Всей общиной обновляли святой источник в деревне Победа Шумилинского района

Духоўнае Общество

Святая крыніца ў Пабедзе
Святая крыніца ў Пабедзе. Гэта месца вяскоўцы лічаць таямнічым і нават чароўным. Сюды прыязджаюць людзі з усіх навакольных вёсак нашага раёна. Прыязджаюць, каб набраць гаючай вады са святой крыніцы.
Так было і сёлета на Вадохрышча. Але напярэдадні малады іерэй Аляксандр Фурсаў (ён прыехаў у Пабеду ў мінулым годзе) арганізаваў рамонт крынічкі. “Мы выдзелілі для крыніцы калодзежнае кальцо. І мясцовыя жыхары, як кажуць, узяліся ўсім мірам дапамагаць, – кажа старшыня Лаўжанскага сельвыканкама С. П. Кійко. – З “Шумілінскага райаргасэрвісу” выдзелілі тэхніку, неацэнную дапамогу аказаў жыхар вёскі Добрына Сяргей Бегуноў і старэйшына Пабеды Валерый Грузневіч. Сабраліся вясковыя мужчыны, паставілі яшчэ адно калодзежнае кальцо, зрабілі на крынічцы навес, аднавілі зруб, на які павесілі калаўрот з ланцугом…”.
На Вадохрышча ля святой крыніцы сабралася вельмі многа людзей. “Спачатку свяшчэннік Аляксандр правёў у царкве службу, а потым усе жадаючыя змаглі набраць святой вады, – расказала нам мясцовая жыхарка Людміла Лявонава. – Увогуле такое свята ля  крыніцы  было праведзена ўпершыню. Нашы прыхаджане падтрымалі ініцыятыву свяшчэнніка Аляксандра. Бачна, што ён вельмі стараецца, асвяціў пасля Вадохрышча нашы дамы.  Дзякуючы яму і крыніца нібыта другое жыццё атрымала, і людзі да духоўнага пацягнуліся.  Нават на службу ў Свята-Успенскую царкву стала прыходзіць больш прыхаджан”.
“У нашай вёсцы раней жыў іерэй Аляксандр Церахаў з жонкай, матушкай Святланай, – расказала нам прыхаджанка Свята-Успенскай царквы М. А. Лапо. – Наш старажыл Фёдар Дарафеевіч Якаўлеў паказаў ім тое месца ля возера, дзе даўней стаяла капліца, а побач была святая крыніца. І вось Святлана і Аляксандр Церахавы і мясцовыя жыхары пачалі вывучаць гэтае месца, знайшлі зруб, які быў ужо пад зямлёю. У 90-я гады яго адкапалі, крыніцу ачысцілі. З тых часоў многія сюды прыходзяць за вадой. І даўно ўжо няма ў вёсцы Церахавых, а добрая памяць пра іх жыве ў сэрцах людзей”.
Дарэчы, іерэй Аляксандр Фурсаў расказаў нам, што калі ў 90-я гады чысцілі крыніцу, то  знайшлі тут больш за паўсотні розных манет. “Самыя старажытныя з іх былі датаваны  16 стагоддзем, – кажа свяшчэннік. – Гэтыя манеты зноў кінулі назад у крыніцу. А вада ў ёй сапраўды гаючая, яна дапамагае ад многіх хвароб. У будучым мяркуем зрабіць ля крыніцы новую агароджу, трэба падумаць і пра рамонт дарогі да гэтага святога месца. А яшчэ на павароце на Пабеду (ля аўтадарогі Віцебск-Полацк) маем намер паставіць банер, каб усе праезджыя ведалі, што можна завярнуць у вёску, наведаць Свята-Успенскую царкву і  святую крыніцу.”
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №8 ад 31.01.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *