Счастье матери – в её детях

Актуалии Общество

Шчаслівая тройчы
Мець дзіця – радасць. І ніякая кар’ера не заменіць гэтае мацярынскае шчасце, лічыць Надзея Яўгенаўна Лабачова з вёскі Прыазёрная.  Самой жанчыне ў гэтым плане пашанцавала: яна шчаслівая тройчы, бо мае двое сыноў і дачку.
На пачатку свайго сямейнага жыцця Надзея Яўгенаўна і Андрэй Мікалаевіч марылі пра дзяцей. У бацькоў Надзеі было пяцёра дзяцей. “Мы былі дружнымі, – кажа жанчына. – Прывыклі дапамагаць адзін аднаму, заступацца і абараняць. Таму з самага дзяцінства склаўся такі ідэал, калі ў сям’і больш чым адно дзіця. Аднаму сумна, двое дзяцей – малавата, а трое – у самы раз”.
Жыццё Надзеі Яўгенаўны заўсёды было звязана з дзецьмі. Спачатку дапамагала гадаваць малодшых сясцёр, потым з’явіўся свой першынец. Затым уладкавалася выхавальніцай у мясцовы дзіцячы садок. Паступіла, завочна заканчвае педкаледж.
Калі мама ад’язджае на сесію, дзеці адчуваюць асаблівую адказнасць за ўсе дамашнія справы. Дзевяцікласнік Жэня  – правая рука бацькі, Аксана дапамагае бацьку гатаваць, прыглядвае за пяцігадовым Пашам, любіць чытаць яму казкі, вучыць яго пісаць і ўвогуле збіраецца ў будучым стаць настаўніцай. Ну, а Пашка, любімец сям’і, разважае, што калі стане дарослым, будзе таксістам. Спераду пасадзіць маму, на заднім сядзенні – брата, сястру, бацьку, сяброў і павязе ўсіх у вандроўку…
Да прыезду мамы-студэнткі ў сям’і заўсёды рыхтуюцца. Дзеці прыбіраюць у хаце, на падворку, разам з бацькам гатуюць нешта смачненькае. І на душы ў Надзеі Яўгенаўны прыемна ад клопату, ад такой сямейнай утульнасці. У такія хвіліны жанчына адчувае сябе вельмі шчаслівай. А яшчэ яна вельмі задаволена, што ў дзецях увасабляюцца пакрысе яе дзіцячыя мары: Аксана і Жэня наведваюць музычную школу па класу баяна. Сама некалі хацела вывучыцца.
Увесь свой вольны час Надзея Яўгенаўна прысвячае дзецям. “Ім патрэбны пяшчота, любоў, дабрыня, – упэўнена яна. – А яшчэ – увага”. Вядома, усяму гэтаму вучыць і бацька. Але ён прызнае, што ў цэнтры дзіцячага свету ўсё ж застаецца яна, матуля…
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №80 ад 11.10.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *