К Дню защитников Отечества

Актуалии Общество

“Армія змяніла  мой характар”
23 лютага для абальчаніна Анатоля Курыленкі дзень асаблівы. Другі раз хлопец святкуе Дзень абаронцаў Айчыны ў статусе салдата – ён праходзіць тэрміновую вайсковую службу ў 103-й гвардзейскай асобнай мабільнай брыгадзе г. Віцебска.
За  пятнаццаць месяцаў службы Анатоль, як сам прызнаецца, стаў сапраўдным мужчынам, адказным і дысцыплінаваным. Найбольш яму запомніліся ваенныя вучэнні “Захад-2013”, падчас якіх  ён на сваім БТР-80 вёз пяхоту з Казахстана для атакі  ўмоўнага ворага.
І яшчэ радавы А. Курыленка зазначыў: “Добра, што я пайшоў служыць. Армія істотна змяніла мой характар, прычым у лепшы бок”.

Пра зоркі на пагонах і не толькі…
Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь карэспандэнт раённай газеты задаў пяць пытанняў намесніку ваеннага камісара раёна маёру Сяргею Смірнову.
– Сяргей Уладзіміравіч, раскажыце, як складваецца  ваша ваенная кар’ера? І, увогуле, чаму вы абралі менавіта афіцэрскую службу?
– Пачну з другога пытання.  Калі мы заканчвалі школу, сябар паклікаў паступіць у Ваенную акадэмію. Згадзіўся. Добра здаў першыя экзамены, але праваліў фізіку. І гэтая перашкода распаліла мяне, я проста загарэўся стаць афіцэрам. Скажу па шчырасці, хацелася паспрабаваць “рамантыку” афіцэрскай службы. Год узмоцнена рыхтаваўся. І паступіў. Сёння  пра гэты выбар зусім не шкадую, яшчэ ў акадэміі зразумеў, што армія – гэта маё.
У 2000 годзе мяне, маладога лейтэнанта, накіравалі служыць у Калінкавічы, мая першая пасада – начальнік лабараторыі склада ракетнага паліва. Праз два гады перавялі ў Навагрудак, а ў Слоніме  даслужыўся да маёра. Затым былі Полацк, Заслонава, пераважна працаваў на пасадзе начальніка службы гаручага. З 2012 года – у Шумілінскім раённым ваенным камісарыяце, намеснікам ваенкома.
– Сучасны афіцэр.
Які ён?
– Ва ўсе часы  было і ёсць такое паняцце як афіцэрскі гонар. Любоў да Радзімы, адказнасць за свае словы і ўчынкі, дысцыплінаванасць. Гэтыя словы для нас, афіцэраў, – галоўныя. Жыццё патрабуе ад сучаснага афіцэра мабільнасці, пастаяннай самаадукацыі.
– Які салдат не марыць стаць генералам? Гэта выслоўе датычыцца маёра Смірнова?
– (Усміхаецца). Безумоўна, датычыцца. А калі сур’ёзна, то для мяне галоўнае – не зоркі на пагонах, хаця і яны не першакодзяць. Важна быць прафесіяналам у сваёй справе, мець дастаткова ведаў, пастаянна накопліваць прафесійны вопыт. Таксама важна заўсёды заставацца чалавекам у любой сітуацыі, у любы час.
– Часта “ваенную інтэлігенцыю” называюць “спалучэннем неспалучаемага”…
– З гэтым зусім не згодзен. Так можа сцвярджаць толькі папуліст, чалавек далёкі ад арміі. Адкажу толькі за сябе. У вольны час, напрыклад, люблю пачытаць.  Зачытваюся Дзмітрыем Глухоўскім, кнігамі з серыі «Метро» і «ST.A.L.K.E.R.». Часам перачытваю Міхаіла Булгакава “Белая гвардыя”, падабаецца і класіка – Віктар Гюго і Дантэ. Ды і беларускую літаратуру чытаю, любімы аўтар –  Васіль Быкаў.  З жонкай часта бываем у драматычным тэатры. З апошняга, куды хадзілі, – “Візіт дамы” і  “Восеньская саната”.  Вельмі люблю падарожнічаць. Мір, Нясвіж, Брэст, Гальшаны…
– Што для вас 23 лютага? І каго вам праз раённую газету хочацца павіншаваць са святам?
– Самае галоўнае свята. Мой дзядуля прайшоў Вялікую Айчынную, заўсёды 23 лютага мы  збіраліся разам. І як прыемна было, калі мяне, хлопчыка, віншавалі разам з дзядулем.
Як работнік ваеннага камісарыята хачу  павіншаваць наш калектыў з дзяржаўным святам. Як сябар раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз афіцэраў” віншую афіцэраў. І як мужчына хачу павіншаваць усіх мужчын з нашым святам!
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №14 ад 21.02.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *