К 70-летию освобождения района. Письмо з фронта на бересте

Актуалии

Ліст з фронту. На бяросце
Настаўнікі Мішневіцкай школы, хто заспеў вучыць дзяцей у 70-ыя гады 20 стагоддзя, напэўна, помняць пісьмо, дасланае з Масквы і адрасаванае вучням  ад Васілія Мікалаевіча Юзікава. Трыццаць гадоў захоўвалася яно, напісанае на бяросце, у сямейных архівах, а затым франтавік, старшы лейтэнант, камандзір кулямётнай роты 23-га стралковага палка 51-ай стралковай дывізіі В. М. Юзікаў як  удзельнік вызваленчых баёў за мішневіцкую зямлю вырашыў усё ж перадаць гэты незвычайны ліст у дар школы, каб вучні помнілі, як жылося тады і як прагнуў чалавек данесці да сваіх родных франтавую вестачку…
Дата на берасцяным лісце пазначана 27 снежня 1943 года. На двух столках бяросты чарнілам напісаны словы, якія дайшлі да сённяшняга дня, якія прачытала не адно пакаленне школьнікаў. “Гэта мы наступалі на фашысцкі гарнізон у в. Бываліна. Занялі вёскі хутка. Фрыцы не вытрымалі нашага рускага “Ура!” і шквальнага агню. Усё кінуўшы, подлыя баязліўцы драпалі з вёскі. Праўда, потым два разы спрабавалі контратакаваць. Толькі нічога ў іх з гэтага не атрымалася. Зводка Саўінфармбюро за 19 снежня 1943 года – гэта паведамленне пра нашу работу. Я разам з іншымі воінамі прадстаўлены да дзяржаўнай узнагароды. А ўчора сябры павіншавалі мяне з павышэннем на адну зорачку. І ўчора загінуў мой лепшы сябар Ваня Курачкін…”
Гэта вытрымка з ліста, дасланага В. М. Юзікавым дамоў, у Калінінскую вобласць. Ліст прасякнуты болем і нянавісцю да ворага (чаго варты адзін дзеяслоў “драпалі”), настоены на любові да роднай зямлі і высокім пачуцці франтавога братэрства. Ліст Васіль Мікалаевіч заканчвае так, быццам ніякай вайны няма і ў паміне: “…Сяджу за сталом, гарыць капцілка, бабуля паслала свежай саломы, хлопцы спяць”.
Цалкам тэкст ліста захаваўся ў музейных аналах. А нядаўна высока ацэнены ліст В. М. Юзікава – экспанат як тып франтавога пісьма, напісанага на бяросце: ён унесены ў дзяржаўны каталог музейнага фонду Рэспублікі Беларусь, а значыць, залічаны ў спіс самых каштоўных экспанатаў.
Гісторыя ліста пачалася, вядома ж, з яго напісання. Пісаў яго афіцэр у перадышках паміж баямі. Ручка і чарніла знайшліся, а вось паперы не было. Тады наогул з паперай, і газетнай таксама (шмат паперы ішло на самакруткі для салдат) было складана, а тут белая бяроза пад акном…
“Сяджу ў бабулі, зайшоў да яе па дарозе ў шпіталь, – піша В. М. Юзікаў. –Пракляты асколак міны перабіў указальны палец правай рукі. Раненне несур’ёзнае, але яно на некалькі дзён вывела мяне з поля бою…”
Гэтая бабуля –  Белюсева Ефрасіння Сазонаўна. Згадвае воін і сына яе Косцю, якому было на той час 14 гадоў і які з неабдымнай радасцю сустракаў савецкіх салдат-вызваліцеляў. У сям’і “кармілі нас беларускай бульбачкай, а мы ж прыйшлі 11 лістапада галодныя, халодныя, брудныя, вашывыя. Палілі лазню  і абмывалі нас у лазні вясковай…”
А гэта ўжо з ліста, дасланага ў Мішневіцкую школу і датаванага 27 красавіка 1973 г. Да пісьма было далучана і тое, якое адразу ж стала рэліквіяй. Вучні школы шанавалі яе, і вось нарэшце прыйшло сапраўднае прызнанне: ліст – каштоўны музейны экспанат рэспублікі.
І апошняе. Супрацоўнікі Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея  трымалі сувязь з В. М. Юзікавым, ведалі, што ён працаваў у вагонным дэпо станцыі Пярова Маскоўскай чыгункі акумулятаршчыкам, што франтавік у баях пад Шаўляем, пасля вызвалення беларускай вёскі Бываліна, памятнай для яго, застаўся без нагі. Але потым, гэтая нітачка з воінам-франтавіком і яго сям’ёй абарвалася…
У кнізе “Памяць. Шумілінскі раён” франтавіку В. М. Юзікаву прысвечаны артыкул “Будні вайны”, дапоўнены лістом, дасланым на радзіму,  вытрымкай з ліста ў Мішневіцкую СШ, а таксама здымкам, датаваным жніўнем 1944 г.
Мікалай ШОСТАК.
Надрукавана ў №27 ад 08.04.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *