Бытовое обслуживание: реалии и планы на будущее

Актуалии Экономика

Каб на ўсіх накірунках – без страт
На пытанне, як спрацавала раённая служба быту за студзень-лістапад бягучага года, дырэктар КУП БАН  В. П. Бабічаў кажа: “Згодна з даведзеным планам за аказаныя  паслугі, прадукцыю мы павінны зарабіць за гэты год 2,1 мільярда рублёў, але ўжо за студзень-лістапад маем 2,2 мільярда – гэта 135% да ўзроўню мінулага года. Сярод 22 прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання вобласці мы займаем шостае месца. А чатырнаццаць гадоў таму, калі я ўзначаліў КУП БАН, мы былі апошнія”.
У мінулым годзе рэнтабельнасць прадпрыемства была мінус 8,1%, а ў гэтым годзе яна нулявая.  Але і гэта не дадае гонару. У прадпрыемства няма страт, але і прыбытку не маюць. Чаму?
Віктар Паўлавіч называе некалькі прычын. Па-першае, з гэтага года райбыткамбінаты не карыстаюцца датацыяй на пакрыццё страт на тыя паслугі, якія аказваюцца сельскім жыхарам. З-за гэтага прадпрыемства “згубіла” каля 200 мільёнаў рублёў. “Дзякуй райсавету, што пайшоў нам насустрач і пралангаваў льготу па падатках на нерухомасць і зямлю: плацім толькі 50%. А без гэтага нам прыйшлося б зусім туга”, – канстатуе В. П. Бабічаў.  Па другое, прадпрыемству сёння завінавацілі за аказаныя паслугі розныя арганізацыі і прадпрыемствы раёна 245 мільёнаў рублёў. І, нарэшце, многія бытавыя паслугі аказаліся незапатрабаванымі…
Цырульня
Менавіта ад цырульні і рытуальных паслуг КУП БАН мае самы большы прыбытак. Так, ад паслуг цырульні атрымалі сёлета  364 мільёны рублёў (тэмп росту ў параўнанні з мінулым годам  склаў 141%). Але чаму шумілінскія майстры шукаюць сабе месца  ў Віцебску?   ”Прыватныя цырульні працуюць крыху па іншай схеме, – тлумачыць Віктар Паўлавіч. – Я неаднойчы размаўляў з гаспадынямі такіх салонаў. Многія з іх забіраюць за месяц агавораную суму грошай, астатняе – гэта заробак цырульніцы. На дзяржаўным прадпрыемстве так не зробіш. Але мы стараемся пайсці насустрач людзям: з кастрычніка, напрыклад, у нашых цырульніц заробак павысіўся – яны  атрымліваюць  40%  ад выручаных грошай.  Таксама зрабілі нядаўна і яшчэ адну льготу – да водпуску цырульніц дадалі яшчэ пяць дзён”. Хочацца верыць, што такія даброты дадуць свой вынік.
Шынамантаж
Аказанне паслуг па шынамантажу вельмі запатрабаванае ў Шуміліне. КУП БАН узяўся за гэту справу. Але паслуга, па ўсяму бачна, была слаба арганізаваная. Не паспелі як след развярнуцца, як ініцыятыву перахапілі прыватнікі. А райбыткамбінат за першае паўгоддзе зарабіў за паслугі па шынамантажу ўсяго тры мільёны рублёў. І дзверы зачынілі на замок. Не было каму працаваць. Відаць, рабочых не задавальняў і заробак (сярэдняя заработная плата па КУП БАН 2,2 мільёна рублёў). “Рамонтнікам мы плацілі пэўны працэнт ад выручкі, інакш не было б сэнсу нашай вытворчасці, – тлумачыць В. П. Бабічаў. – Але ж кожны хацеў пакласці ўсе выручаныя грошы ў асабістую кішэню. Вось і атрымалася, што шынамантаж не прыбытковы”. Засталося абсталяванне, якое  пры талковай арганізацыі работы можа даць прадпрыемству прыбытак. І кіраўніцтва райбыткамбіната з гэтым згодна. Таму мяркуюць у наступным годзе перанесці абсталяванне на тэрыторыю прадпрыемства і тут аказваць паслугі па шынамантажу.
Цэх па вытворчасці бетонных пліт
Гордасць прадпрыемства – цэх па вытворчасці бетонных пліт. Бетонныя агароджы, што на вуліцах райцэнтра і ў розных аграгарадках раёна,  выраблены работнікамі райбыткамбіната. За студзень-лістапад, па падліках эканамічнай службы КУП БАН, прадалі агароджаў на агульную суму амаль трыста мільёнаў рублёў. Заказвалі іх не толькі прадпрыемствы і арганізацыі, але і прыватныя гаспадары.
Выраб агароджаў –  справа выгадная, лічаць у райбыткамбінаце.  Калі б толькі ўсе заказчыкі разлічваліся своечасова:  толькі камунгас, па падліках эканамістаў УП ЖКГ,  запазычыў больш за сто мільёнаў рублёў.
Удасканалілі тэхналогію вырабу агароджаў: яны сталі больш трывалыя. Але ж не стальныя, зазначаюць рабочыя, каб вытрымаць налёты вандалаў.
Пральня,  фотасалон
Работа пральні і фотапаслуг для райбыткамбіната нявыгадна. Напэўна, таму, што зараз амаль у кожнага дома машына-аўтамат, многія маюць лічбавыя фотаапараты. Сфатаграфавацца прыходзяць хіба толькі на пашпарт. Нават робяць групавыя заказы. Напрыклад, у час нашай размовы з В. П. Бабічавым  тэлефанавалі з Мішневіцкай СШ – прасілі прыехаць сфатаграфаваць старшакласнікаў на пашпарт. “За прыезд грошай не бяром, –  кажа В. П. Бабічаў. – Хаця гэта паслуга і нявыгадная для нас, але ёсць сацыяльныя стандарты, якіх павінны прытрымлівацца”.  З другога боку, чаму б райбыткамбінату ў фотасалоне не пашырыць паслугі: партрэты, фота ў рамках, ксеракопіі і іншае?
Рамонт мэблі
Многа гадоў пры райбыткамбінаце працуе цэх  па рамонце мэблі. Тут перацягваюць канапы, крэслы. У гэтым годзе аказана такіх паслуг на 5,6 мільёна рублёў. Гэта напалову менш, чым у мінулым годзе, бо паўгода не было спецыяліста.
У гэтым годзе не было ў райбыткамбінаце абутніка. Але зусім нядаўна знайшлі спецыяліста, ён афармляецца на работу.
Пра планы на будучае
У наступным годзе, па словах В. П. Бабічава, бытавікі мяркуюць развіваць транспартныя паслугі. А яшчэ маюць намер атрымаць ліцэнзію на нарыхтоўку дроў і продаж іх насельніцтву. Пралічылі – будзе выгадна. На будучае прадумваюць такую паслугу як “мужчына на гадзіну” (не падумайце, што інтымнага характару). Такога мужчыну можна выклікаць, каб прымацаваць карніз ці прыкруціць ручку ў дзвярах.
Што датычыцца вясковых КПП, то працаваць будуць не ўсе. “Ідзе  аптымізацыя школ, так і ў нас, ідзе аптымізацыя комплексных прыёмных пунктаў, бо па стандартах на 1700 вяскоўцаў павінна быць адно КПП, – кажа Віктар Паўлавіч. – Так што ў далейшым замест 10 КПП будзе толькі 5. Напрыклад, на Мішневіцкі сельсавет зробім КПП у Сураўнях. Увогуле на наступны год плануем арганізаваць работу так, каб на кожным накірунку не было страт. Наша ж прадпрыемства не бюджэтнае, самі зарабляем грошы. Што зарабілі – тое і атрымалі”.
Гутарыла Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №98 ад 17.12.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *