуць ланцуг з дапамогай выключальніка, рубільніка або штэпсельнага разнімання, выкручвання пробак або адключэння на шчытку аўтаматычных выключальнікаў. Калі гэта немагчыма, трэба перарэзаць або перабіць провад з дапамогай кусачкаў, нажніц або іншага інструмента з ізаляванай рукаяткай. У крайнім выпадку можна перасячы сякерай, рыдлёўкай, папярэдне абгарнуўшы рукаятку сухой тканінай, гумай або іншым не праводзячым электрычнасць матэрыялам.
Пры немагчымасці адключэння неабходна з дапамогай доўгай сухой палкі зняць провад з пацярпелага або адпіхнуць яго ад крыніцы току, або адцягнуць пацярпелага да сябе, ухапіўшыся за вопратку і недатыкаючыся да аголеных частак тулава.
На сырой зямлі і ў вільготных памяшканнях пажадана ізалявацца ад зямлі, апрануўшы гумавыя боты, галошы або падаслаць пад ногі любы не праводзячы электрычнасць матэрыял, нават знятую з сябе сухую вопратку.
Калі пад напружанне трапілі вы самі, то трэба любым спосабам пастарацца адарвацца ад “прыліплага” проваду аж  да свядомага падзення з вышыні некалькіх метраў. Жыццё важней магчымых удараў і нават пераломаў.
Пасля таго, як вы выцягнулі пацярпелага з небяспечнай зоны, адразу акажыце яму першую медыцынскую дапамогу.
Памятайце: ваша здароўе знаходзіцца ў вашых руках, і ад граматных дзеянняў іншы раз залежыць як ваша жыццё, так і жыццё вашых блізкіх. Пры выяўленні абарванага проваду, адкрытых дзвярэй трансфарматарных падстанцый адразу паведаміце дзяжурнаму электрасетак па тэлефоне 4-10-51.
І. ЛАПАВУХАЎ,інжынер па эксплуатацыі Шумілінскага РЭС.
Надрукавана ў №77 ад 01.10.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *