Начался Великий пост

Духоўнае

Пачаўся Вялікі пост
Вялікі пост у праваслаўнай царкве, ці Святая чатырох-дзясятніца, устаноўлены ў перайманне саракадзённаму посту прарока Маісея, прарока Іліі, а галоўным чынам —  прыклада Ісуса Хрыста, які пасціўся сорак дзён у пустыні. Гэта асаблівы і важны час у духоўным жыцці кожнага веруючага чалавека, гэта час, калі царква заклікае сваіх хрысціян на асаблівы подзвіг – устрымання і малітвы.
Вялікі пост – самы працяглы і важны па значэнні, калі богаслужэнне, царкоўныя песнапенні, шматлікія паклоны вядуць чалавека да галоўнай мэты посту – пакаяння. У гэты перыяд успамінаюцца евангельскія падзеі, што папярэднічалі пакутам Гасподнім і Яго Светламу Уваскрэсенню.
Пост змяняе чалавека не толькі фізічна, але галоўнае – духоўна. Ён робіць нас спакойнымі, цвярозымі, сарамлівымі, уціхамірвае пажаднасць. Зараз існуе тэндэнцыя ў пост толькі не ўжываць пэўнага роду ежу, але гэта хутчэй змяняе чалавека знешне. Гэта дыета, але ніякі не пост. Пост павінен, перш за ўсё, змяніць чалавека знутры, павінен правільна расставіць жыццёвыя арыенціры, змяніць у лепшы бок свае адносіны да бліжніх, ворагаў і, урэшце, да самога сябе.
Таму грашаць тыя, хто, выконваючы цялесны пост, не пасцяцца духоўна: ганарліва паводзяць сябе, асуджаюць і прыніжаюць іншых.
Сэнс посту можна выказаць словамі Святога Іаана Златавуста: “Ты пасціш? Дакажы гэта сваімі справамі. Калі ўбачыш беднага – падай мілас-ціну, калі ўбачыш ворага – прымірыся, калі ўбачыш сябра шчаслівым – не трэба
зайздросціць, а парадуйся… Няхай пасцяць не адны вушы, але і зрок, і слых, і нага, і рука…”
Усе хрысціяне чакаюць радаснага і ўрачыстага Хрыстовага Уваскрэсення, каб уваскрэслы Хрыстос, які некалі асвяціў цёмную грабніцу, асвяціў чалавечую душу, якую ён рыхтаваў да гэтай падзеі сорак дзён.
Іерэй Вадзім ЯСКО.
Надрукавана ў №17 ад 04.03.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *