Пятница, 13: воры и смертники

Происшествия

Злодзеі і рызыкант
Дзень 13 снежня запомніцца дзвюма падзеямі. Няхай не сусветнага маштабу – як кажуць, лакальнага, аднак яны ўразілі.  І да адной падзеі, і да другой дачыненне мае чалавек. Той, якога мы лічым разважлівым, мудрым і сумленным.
Першая падзея якраз разбіла ўсе гэтыя “шыкоўныя” эпітэты, як марскую хвалю аб набярэжную, умацаваную каменем. Як і другая, хаця крыху з іншага ракурсу. Але па парадку.
Помню, колькі каштавала высілкаў кіраўнікам раёна, каб пераканаць  лясгас паставіць бліз Шумілінскага возера  рубленыя домікі для тых, хто прыходзіць сюды адпачыць. Каб можна было схавацца ад спякоты, пасядзець тут за сталом, згуляць партыю ў шахматы. “Вось, ідэаліст!” – скрывіцца нехта, і будзе, як гэта ні шкада, мець рацыю. Маўляў, збіраюцца тут аматары пеннага піва ды брыдкага пойла, каб пакінуць пасля сябе бітае шкло і парожнія ПЭТ-бутэлькі. Відаць, нехта з гэтых скептыкаў (а мо і нехта іншы: не злоўлены – не злодзей) і ўчыніў на днях разборку дахаў. Дакладней,  раскрыў (не зусім, ад нізу, дакуль дастала рука ці палка) два домікі, побач з трэцім валяўся нейкі аскепак.  “Некаму спатрэбіліся дошкі ў гаспадарцы, – разважаем з вадзіцелем рэдакцыі. – На падлогу – танкаватая, а для пераборкі якраз. Дошка сухая, гонкая…”
Як правіла, крадуць тое, што дрэнна ляжыць. Тут прымацавалі цесляры дошкі капітальна – усё адно ўзадралі. Жывасілам. Ад беднасці? Няпраўда. Гэта верх дзікунства, калі адзін ладзіць, другі наўмысна псуе. Што ж вы, людзі, робіце?!
Якраз на тую ж пятніцу прыпадае і прыезд  будаўнічай брыгады з УП ЖКГ. Паабураліся яны і ўзяліся сцягваць з машыны дошкі: трэба рамантаваць.
* * *
Другая падзея – не такая сумная. Хаця як сказаць. На тонкім лёдзе, крокаў за семдзесят ад берага, абапёршыся на веласіпед, стаяў рыбак.  У рыбацкім абутку, з рыбацкім рыштункам. “Смяротнік”, – адным словам ахарактарызаваў чалавека вадзіцель, сам заўзяты, фанатычны  рыбак.  “Лёд тонкі, сантыметры чатыры, не больш, – развіваў сваю думку ён. – Такіх “смельчакоў” трэба караць…”
Але як?  Закона такога няма, каб штрафавалі за такую нікому не патрэбную рызыку. Нават шкодную ва ўсіх сэнсах: дрэнны прыклад, учынак – заразлівы…
Дачакаліся, пакуль рыбак, нацешыўшыся, відаць, “промыслам”, крануўся з наседжанага месца і, пакаціўшы побач веласіпед, скіраваўся да берага. Хісткай хадою, нерашучай. Паходкай п’янага чалавека. А п’янаму, як вядома, і мора па калена…
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №98 ад 17.12.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *