Про день сегодняшний и модернизацию на Обольском керамическом заводе

Новости Экономика

Пра мадэрнізацыю і дзень сённяшні
Пра мадэрнізацыю цэха №2 Обальскага керамічнага завода гаворка вя-дзецца ўжо даўно. Усе былі ўпэўнены ў тым, што толькі такі  крок можа  вывесці прадпрыемства з крызісу і адкрыць перспектыву развіцця. На керамічным  планамерна рыхтаваліся да мадэрнізацыі, на якую трэба 68 мільярдаў рублёў. Зразумела, што такую суму заводу “выцягнуць” было немагчыма. У пачатку года стала вядома, што грошы на мадэрнізацыю выдзеляць з інавацыйнага фонду абласнога выканаўчага камітэта. Завод атрымаў амаль 42 мільярды рублёў.
У канцы мінулага года адбыўся аўкцыён па набыцці абсталявання.  Выйграла аўкцыён тульскае прадпрыемства “Тэхнакераміка”. Быў заключаны дагавор на агульную суму амаль 17 мільярдаў рублёў.  У канцы сакавіка новае абсталяванне пачало паступаць ў Обаль. У маі плануецца яго мантаж.
А вось з аўкцыёнам, на якім разглядаліся прапановы кампаній па абсталяванні для рэканструкцыі тунэльнай сушылкі, было не ўсё так проста.  Як расказала галоўны эканаміст ОКЗ А. М. Скамарохава, пастаўшчыка –  грэчаскую кампанію “Sabo” – выбралі толькі з  трэцяга разу. Зараз на прадпрыемстве актыўна вядзецца работа па дагаворы з “Sabo”. Новае абсталяванне абыдзецца абальчанам у 51 мільярд рублёў, першыя пастаўкі плануюцца летам.  Як адзначыў галоўны інжынер ОКЗ С. А. Ляўшоў, мантаж новага абсталявання пачнуць восенню і прыкладна праз год мадэрнізаваны цэх пачне работу.
“На поўную магутнасць цэх №2 выйдзе ў 2016 годзе, – расказвае дырэктар ОКЗ П. І. Манак. – За год  цэх будзе вырабляць 30 мільёнаў штук цэглы. У 2013 годзе цэх №2 даў 21 мільён штук цэглы”. Будзе вырабляцца інавацыйная прадукцыя – цэгла з дабаўленнем аксіду жалеза, які пастаўляюць бясплатна з Віцебскай ТЭЦ.
Новае абсталяванне дазволіць знізіць сабекошт цэглы. Тэрмін акупнасці новага абсталявання, па прагнозных паказчыках, 5 гадоў.
Ёсць планы развіцця  цэха №1 і транспартнага цэха. За кошт уласных сродкаў плануецца купіць новую лінію ўкладкі цэглы на сушыльныя ваганеткі. Абнаўляецца і транспартны парк: сёлета набылі МАЗ, на чарзе – два аўтапагрузчыкі і кран.
На пачатак красавіка на заводзе працавала 436 чалавек (летась – 395). Было ліквідавана даччынае  прадпрыемства “Обальбуд”. Напярэдадні створаны будаўнічы цэх. Не застанецца без работы будаўнічы цэх і пасля мантажных работ: будзе займацца вырабам паддонаў,  шчытоў і тратуарнай пліткі.
Сярэдняя заработная плата за сакавік склала 3,5 мільёна рублёў (у сакавіку мінулага года было 2,5 мільёна рублёў). Найбольш вялікія заробкі ў садчыкаў і сартыроўшчыкаў (у сярэднім – 5 мільёнаў, а найбольш руплівыя атрымалі амаль 7 мільёнаў). Праўда, што тычыцца дзвюх названых прафесій, то тут пастаянны недахоп рабочых, людзі, нягледзячы на даволі годны заробак, не спяшаюцца сюды ўладкоўвацца. “Заработную плату, безумоўна, трэба павялічваць”, – упэўнены П. І. Манак.
Завод стабільна працуе. На абодвух цэхах арганізавана работа ў дзве змены. У сакавіку з канвеера выйшла больш чым 3,8 мільёны штук цэглы (124% да адпаведнага перыяду мінулага года).
Праўда пахваліцца выдатнымі фінансавымі паказчыкамі на керамічным пакуль што не могуць. Так, чыстыя страты з пачатку года склалі 4,5 мільярда рублёў, страты ад рэалізацыі – 2,1 мільярда, рэнтабельнасць  – мінус 15%. Сітуацыю тлумачыць А. М. Скамарохава: “Галоўная прычына – не сезон. Больш-менш пайшла работа дзесьці з сярэдзіны сакавіка. Ужо ў красавіку выйдзем на нармальныя паказчыкі: чысты прыбытак плануем за месяц у памеры каля 300 мільёнаў рублёў, прыбытак ад рэалізацыі – каля 600 мільёнаў рублёў, рэнтабельнасць – 6,3%. Упэўнена, што за паўгоддзе  выйдзем з прыбыткам”.  Зараз ОКЗ поўнасцю разлічваецца за электраэнергію і газ, што спажываюць. Праўда,  старыя даўгі не даюць нармальна развівацца. Але і ў гэтым накірунку назіраюцца станоўчыя зрухі. Аксана Мікалаеўна адзначыла, што сёлета прадпрыемства плануе поўнасцю разлічыцца з крэдытам “Беларусбанка”.  Зараз гатовай прадукцыі на складах крыху больш чым 500 тысяч  цэглы. Фактычна гэты запас можна рэалізаваць за тыдзень. Тут добра разумеюць, што зараз,  пакуль працуюць два цэхі, неабходна стварыць запас, каб задаволіць попыт пакупнікоў на обальскую цэглу, калі цэх №2 стане на мадэрнізацыю.
А тое, што прадукцыя ОКЗ карыстаецца попытам – факт бясспрэчны.    Галоўны замежны партнёр – Расійская Федэрацыя. З пачатку года ў Расію прадалі каля 4 мільёнаў штук цэглы. “Найбольш вялікі рынак збыту – Масква і Смаленская вобласць, – расказвае Павел Іванавіч. – Прадаём цэглу ў Калініградскую, Мурманскую, Пскоўскую і Бранскую вобласці.  Сёлета з’явіліся і новыя пакупнікі з Архангельскай і Іванаўскай абласцей”.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №31 ад 22.04.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *