Международный день волонтёров. Не зависит доброта от роста…

Актуалии Общество

Не залежыць дабрыня ад росту…
5 снежня ў раённай бібліятэцы прайшоў “круглы стол”, прысвечаны Міжнароднаму дню валанцёраў. Удзел у абмеркаванні праблем прыняў намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў.
Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК) разглядае валанцёраў у якасці асноўнай крыніцы чалавечых рэсурсаў і патэнцыялу для ўдасканалення і развіцця форм і метадаў дзейнасці. Валанцёры разам з членамі і супрацоўнікамі складаюць аснову гэтай арганізацыі. Выратаванне жыццяў, палягчэнне пакутаў, збор сродкаў – усё гэта магчыма толькі таму, што людзі не шкадуюць свайго часу, сіл і энергіі, уступаючы ў кагорту валанцёраў.
Сёння ў нашым раёне дзейнічаюць дзве ініцыятыўныя групы: у Мікалаёўскім (“Міласэрнасць”) і ў Мішневіцкім (“Клопат”) сельсаветах. Яшчэ не з’яўляючыся актывістам Чырвонага Крыжа, Ф. П. Бегунова ўвасабляла ў жыццё прынцыпы гэтай арганізацыі на Мікалаёўшчыне. Яна чым магла дапамагала тым, хто побач: хворым, нямоглым, адзінокім і працягвае гэта рабіць ужо чатыры гады у межах праекта. Фаіна Паўлаўна  змагла згуртаваць вакол сябе групу моладзі валанцёраў, з дапамогай якіх удаецца яшчэ шмат чаго рабіць і па добраўпарадкаванні вясковых тэрыторый. У прыватнасці, зараз мікалаёўскія валанцёры займаюцца ачышчэннем могілак ад старых дрэў. Ахвотна ў валанцёрскую дзейнасць “увязваюцца” і школьнікі, што асабліва важна для фарміравання ў свядомасці падрастаючага пакалення паняццяў міласэрнасці, узаемадапамогі, жадання аддаваць і нічога не чакаць узамен.
Ініцыятыўную групу “Клопат”, якая дзейнічае ў Мішневіцкім сельсавеце каля года, ўзначальвае В. А. Дабравольская, загадчыца аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў. Яна расказала, што сёння група налічвае 10 актывістаў. Гэта людзі аўтарытэтныя, шчырыя, спагадлівыя, як, напрыклад, Г. Р. Данчанка і Л. Г. Зуева, якія таксама ўдзельнічалі ў мерапрыемстве.
Наогул, слушна заўважыў Анатоль Мікалаевіч, Шуміліншчыне шанцуе на лідараў, на людзей, гатовых быць ідэйнымі натхніцелямі, весці за сабой. Вось і Т. П. Русакова, хоць і ўзначальвае раённую арганізацыю БТЧК усяго з мая, але ўжо многае паспела зрабіць. Таццяна Пятроўна больш падрабязна расказала пра дзейнасць арганізацыі на тэрыторыі раёна, пра тое, каму і якая дапамога была аказана. Яна выказала словы ўдзячнасці ў адрас кіраўнікоў ДРБУ-204, ПМС, КБА, ААТ “Малако” і многіх іншых, што аказваюць пастаянную дапамогу.
Больш прадметна пра валанцёрскую дзейнасць у вобласці расказала Т. А. Дробыш, каардынатар работы Віцебскай абласной арганізацыі БТЧК. Патлумачыла, наколькі гэта важна як для тых, каму трэба дапамагаць, так і для тых, хто дапамагае. У вобласці функцыянуе 20 ініцыятыўных груп, толькі ў актыў якіх уваходзіць больш за 500 чалавек. Яна яшчэ раз заўважыла, што валанцёры не маюць ніякай матэрыяльнай узнагароды, таму асаблівую важнасць набывае прызнанне іх работы, маральнае заахвочванне.
У ходзе работы круглага стала былі выпрацаваны далейшыя накірункі дзейнасці. У прыватнасці, папулярызацыя валанцёрскага руху, больш актыўнае прыцягненне моладзі, а таксама мужчын (актыў чамусьці складаюць жанчыны), распрацоўка і ўдзел у новых праектах.
Падарункам для ўдзельнікаў мерапрыемства стала выступленне навучэнцаў Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў, якія ігралі на цымбалах і баяне, спявалі.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №96 ад 10.12.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *