К профессиональному празднику — Дню милиции

Общество

Як і бацька, стаў міліцыянерам
Старшы інспектар па ўлікова-рэгістрацыйнай рабоце групы інфармацыйнага забеспячэння РАУС Віктар Попелаў працуе ў райаддзеле ўнутраных спраў два гады.
Кажа, што ягоны выбар быў прадуманы і свядомы. Немалаважную ролю адыграў і бацькаў прыклад – Канстанцін Леанідавіч адпрацаваў у райаддзеле амаль чвэрць стагоддзя.
Віктар Попелаў добра спраўляецца са сваёй работай. Ён адказвае за электронны банк дадзеных па правапарушэннях, апрацоўвае  ўсю статыстычную інфармацыю, перадае патрэбныя дадзеныя ў інфармацыйны цэнтр УУС  г. Віцебска.

“Іх работа адшліфавана і распісана па хвілінах”
Ізалятар для часовага ўтрымання затрыманых асоб або заключаных пад варту – асобная структурная адзінка райаддзела ўнутраных спраў. За год сюды трапляе больш за трыста чалавек. Хаця летась у па-раўнанні з 2012 годам колькасць “кліентаў” ізалятара знізілася прыкладна на 10%.
Намеснік начальніка РАУС  Ю. А. Арлоў адзначае, што ў ізалятары часовага ўтрымання працуе надзейны  і прафесійны касцяк міліцыянераў. “Іх работа адшліфавана і распісана па хвілінах”, – кажа Юрый Аляксеевіч.
Ізалятар практычна ніколі не пустуе. А пасля святаў тут часта не хапае месца (у ізалятары змяшчаецца ўсяго дзевяць чалавек). Сюды трапляюць тыя, хто падазраецца ў здзяйсненні нейкага правапарушэння (як правіла, яны тут знаходзяцца да суда на працягу адных-трох сутак), або тыя, хто заключаны пад варту на некалькі сутак.  “І за першымі, і за другімі строгі і пільны нагляд, – кажа начальнік ізалятара часовага ўтрымання Сяргей Асташонак. – Дзяжурныя пастаянна сочаць, што робіцца ў камерным блоку, прадухіляюць бойкі, суіцыды, спробы ўцёкаў. Акрамя гэтага,  у абавязкі дзяжурных уваходзіць раздача абедаў і вывад затрыманых на прагулкі. Між іншым, некаторыя думаюць, што затрыманыя тут працуюць. Гэта не так. Прыцягнуць да работы па законе можна толькі са згоды чалавека. Як правіла, тыя, хто да нас трапляе, працаваць не вельмі ахвочыя. Іншая справа па ўборцы ізалятара. Гэта ўваходзіць у абавязкі затрыманых. Бывалі выпадкі, калі некаторыя адмаўляліся. Але за адмову суд прызначаў яшчэ трое сутак арышту”.
Міліцыянеры адзначаюць, што нямногія трапляюць у ізалятар выпадкова.  Дзяжурныя Уладзімір Шкулаў, Аляксандр Астапенка, Сяргей Паўлоўскі, Аляксандр Аўчыннікаў большасць з «кліентаў» ведаюць не тое што знешне, але і па імені і прозвішчы. Ведае і канваір Юрый Гутнікаў, як хто будзе паводзіць сябе на следчых дзеяннях або на судзе.
Міліцыянеры адзначаюць сумную тэндэнцыю часу, што ў ізалятары бавяць свой час не толькі мужчыны, але і жанчыны. Яны сюды трапляюць за хуліганства, п’янства, крадзеж і іншыя правапарушэнні. Ізалятар – гэта тое месца, якое прымушае задумацца над сваімі ўчынкамі. Галоўнае, каб гэта стала ўрокам….
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №17 ад 04.03.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *