К 70-летию освобождения Шумилинского района. Вспоминает ветеран войны Н. Н. Чепурнов

Актуалии Край шумілінскі

“Самае страшнае было трапіць у рукі ворагаў”
Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны  Мікалай Мікалаевіч Чапурноў лічыць, што яму лёсам было наканавана выжыць у час ваеннага ліхалецця. Бо нарадзіўся ён 9 мая. Тады, у далёкім 1926 годзе, калі ён з’явіўся на свет, ніхто і не думаў, што дзень 9 мая стане такім знамянальным. І вось ужо 68 гадоў ветэран адзначае ў гэты дзень двайное свята –  Дзень Перамогі і дзень нараджэння.
“Добра памятаю, як  ля нашай вёскі Канцы, што была на Казьяншчыне, з’явіліся немцы, – успамінае Мікалай Мікалаевіч. –  Яны ехалі на матацыклах, машынах, танках.  Нас, хлопцаў, спачатку адольвала звычайная цікаўнасць, а потым было не да гэтага. Немцы пачалі расстрэльваць яўрэеў і ўсіх тых, каго падазравалі ў сувязі з партызанамі”.
Сям’і Чапурновых, як лічыць Мікалай Мікалаевіч, у гэтым плане пашанцавала, бо немцы і паліцаі ніколі не засталі ў іхнім доме партызан, хоць яны тут былі частымі гасцямі. Насіць перадачы ў лес, сачыць за немцамі было каму – у сям’і Чапурновых было васьмёра дзяцей.
“У той час на Казьяншчыне яшчэ працаваў вадзяны млын, і маці часта пасылала мяне малоць зерне на муку. А потым пякла для партызан хлеб, – расказвае ветэран. – Але немцы сталі падазраваць, што жыхары нашай вёскі дапамагаюць партызанам. І знаёмы паліцай паведаміў нам пра планы карнікаў спаліць вёску.  Людзі схаваліся ў лесе. А немцы тым часам ўздзіралі дошкі падлогі ў дамах, усё шукалі партызан. Падпалілі ў вёсцы адну хату, астатнія засталіся цэлыя. Калі немцы з’ехалі, людзі вярнуліся дадому”.
У 1944 годзе Мікалая Чапурнова разам з 16-цю хлопцамі з навакольных вёсак выклікалі ў ваенкамат. Тэрміновую службу яны праходзілі на вайне. Мікалай Мікалаевіч спачатку трапіў на Прыбалтыйскі фронт, потым – на  Трэці Беларускі. Вызваляў Пскоў, Талін, ваяваў ва Усходняй Прусіі, дайшоў да Кёнігсберга. “За некалькі дзён нас навучылі страляць, мяне прызначылі кулямётчыкам, – працягвае Мікалай Мікалаевіч. –  І вось да канца вайны я не разлучаўся са сваім “Максімам”. Асабліва запомніліся жорсткія баі ля Таліна, многа там лягло байцоў  з нашага батальёна. Загінуў і мой напарнік-кулямётчык. А я з раненнем трапіў у шпіталь”.
“Самае страшнае для нас было трапіць у рукі ворагаў, – прызнаецца Мікалай Мікалаевіч. – А з кулямётам у руках можна было і загінуць. Вельмі страшна  было і мірным людзям у час акупацыі, бо яны адчувалі сябе безабароннымі і не ведалі, чаго чакаць заўтра. А на фронце ўсё зразумела: перад табой пастаўлена задача і яе трэба выканаць. Пра страх тут думаць не было калі”.
Пасля Перамогі мотастралковую часць, у якой служыў М. М. Чапурноў, перакінулі ў Пскоў. Адсюль 14 снежня 1946 года Мікалай Мікалаевіч быў дэмабілізаваны.   Дадому прыехаў з ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі “За адвагу” і “За ўзяцце Кёнігсберга”.
Разам з названымі ўзнагародамі Мікалай Мікалаевіч беражліва захоўвае і падзякі Сталіна. Пажаўцелыя ад часу, яны вельмі дарагія ветэрану. На адной з іх чытаем: “За выдатныя баявыя дзеянні па разгрому нямецка-фашысцкіх войск на тэрыторыі Усходняй Прусіі загадам Вярхоўнага Галоўнакамандуючага маршала Савецкага Саюза І. В. Сталіна выказваецца падзяка Мікалаю Мікалаевічу Чапурнову”. Другая падзяка таксама за баявыя дзеянні і ў сувязі з Днём Перамогі.
М. М. Чапурноў зараз жыве ў Шуміліне, дапамагаюць дзеці. А нядаўна да Мікалая Мікалаевіча прыязджалі з абласнога тэлебачання. Запісалі цікавы расказ ветэрана, здымалі на відэа. І пра жыццёвы лёс М. М. Чапурнова расказалі ў адным з выпускаў перадачы “Дарогамі вайны”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №25 ад 01.04.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *