Общежития: нет ничего более постоянного, чем временное

Актуалии Общество

Няма нічога больш пастаяннага, чым часовае
Праз інтэрнаты праходзяць многія. Жывуць у іх сем’і, якія  чакаюць свой вугал, жывуць халасцякі і разведзеныя. За інтэрнатам цвёрда замацавалася рэпутацыя часовага жылля. Аднак нехта мудра сказаў: няма нічога больш пастаяннага, чым часовае. І нярэдка чалавек, засяляючыся ў інтэрнат з надзеяй праз нейкі час палепшыць сваё жыллё, асядае тут надоўга, а то і назаўсёды.
Таму калі загаварылі аб упарадкаванні пражывання  жыльцоў інтэрнатаў, што належалі “Шумілінскаму райаграсервісу”, многія інтэрнатаўцы не на жарт устрывожыліся. Асабліва тыя, што жывуць па вуліцы Кароткіна. Справа ў тым, што гэтая трохпавярхоўка ў цэнтры Шуміліна праз нейкі час стане, па ўсім відаць, мясцовым “гатэлем”.
Але спачатку перадалі тры інтэрнаты райаграсервісу на баланс УП ЖКГ. Нялёгка далося раённым уладам такое рашэнне: у камунгасе і без таго па самую макаўку нерухомасці падобнага кшталту. Тым не менш эканамічная сітуацыя ў нядаўніх гаспадароў была куды больш напружанай…
На днях прадстаўнічая дэлегацыя (ад райвыканкама, УП ЖКГ і райаграсервісу) завітала ў інтэрнаты.  У тым, што па вуліцы Кароткіна, на сходзе жыльцоў гучалі скаргі — і па гарачай вадзе, і па рамонце, які не рабіўся ў інтэрнаце 22 гады. А што даўно не было тут гаспадара, бачна, як кажуць, няўзброеным вокам. Асабліва калі заходзіш у падвал або бачыш  брудна-зялёную сцяну на калідорах, якая не бачыла пэндзля дзесяткі гадоў. “Не сваё — чужое, казённае”, — падумалася з сумам. І калі кіраўнік групы, намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў павёў гаворку аб крэдытах на будаўніцтва ўласнага жылля пад 1% гадавых (такі мізерны працэнт толькі для малых гарадоў) без папярэдняй аплаты 5% кошту (такой палёгкі для тых, хто не мае свайго кутка, ніколі не было), той-сёй узяўся спасылацца на нізкія заробкі, на тое, што банк ужо і крэдытаў не дасць, бо гады. Не пачулі ад жыльцоў гэтага інтэрната, каб хтосьці звязаў сябе жыллёвым кааператывам.
А вось у інтэрнаце, што па вуліцы Луначарскага, такія ахвотнікі ёсць. Малады мужчына Дзмітрый, электрык райаграсервісу, крэдыт узяў, будуецца. Ён  і самым актыўным быў на імправізаваным сходзе ў адным з жылых блокаў. Дыяпазон тэм быў даволі шырокі: і крэдыты цікавілі людзей, і тое, ці захаваецца ў інтэрната ранейшы статус, і каму плаціць за камунальныя паслугі… Начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама В. С. Селязнёў падчас размоў аб крэдытах на жыллё выказаў важкі аргумент: усе, хто будаваўся праз крэдытаванне, пагашаў банкаўскі доўг не за 40 гадоў, як па дагаворы, а  максімум за 7-15 гадоў.
“Выплылі” на сходзе і пытанні, характэрныя толькі для гэтага інтэрната. Гаворка аб бытавых пакойчыках (без каналізацыі, без вады), у якіх таксама засяліліся людзі. “Як селядцоў у бочцы”, — зазначыў нехта. Новы гаспадар — УП ЖКГ — навядзе парадак. Як адзначылі юрысты прадпрыемства, будзе зроблены  абыход заселеных пакояў інтэрнатаў, з высвятленнем законнасці пражывання. Заадно і прааналізуюцца ўсе праблемы па рамонце, выйдуць на адзіную схему па аплаце за электраэнергію.
Жахлівая сітуацыя ў інтэрнаце, што па вуліцы Астроўскага. Праўда, быў не такі і далёкі час, калі ў інтэрната была самая пачцівая рэпутацыя. Сёння — горш не прыдумаеш. Райаграсервісу жыллё прыйшло ў “спадчыну” ад райсельгасхіміі. Раённая газета пісала  пра ўмовы, у якіх даводзіцца тут жыць людзям. Пражывае  жменька людзей, хаця згодна з прапіскай усе пакоі інтэрната заняты пад завязку. Юрысты разбяруцца, у каго з інтэрнатаўцаў які інтарэс і хто мае права на рэгістрацыю. Трэба сказаць і аб псіхалогіі чалавека з інтэрната – “не сваё”. Адсюль і бязладдзе, і антысанітарыя. Хаця што казаць, і ў шматкватэрных дамах, не інтэрнатаўскага статусу, часам хапае ўсякага.
І апошняе. Ва ўсіх інтэрнатах павінен быць камендант — чалавек, які ў адказе за парадак. Да нядаўняга часу ён быў толькі ў тым інтэрнаце, што па вуліцы Луначарскага. Трэба выводзіць з жыллёвага сектара кацельню па Астроўскага, патрабуе, па ўсім відаць, капітальнага рамонту дах у інтэрнаце па Луначарскага, нямала сродкаў патрэбна, каб надаць божы выгляд інтэрнату па вуліцы Кароткіна.
“Разбяромся з кожным жыльцом, — дакляравалі члены камісіі. — Ніхто на вуліцы не апынецца…”.
Тым не менш той-сёй лішні раз задумаецца пра сваё, а не казённае, жыллё. Тым больш, што дзяржава дае своеасаблівыя прэферэнцыі тым, хто мае ў гэтым патрэбу.
Мікалай МАРОЗ.

Надрукавана ў №88 ад 12.11.2010 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *